Your browser doesn’t support HTML5
Квартал за кварталам зносіцца Козыраўскае прадмесьце. Раён станцыі Мінск-Паўднёвы. У гэтым дзіўным раёне надзвычай нетыповая для савецкай сталіцы тапаніміка. Козыраўская, Дачны завулак, Роменская, Лібава-Роменская, Вялікаморская. І дарэвалюцыйныя дамы, з высокімі вокнамі, з параднымі ўваходамі нагадваюць, што тут сяліліся людзі нябедныя. Ініцыяваў пабудову гэтага пасёлку для чыгуначнікаў начальнік Лібава-Роменскай чыгункі Козыраў.
Мне пашчасьціла пазнаёміцца з апошняй козыраўскай старажылкай, якая жыве тут усё жыцьцё. Лідзія Акушэвіч сёлета будзе сьвяткаваць 80-годзьдзе. Але ў часе размовы я абсалютна не адчуваў вялікай розьніцы ва ўзросьце. Столькі ў гэтай спадарыні маладой жвавасьці ў рухах, у голасе, у сьмеху.
— Станцыя гэтая, што цяпер «Мінск-Паўднёвы» была станцыя «Козырава». Там, дзе цяпер Маякоўскага, быў Чэрвеньскі тракт. У Козыраве было вельмі мала дамоў. Вось такі дом, як наш.
— Гэта было падобна да вёскі?
— Козыраў будаваў ад чыгункі дамы з парадным уваходам, з выхадам на тэрасу. А вакол поле голае. Дзе камвольны камбінат — голае поле.
Стары козыраўскі дом быў куплены бацькам маёй суразмоўніцы. У трыццатыя гады бацька служыў у НКВД. І, калі верыць словам старой мянчанкі, пад Менскам, у Волме часта бывалі бальшавіцкія правадыры.
— Тата мой быў энкавэдыст. Лейтэнант, ці хто. У Волме быў пабудаваны доўгі-доўгі, як барак, дом. Пакоі былі. Для Варашылава, для Мікаяна. І тата быў над гэтым адказны. Была сабакарня, яны ж на паляваньне хадзілі. Помню, па дарозе ідзе машына. Чорная. Адна, за ёй другая. Прыехалі. Дык Варашылаў майму тату падарыў імянную стрэльбу. І калі куплялі гэтую хату, тата прадаў стрэльбу.
— Гэта было месца для адпачынку?
— Летам рыбачылі. Хадзілі на паляваньне.
— А вы самі бальшавіцкіх правадыроў бачылі? Варашылава?
— Не. Але ў іх у кожнага быў свой пакой. І ў кожнага яго фатаграфія вісела ў пакоі. Варашылаў, Мікаян, Кагановіч. Усе яны прыяжджалі туды. У гэтую Волму.
Акрамя несавецкай архітэктуры і тапанімікі, Козырава было адметнае яшчэ адным фактам. Тут у акупацыю паўстала невялікая Сьвята-Мікалаеўская царква, якая дзейнічала і ў савецкім Менску. А разбурылі яе толькі падчас хрушчоўскага багаборніцтва.
— У час вайны была пабудаваная на Дачным завулку. Мы хадзілі, зьбіралі грошы. Яшчэ мая старэйшая дачка хрысьцілася ў гэтай царкве. Але ў 61-м годзе яе зьнесьлі. І мы да сёньняшняга дня шкадуем, што зьнесьлі такую царкву. Бацюшку помню. Іван Іванавіч. Такі прыгожы быў бацюшка. Усё казаў — Ліда, як будзеш замуж выходзіць, я цябе павянчаю бясплатна. Ой, які быў прыгожы сьвятар. Яна была драўляная, атынкаваная і пабеленая. Быў наверсе балькон для хору.
— І там была званіца?
— А як жа ж! А мы жылі на рагу. І нам было бачна з вакна. Як званы зазвоняць, людзі на вячэрню ідуць. Са сьвечкамі на Грамніцы. Ну, немцы ж і самі хадзілі. А тады, як Кубэ забілі, што тут тварылася! Бегалі, стралялі, гвалт быў. Шыбы білі, аўчаркі брэшуць. А мы хаваліся. А мама ж была сувязная з партызанамі.
Дом старой Акушэвічыхі перанесены са свайго законнага месца на другі бок чыгункі, бліжэй да могілак. А там, дзе ён колісь стаяў і дзе была царква, паўсталі бэтонныя шматпавярховікі. Але давайце завітаем на Козыраўскія могілкі.
Пагост заціснуты паміж аўтабазай і будаўнічай пляцоўкай новага раёну. На могілках мне трапіліся дзьве кабеты, якія даглядалі магілу. Жадаючы пачаць прыязную размову, я, здаецца, ляпнуў глупства.
— Прыгожа ў вас тут!
— Вось гэты с...? Вы прыедзьце летам. Калі на ўсім гэтым участку расьце баршчавік. І ўсім пас...на гэты баршчавік. Так прыгожа! І незразумела, нас зносяць ці ня зносяць.
— І тут пахавацца якія грошы трэба плаціць! Нашы родныя могілкі. Мы пражылі тут. Нашы дзяды-прадзеды пахаваныя тут. А калі хочаш пахавацца тут, то плаці. Ну як гэта так?
Могілкі закрытыя ў 1967-м годзе. Людзі працягваюць тут хаваць сваіх сваякоў. Але ўжо за грошы.
Вялікаморская вуліца ўпіраецца ў сымпатычны будынак вакзалу. Тут засталіся лічаныя жылыя дамы. Астатнія — руіны і папялішчы. Каля дарэвалюцыйнага дома стаіць і курыць сівы барадач.
— Што кажуць нам? Што можа вясковае кіраўніцтва нам сказаць? Яны горад зьнішчаюць, і ўсё. Асабліва старажытны. Гэта Санкт-Пецярбурскае будаўнічае таварыства забудоўвала гэты раён. Вось у гэтым доме жыў Міхалевіч. Дзед. Ён быў першым таксістам у Пецярбургу. Да рэвалюцыі! Тут будзе гандлёвы цэнтар.
— Гэта вас абрадавалі?
Што можа вясковае кіраўніцтва нам сказаць? Яны горад зьнішчаюць, і ўсё. Асабліва старажытны.
— Не. Яны нас, наадварот, не абрадавалі. 60 гадоў ужо гэты раён зносяць. Не даюць ні туды, ні сюды. Ні будавацца. Замест царквы дзіцячы сад пабудавалі. А пасьля зьнесьлі і дзіцячы сад.
— І пабудавалі дом.
— Лукашэнка ўжо туды ўлез. Гэта дом Упраўленьня справамі прэзыдэнта. На месцы царквы.
— Але тут быў свой мікраклімат? Тут людзі былі культурныя?
— Тут былі вельмі культурныя людзі. Напрыканцы 50-х, памятаю, Бровін жыў. Цудоўна граў на скрыпцы. Была ў яго і фісгармонія. Да рэвалюцыі ў яго мясныя рады былі. Выходзіў увесь час у фраку. Са скрыпкай, у фраку! А друг у яго быў, Дамінікоўскі, у таго быў бас. Гэты на скрыпцы зайграе, той выходзіць, пяе. Ён пеў цудоўна.
Даўно ўжо ў фраках тут ніхто ня ходзіць. Закінутыя дамы абжываюць новыя жыхары.
— Вунь там спалілі адзін дом бамжы. Тут таксама. Шыбы павыбівалі. Людзі зьехалі. Жытло ім далі. Ну што, нельга было разраўняць?
— Гэта ўсё ператвараецца ў бамжатнік.
— Канечне, у бамжатнік.
Але вернемся ў гасьцінны дом Лідзіі Акушэвіч. Вось яшчэ цікавы факт часоў акупацыі. Малодшы брат Лідзіі памёр ад запаленьня лёгкіх. Але не таму, што ў горадзе не было лекараў.
— Урачы прыяжджалі на такіх фургонах.
— Падчас акупацыі можна было выклікаць доктара?
—Так.
— Як сёньня хуткую дапамогу?
— Так. Там, дзе Дзянісаўская вуліца, там была амбуляторыя. Туды зьвярталіся, і ўрач прыяжджаў. Я гэта добра помню.
Як і многія іншыя мае апавядальнікі пра вайну, старая Лідзія з большай агідай узгадвае паліцаяў. На сям’ю афіцэра НКВД данесьлі. І яна магла загінуць вось у гэтым доме.
— У завулку жыў паліцай, Раманоўскі. І вось ён прыйшоў. А маленькі брат мой ужо памёр. Ён нас загнаў у пакой. Паставіў маму і нас. «Сука, падымай рукі ўгору». Мама падняла. А мы стаім і ня дыхаем. Ня плакалі. Нічога. Дастаў пісталет. «Ладна, сука, ня выйдзеш ты з маіх рук. Яшчэ столькі мух не перадохла, колькі я перабіў». Назаўтра нас вывезьлі ў партызаны. Не пасьпеў ён нас зьнішчыць. Напэўна, Бог над намі лётаў з анёлкамі. Мы засталіся жывыя.
— Вось у гэтым пакоі вы маглі загінуць?
— Так. Вось тут маму паставілі. А мы вось тут стаялі.
— Можна сказаць, другі дзень нараджэньня.
— Так.
Год сям’я была ў партызанскім атрадзе. І нават малая Лідзія зь сястрой выконвалі ролю сувязных. Але, як гэта часта бывае, сьведчыць пра свой удзел у вайне дзеля будучых ільготаў не дайшлі рукі.
— Да нас ніхто не прыходзіў і не пытаўся. Ня ведалі, што мы ўвогуле зь сястрой ёсьць на гэтым сьвеце. Ніхто намі не цікавіўся.
Паводле генэральнага пляну ад зацішных вуліц каля могілак не павінна застацца і сьледу. Бо тут мусіць прайсьці шырокая аўтадарога. Таму ўсе жывуць у трывожным чаканьні. Як і гэтая сустрэтая мною кабета.
— Кажуць, што будзе дарога ісьці. Але калі гэта будзе, ніхто ня ведае. Усе сядзяць — чакаюць. Чаго чакаюць? Мы б ужо даўно зрабілі рамонт. Нам прыйшлі паперы ўсім, што будуць зносіць. Карацей, ніхто нічога ня ведае.
Козыраўскае прадмесьце гарадзкімі ўладамі асуджанае на знос. І пра колішнюю ягоную гісторыю будуць сьведчыць толькі назвы вуліц. Такія нетыповыя для савецкага гораду...
http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=be&oe=UTF8&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&num=200&start=400&t=h&ll=53.866713,27.564225&spn=0.004555,0.013711&z=16&iwloc=lyrftr:msid:209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28,0004bead46f977b508f59,53.86565,27.562616,0,-32&output=embed
Падарожжы Свабоды
Падарожжы Свабоды