«Трэба змагацца з безадказнасьцю — экалягічнай і сэксуальнай»

«Чарнобыльскі шлях»-2012 адзначыўся інцыдэнтам падчас шэсьця на плошчу Бангалор.
Маладыя ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляху» спрабавалі адабраць вясёлкавыя сьцягі ў прадстаўнікоў гей-супольнасьці, якія далучыліся да калёны і рушылі разам зь ёй на плошчу Бангалор. Гей-актывісты мусілі выйсьці з калёны і рухацца ў хвасьце, заявіўшы, што гэта справакавалі актывісты «Маладога фронту». Сытуацыю камэнтуюць лідэр ЛГБТ-руху Сяргей Андросенка і намесьнік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка:

Сяргей Андросенка

Андросенка: «Па дарозе здарыўся інцыдэнт такі, што актывісты „Маладога фронту“ выхапілі ў нас два сьцягі і напалі на нашых актывістаў. А зараз падышоў арганізатар шэсьця і папрасіў нас стаць у хвост калёны. Нас не папрасілі сысьці, а папрасілі стаць у хвост калёны — ну, мы на такое згодныя. Я лічу, што гэты інцыдэнт сьведчыць пра тое, што нашае грамадзтва вельмі гамафобнае. Яно не ўспрымае таго, што розныя людзі заўсёды былі пры розных падзеях. І ніхто ні ў кога пры гэтым не правяраў сэксуальную арыентацыю. Мы ж выступаем супраць людзкой безадказнасьці. І калі зараз грамадзтва будзе чыніць гвалт адносна геяў і лесьбіянак, то гэта будзе маральным Чарнобылем. Мы перажылі адзін Чарнобыль, і цяпер мы павінны змагацца з чалавечай безадказнасьцю — экалягічнай і сэксуальнай».

Мікола Дземідзенка

Дземідзенка: «Калі казаць тэарэтычна, то такі інцыдэнт мог здарыцца, а калі казаць практычна, то трэба ўдакладняць сытуацыю — мне пра яе нічога невядома. Маё ж стаўленьне я выказаў яшчэ напярэдадні акцыі — мы былі супраць іх удзелу, мы былі ўвогуле супраць таго, каб беларускі нацыянальны апазыцыйны рух меў нешта супольнае з вычварэнцамі. Я выказваўся пра гэта неаднаразова і ня бачу сэнсу паўтарацца. Ня бачу сэнсу паўтараць словы маіх бліжэйшых паплечнікаў і сяброў Зьмітра Дашкевіча і Паўла Севярынца. Я ў гэтым пытаньні зь імі абсалютна салідарны. Я таксама расцэньваю ўдзел гэтай групы ў „Чарнобыльскім шляху“ толькі як правакацыю, і гэта відавочна».