Бандажэўскі: 50 гадоў радыяцыйнай экспансіі ў Беларусі

Юры Бандажэўскі

Госьць Свабоды – вядомы беларускі навуковец, заснавальнік і першы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, былы палітвязень, прафэсар Юры Бандажэўскі.
З 1999 па 2005 год Юры Бандажэўскі знаходзіўся за кратамі паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня, лічачы, што яго пакаралі за крытыку дзеяньняў уладаў Беларусі на заражаных землях.

Абламейка: Ці не зьмянілася за апошнія гады ваша стаўленьне да гаспадараньня на чарнобыльскіх землях? Можа, навука атрымала нейкія новыя зьвесткі, якія сьведчаць, што чарнобыльскай пагроза зьмяншаецца?

Бандажэўскі: Я сёньня чытаў сьвежую пошту і меркаваньні некаторых навукоўцаў з боку атамнага лёбі, што ўсё, што адбылося ў Чарнобылі – гэта прыдумка, ніякага шкоднага ўплыву няма... Я з гэтым, вядома, ня згодны. І чым больш я займаюся наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, тым больш разумею, наколькі цяжкая сытуацыя, наколькі вялікая небясьпека існуе для здароўя людзей. На жаль, павялічваецца колькасьць хворых на рак, на сардэчна-судзінныя хваробы, павялічваецца сьмяротнасьць. Можна канстатаваць наяўнасьць дэмаграфічнай катастрофы на тэрыторых, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Таму я прытрымліваюся той думкі, да якой прыйшоў ужо шмат гадоў назад.

АЭС – самае сапраўднае вар'яцтва


Абламейка: Як вы ставіцеся да будаўніцтва ў Беларусі АЭС?

Бандажэўскі: Я ўжо ня раз казаў, што гэтая зацея крайне небясьпечная для будучыні нашага народу. Нас ня так шмат. Вядома, наколькі высокія тэмпы мае зьмяншэньне колькасьці карэннага насельніцтва Беларусі з прычыны захворваньняў і сьмяротнасьці. І стварэньне новай крыніцы радыяцыі і ўсяго таго, што гэты працэс будзе суправаджаць, крайне небясьпечна. Я думаю, што гэта велізарная памылка. І сёньня, на жаль, у грамадзкасьці няма сур'ёзных сілаў, каб процідзейнічаць гэтай так званай «будоўлі веку». Я бачу, што цяпер ідуць размовы і пра другую АЭС у Беларусі... Я думаю, гэта самае спараўднае вар'яцтва.

Абламейка: Давайце яшчэ раз нагадаем для нашых слухачоў, якой рызыцы падвяргаюцца людзі, што знаходзяцца пад узьдзеяньнем чарнобыльскай радыяцыі.

Бандажэўскі: Асноўны фактар узьдзеяньня на людзей, якія жывуць на тэрыторыях, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, гэта радыяцыйныя элемэнты цэзій-137 і стронцый-90, якія паступаюць у арганізм з прадуктамі харчаваньня.

Паміраюць маладыя


Прадукты харчаваньня, якія атрымліваюць на тэрыторыях, заражаных радыяактыўнымі элемэнтамі, пранікаюць у арганізм, інкарпаруюцца ў жыцьцёва важныя органы – менавіта гэта мы паказалі сваімі дасьледаваньнямі – такія як сэрца, галаўны мозг, залозы эндакрыннай сыстэмы, і выклікаюць структурна-мэтабалічныя зьмены ў гэтых органах, якія прыводзяць да парушэньня функцыяў. З гэтым зьвязаныя і тыя хваробы, якія рэгіструюцца ў насельніцтва. Гэта ракавыя хваробы і сардэчна-судзінныя хваробы. Менавіта гэтыя хваробы штурхаюць у магілы многіх і многіх беларусаў. Вы ведаеце, наколькі шмат у нас памірае маладых людзей цяпер. І тэмпы гэтай сьмяротнасьці вельмі высокія.

Асабліва хвалюе здароўе будучых пакаленьняў. Таму што радыяцыйныя элемэнты нават у малых дозах маюць уласьцівасьць выклікаць мутацыі ў генэтычным апараце і ў наступных пакаленьнях мы назіраем высокую колькасьць дзяцей з уроджанымі парокамі разьвіцьця. Гэта парокі сэрца, парокі жыцьцёва важных органаў, твару, галаўнога мозгу. Гэта і пухліны ў дзяцей. Гэта і тое, што відаць цяпер. Варта гаварыць яшчэ і аб тым, што прычыны гэтага ўзьдзеяньня праяўляюцца ў жаночай і мужчынскай няплоднасьці, бо парушаецца фармаваньне жаночай і мужчынскай рэпрадукцыйнай сыстэмы. Калі так будзе працягвацца, дык пэрспэктывы крайне кепскія. І ўсё гэта зьвязана з тым, што ў арганізм людзей трапляюць радыяцыйныя элемэнты. Гэтаму спрыяюць санітарныя нормы, якія зацьверджаныя дзяржавай для прадуктаў харчаваньня. Калі дазволена троху менш за 100 бэкерэляў радыяцэзія на літар малака, то ўявіце, калі чалавек п'е малако кожны дзень, дык канцэнтрацыя цэзію ў арганізьме, адпаведна, вельмі імкліва расьце. А гэта вельмі небясьпечна для здароўя людзей. Я далёкі ад утрыраваньня сытуацыі, хацелася бачыць яе іншаю, але гэтага няма.

Абламейка: Калі б у Беларусі зьмянілася ўлада і вас паклікалі б у якасьці экспэрта даваць парады адносна чарнобыльскай праблемы, што б вы раілі рабіць уладам у галіне абароны насельніцтва і абыходжаньня з заражанымі землямі?

Бандажэўскі: Мне ўдалося знайсьці ў Эўропе людзей, якія разумеюць вастрыню праблемы. Эўрапейскі парлямэнт падтрымаў мае прапановы аб стварэньні Каардынацыйна-аналітычнага цэнтру экалёгіі і здароўя, які мы зарэгістравалі ва Ўкраіне, і які прапанаваў праграму або мадэль сыстэмы комплекснага жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва ў зоне радыяцыйнай забруджанасьці як базавую для распрацоўкі ўсіх захадаў дзеля абароны здароўя людзей. Адзін з самых важных захадаў – гэта кантроль за ўтрыманьнем радыяцыйных элемэнтаў у прадуктах харчаваньня, кантроль за ўтрыманьнем радыяцыйных рэчываў у арганізьме чалавека і прадухіленьне паступленьня радыяцыйных элемэнтаў у арганізм чалавека. Вось гэта крайне важная, крайне неабходная рэч. Прычым тут трэба кіравацца ня колькасьцю радыяцыйных элемэнтаў, пра якія нашы праціўнікі цьвердзяць, што яны бясьпечныя.

Само па сабе гэтае пранікненьне ў арганізм вельмі небясьпечнае. Гэта зусім іншае радыяцыйнае ўзьдзеяньне, чым зьнешняе радыяцыйнае ўзьдзеяньне. Таму што радыяцыйныя элемэнты ўкараняюцца ў жыцьцёваважныя, найперш энэргетычныя структуры такіх сыстэмаў, ад якіх залежыць жыцьцё чалавека.

Цэзій паражае ўсе органы


Свае рэкамэндацыі мы распаўсюджваем ня толькі на тэрыторыі былога СССР, але і, напрыклад, у Японіі – там, дзе ў гэтым ёсьць неабходнасьць. І рэкамэндацыі нашы тычацца найперш надзвычай жорсткага кантролю за дозамі радыяцыі. На нашу думку, ня можа быць бясьпечных дозаў радыяцыі. Бо радыяактыўны цэзій укараняецца ва ўсе жыцьцёва важныя сыстэмы адначасова, ён блякуе функцыі ўсяго арганізму. У гэтым яго небясьпека і злахітрасьць. Ён шкодзіць і сэрцу, і імунітэту, і эндакрыннай сыстэме. Натуральна, што ў такой сытуацыі арганізм чалавека робіцца зусім безабаронным. І яшчэ адна небясьпека ў тым, што адразу нельга вылучыць характэрнае захворваньне, таму што цэзій паражае ўсе органы, ён як бы блякуе нармальную жыцьцядзейнасьць арганізму і выклікае тыя найцяжэйшыя наступствы, якія мы маем. Таму тут неабходная важная другая рэч – разуменьне таго, што адбываецца ў арганізьме чалавека. Гэта тая база, на якой заснаваныя нашы дасьледаваньні для таго, каб эфэктыўна лячыць тых людзей, якія зазнаюць такое ўзьдзеяньне.

Гэта вельмі няпростая рэч. Яна ня можа грунтавацца на ранейшых дасьледаваньнях, якія сьцьвярджалі, што радыяцэзій пранікае толькі ў цягліцавыя тканкі, а ў іншыя органы ён не пранікае. Гэта тое, пра што было вядома да нашых гомельскіх дасьледаваньняў. А мы паказалі, што ён пашкоджвае ўсе жыцьцёваважныя органы і, паўтараю, адначасова. Я выдзяляю гэта як сындром інкарпараваных доўгажывучых радыяцыйных элемэнтаў. Вылучэньне гэтай паталёгіі дазваляе гаварыць аб спэцыфічных захадах аказаньня дапамогі, лячэньня, рэабілітацыі і прафіляктыкі.

Няма прапаганды абароны ад радыяцыі


Апрача таго, трэба вучыць людзей. А гэтае пытаньне, уласна кажучы, на высокім узроўні нідзе не уздымалася, каб прапаганда здаровага ладу жыцьця і абарона ад радыяцыі былі ўведзеныя ў дзяржаўную догму. Я спрабаваў гэта рабіць, калі працаваў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту, прапаноўваў праграмы аздараўленьня і інфармаваньня людзей аб тым, якая небясьпека хаваецца ў малых дозах радыяцыі, якія людзі атрымліваюць з прадуктамі харчаваньня. На жаль, вы ведаеце, чым гэта скончылася...

Дзяржаўная ўлада не пайшла на тое, каб устанаўліваць такія праграмы. І, як вы ведаеце, такога жорсткага, як мы прапаноўвалі, кантролю на заражанай тэрыторыі не існуе. Радыяактыўныя элемэнты разносяцца з прадуктамі харчаваньня ня толькі на гэтай тэрыторыі і паступаюць у арганізм людзей, але трапляюць і на ўмоўна чыстыя тэрыторыі.

Абламейка: А што вы параіце простым людзям, якія жывуць на заражаных тэрыторыях, як абараняцца ад пранікненьня ў арганізм малых дозаў радыяцыі?

Бандажэўскі: Я стаю на той пазыцыі, што рашэньне гэтага пытаньня павінна непакоіць перш за ўсё дзяржаву, бо толькі на дзяржаўным роўні можна эфэктыўна абараніць людзей. Калі будзе забарона на ўтрыманьне радыяактыўных элемэнтаў у прадуктах харчаваньня і кантроль за імі, дык натуральна, што людзі будуць больш абароненыя. Існуюць меры індывідуальнай адрадыяцыйнай абароны і цяпер мы ў нашым цэнтры якраз завяршаем падрыхтоўку новай кнігі «Абарона здароўя людзей ва ўмовах радыяцыйнага ўзьдзеяньня», дзе гэтыя меры мы апісваем і рэкамэндуем. Гэта адмысловая апрацоўка прадуктаў харчаваньня, яна вядомая, салявыя растворы, прыгатаваньне прадуктаў у салявых растворах, іншыя меры ачысткі. Натуральна, гэта зьніжае якасьць прадукта і гэта не панацэя. Самым эфэктыўным спосабам было б тое, каб людзі не кантактавалі з прадуктамі, якія ўтрымліваюць радыяактыўныя элемэнты. А гэта ўжо ў руках дзяржавы. Калі я чую, што тэрыторыя Беларусі, забруджаная радыяактыўнымі элемэнтамі, на чвэрць і болей у сваім аб'ёме засяваецца, і там атрымліваюць прадукты харчаваньня, якія ідуць няхай нават жывёле, усё адно ў выніку радыяактыўныя элемэнты даходзяць да людзей, гэта вельмі дрэнная, вельмі небясьпечная палітыка.

Абламейка: А я ня раз чытаў у беларускіх газэтах, што ў Беларусі нормы ўтрыманьня радыяцыі ў прадуктах харчаваньня нашмат больш жорсткія ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай.

Небясьпечных «нормаў» не існуе


Бандажэўскі: Жорсткія ці ня жорсткія, але для здароўя людзей яны небясьпечныя. Тым больш калі ўлічыць, што людзі паводле гэтых нормаў жывуць многія дзесяцігодзьдзі. 26 гадоў пасьля Чарнобыля, а да таго ніякіх нормаў не існавала, бо інфармацыя пра дачарнобыльскую радыяцыю адсутнічала афіцыйна. Паводле нашых зьвестак гэта ўжо 50 гадоў радыяцыйнай экспансіі на тэрыторыі Беларусі. І калі нават людзі атрымліваюць радыяактыўныя элемэнты згодна з тымі нормамі, напрыклад, малако – 99 бэкерэляў на літар – гэта норма санітарная лічыцца, а 100 ці 101 гэта ўжо перавышэньне, дык гэты рубеж абсалютна немагчыма кантраляваць, бо і 90 і 50 бэкерэляў на літар небясьпечна для здароўя, бо гэта выклікае паталягічны эфэкт.

Але ж мы бачым наступствы працы вось гэтых дзяржаўных органаў. Да чаго мы прыйшлі? Зусім неэфэктыўныя мэтады абароны здароўя людзей прывялі да таго, што ў нас вялізная сьмяротнасьць, адмоўны дэмаграфічны паказьнік, насельніцтва зьмяншаецца, у нас расьце колькасьць анкалягічных хворых і хворых на сардэчна-судзінную паталёгію, а гэта ўсё зьвязана з радыяцыйным узьдзеяньнем. Калі быць адказным за здароўе нацыі, трэба думаць пра тое, каб рабіць усё, каб гэтага не было. Трэба мяняць канцэпцыі і адыходзіць ад тых рашэньняў, якія прынятыя ў гэтым пляне. Калі б было ўсё добра і мы з вамі гаварылі ў 90-я гады, калі яшчэ нараджальнасьць была крыху вышэй, чым сьмяротнасьць, можна было б ставіць пытаньне: мае Бандажэўскі рацыю ці не. Але мы гаворым у 2012 годзе.

У 1993 годзе пасьля вынікаў першых дасьледаваньняў я ўжо пісаў запіску віцэ-прэм'еру Кеніку пра тое, што стан здароўя людзей крайне цяжкі. Але хто тады слухаў?

Я папярэджваў, што нацыя будзе ў небясьпецы, бо здароўе дзяцей крайне дрэннае. Зараз мы пераканаліся ў гэтым. І гэта вынік тых самых «нормаў».

Абламейка: Мне запомнілася адно ваша інтэрвію – здаецца часопісу «Дзеяслоў» – дзе вы казалі, што плямы радыяцыйнай заражанасьці тэрыторыі Беларусі ад выпрабаваньняў тактычнай ядзернай зброі на мяжы 50-х і 60-х гадоў супалі з плямамі ад радыяцыі чарнобыльскай. Іншымі словамі, Беларусь была заражана задоўга да Чарнобылю. Не маглі б вы нагадаць пра гэта?

Бандажэўскі: Гэты факт уразіў многіх, бо я ня проста сказаў, я паказаў гэтую мапу, якая была апублікаваная ў 1974 годзе ў кнізе Марэя і суаўтараў «Глябальныя выпадзеньні цэзія-137 і чалавек». Мапа была заснаваная на аналізе пробаў малака кароў на тэрыторыі беларуска-ўкраінскага Палесься, яна паказвае забруджанасьць тэрыторыі вельмі высокай колькасьцю радыяактыўнага цэзію ў малацэ ў Гомелі, у Берасьці. Той жа Пінск, Брагін, Хойнікі былі найінтэнсіўнейшым чынам забруджаныя радыяцэзіем у 1960-я гады.

Гэта я паказваў і ў парлямэнце Беларусі ў 1999 годзе, за два месяцы да свайго арышту. Таму калі пачалі маляваць чарнобыльскую мапу зонаў радыяктыўнага забруджаньня, а яе малявалі вельмі дрэнна, вельмі павярхоўна, яны натыкнуліся на дачарнобыльскую радыяцыю.

Дачарнобыльская катастрофа


Наступствы чарнобыльскай катастрофы зьліліся з наступствамі дачарнобыльскай катастрофы. Вось гэтага не хацелі чуць і не хацелі даваць гэтую інфармацыю ўлады Савецкага Саюзу, і гэтая кніжка была выключаная з усіх крыніц і бібліятэк. Мае вучні выпадкова знайшлі яе ў маленькай бібліятэцы пад Гомелем. І што цікава, зусім нядаўна, недзе месяцаў восем, у мяне брала інтэрвію расейскае выданьне «Совершенно секретно». Я казаў пра гэтую мапу. І што вы думаеце, гэтае інтэрвію зьявілася? Не. Яны сказалі, што ня могуць знайсьці гэтую кніжку, каб на яе спаслацца, у расейскіх бібліятэках. Як такое можа быць, калі копія гэтай кніжкі ёсьць у мяне і нават выстаўленая на нашым сайце Chernobyl-today.org. Разумееце, наколькі небясьпечная для іх гэтая інфармацыя.

Мапа з кнігі «Глябальныя выпадзеньні цэзія-137 і чалавек», 1974



Хачу зьвярнуць увагу, што ня толькі Беларусь была забруджаная, але і краіны Балтыі. Эстонія вельмі моцна забруджаная. Невыпадкова цяпер статыстыка рака страўніка па Эстоніі адна з самых высокіх у Эўропе. Ну і насельніцтва балтыйскіх краінаў сёньня таксама ў глыбокім дэмаграфічным крызісе, сьмяротнасьць вельмі высокая.

Для чаго я гэта кажу? Я зьвяртаю вашу ўвагу на тое, што наступствы Чарнобыльскай катастрофы мы яшчэ будзем бачыць у дэмаграфічным пляне, а ў экспанэнце – і вось гэтыя дачарнобыльскія ўзьдзеяньні. Вядома, чарнобыльскі фактар вельмі моцна ўзмацніў сытуацыю, абвастрыў яе, зьявіліся радыёэлемэнты хуткага распаду – ёд-131, які ў момант у спалучэньні з цэзіем выклікаў гэтую хвалю раку шчытавіднае залозы і іншыя паталёгіі. Але базавай для сёньняшняга стану здароўя людзей стала дачарнобыльская радыяцыя.

Чарнобыльскі фактар будзе праяўляць сябе ў наступных пакаленьнях яшчэ шмат-шмат-шмат гадоў. Таму каб ратаваць людзей, трэба прымаць сур'ёзныя кардынальныя меры.