Чаму беларускія ўлады сталі так хваравіта рэагаваць на эўрапейскія санкцыі?

Your browser doesn’t support HTML5

Кіраўніцтва Беларусі распачало кампанію супраць санкцыяў Эўразьвязу. Чаму ўлады памянялі тактыку? Якіх мэтаў яны хочуць дасягнуць? Ці атрымаюць улады жаданыя вынікі?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Чаму ўлады памянялі тактыку?


Валер Карбалевіч: «Больш за год беларускія ўлады ўсяляк рабілі выгляд, што эўрапейскія санкцыі для іх абсалютна ня важныя. Чыноўнікі казалі, што, маўляў, ня вельмі і хочацца ў тую Эўропу. Як вобразна выказаўся бізнэсовец Чыж, „мне гэтыя санкцыі да аднаго месца“. Мусіць, улады не хацелі акцэнтаваць увагу грамадзтва на санкцыях, каб не нагадваць людзям пра міжнародную ізаляцыю краіны.

І раптам усё памянялася. Недзе зь лютага-сакавіка ўлады зрабілі з пытаньня санкцыяў галоўную тэму ўнутранай і замежнай палітыкі і прапаганды. Пра гэта казаў неаднаразова Лукашэнка, папярэджваючы, каб ЭЗ не пераступаў нейкую чырвоную рысу. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Макей, міністар замежных спраў Мартынаў у сваіх заявах увязваюць вяртаньне эўрапейскіх паслоў з пытаньнем санкцыяў.

Гэтая тэма стала актыўна выкарыстоўвацца дзеля дыскрэдытацыі апазыцыі, незалежных прафсаюзаў. Падключаюцца працоўныя калектывы, падаюцца судовыя пазовы да апазыцыйных палітыкаў, якія выступаюць за санкцыі. Па дзяржаўнай тэлевізіі паказваюць абураных грамадзян. У чым прычына зьмены тактыкі ўладаў? Які сэнс у гэтай кампаніі?»

Паўлюк Быкоўскі: «Абмежавальныя мэры ЭЗ дайшлі да пэўнай мяжы, па-за якой яны пачалі хваляваць кіраўніцтва Беларусі. Да прыкладу, узгадайце, як баранілі ад унясеньня ў сьпіс Чыжа праз Славенію.

Заклік адмяніць правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі — асабісты выклік Лукашэнку. Гэта пытаньне ягонай рэпутацыі. Бо адмена чэмпіянату незаўважанай быць ня можа.

Таму ўлады вырашылі падсьцяліць саломку, захаваць твар, знайсьці плюсы ў гэтым дрэнным становішчы. Адзін з такіх плюсаў для ўлады — гэта дыскрэдытацыя апазыцыі. Санкцыі супраць беларускіх уладаў ЭЗ уводзіць не ўпершыню. Але раней апазыцыя публічна не заклікала да санкцыяў. І цяпер за санкцыі выступае толькі частка апазыцыі. Але ўлады абвінавачваюць у гэтым усю апазыцыю. Бо ідэя санкцыяў непапулярная ў шырокім грамадзтве. І гэтае дае ўладам карты для гульні».

Аляксандар Класкоўскі: «Мы назіраем клясычны прыклад, калі колькасьць пераходзіць у якасьць. Спачатку ва ўладаў быў пэрыяд бравады. Нават і незалежныя мэдыі пісалі, што гэтыя санкцыі — як камарыныя ўкусы, як мёртваму прыпарка.
І хай там у Брусэлі пяць разоў узважаць, ці варта ўзмацняць санкцыі, бо ў адказ мы датрушчым тут рэшту апазыцыі.

І раптам прыпякло. Бо ЭЗ пакрысе, мэтадычна ўзмацняў санкцыі, пачаў уводзіць элемэнты эканамічных санкцыяў. Гэта пачынае нэрваваць. Улады спужаліся, што калі так справа пойдзе далей, то запахне смажаным. І вырашылі прыняць меры ў адказ. Найперш гэта рэпрэсіі супраць „пятай калёны“. І хай там у Брусэлі пяць разоў узважаць, ці варта ўзмацняць санкцыі, бо ў адказ мы датрушчым тут рэшту апазыцыі. Другі кірунак змаганьня з апазыцыяй — піяраўскі. Адсюль такі масіраваны прапагандысцкі накат».

Апэляцыя да міжнароднай супольнасьці


Карбалевіч: «Улады распачалі кампанію ня толькі на ўнутраную аўдыторыю, але і на вонкавую. Беларускія дзяржаўныя прафсаюзы зьвярнуліся да ўсясьветнай прафсаюзнай супольнасьці. Праўладны саюз журналістаў апэлюе да журналісцкай супольнасьці. Аналягічныя заявы зрабілі саюз адвакатаў, саюз судзьдзяў. Улады сапраўды імкнуцца здабыць падтрымку замежнай грамадзкасьці?»

Быкоўскі: «Мне гэта нагадвае савецкую практыку. Але ў часы СССР быў падзел сьвету на „нашых“ і „ня нашых“. Таму заўсёды можна было знайсьці падтрымку сярод тых рэжымаў, якіх падкормлівалі.

І цяпер ёсьць антыамэрыканскія рэжымы. Можна пашукаць хаўрусьнікаў у Руху недалучэньня. У ААН дэмакратычныя рэжымы ў меншасьці.

Зразумела, такімі мэтадамі паўплываць на ЭЗ немагчыма. Але на беларускае грамадзтва гэта можа паўплываць. Афіцыйныя СМІ перададуць, што, напрыклад, замежныя прафсаюзы падтрымліваюць Беларусь. Кіроўная эліта працуе па старых савецкіх шаблёнах, якія ведае».

Класкоўскі: «Ня думаю, што гэтыя захады беларускіх уладаў знаходзяць шырокі рэзананс у сьвеце. Насамрэч гэтыя рытуальныя дзеяньні робяцца дзеля таго, каб узьдзейнічаць на недасьведчаную публіку ўнутры краіны.

Возьмем тую ж заяву Беларускага саюзу журналістаў. Вось маўляў, ЭЗ заціскае свабоду слова, падвойныя стандарты. Але ж беларускія ўлады дэпартуюць замежных журналістаў зь Беларусі, не ўпускаюць іх у краіну.

Гэта ўсё дубовы піяр. Гэта робіцца па адмашцы зьверху, кандова, па савецкіх лякалах. Цяпер гэта паўтараецца ў выглядзе фарсу. Здаецца, кампанія гэтая захлынулася. Бо акрамя двух судовых пазоваў ад імя „працоўных“ да апазыцыянэраў — болей няма. Калі Козік заяўляе, што мы будзем абараняць аўтараў гэтых пазоваў ад шальмаваньня, то фактычна ўлады расьпісваюцца ў паразе. Нягледзячы на вялізны прапагандысцкі апарат. Бо рабочыя ведаюць сапраўдную цану афіцыйным прафсаюзам і тым актывістам, якія падалі судовы пазоў».

Эфэкт ад кампаніі


Карбалевіч: «Мы ўжо пачалі разважаць пра тое, які эфэкт можа даць уся гэтая кампанія. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што насельніцтва хутчэй нэгатыўна ставіцца да заходніх санкцыяў увогуле, і асабліва да эканамічных санкцыяў. Напрыклад, паводле дасьледаваньняў НІСЭПІ, на верасень 2011 году эканамічныя санкцыі станоўча ацанілі 20%, а супраць выступае — 41%».

Быкоўскі: «Паўплываць на краіны Захаду гэтая кампанія ня зможа. А вось на беларускае грамадзтва пэўнае ўзьдзеяньне аказаць можа. Улады могуць скарыстаць гэтую тэму для зачысткі апазыцыі перад парлямэнцкімі выбарамі. Маўляў, апазыцыя хоча, каб беларускія заводы спынілі працу і г.д. Апазыцыі будзе цяжка давесьці сваю пазыцыю».
Улады могуць скарыстаць гэтую тэму для зачысткі апазыцыі перад парлямэнцкімі выбарамі.

Класкоўскі: «Пасьля таго як 23 красавіка рада ЭЗ не прыняла ніякіх балючых рашэньняў адносна Беларусі, пойдзе на спад напружаньне ў адносінах паміж Менскам і Брусэлем, і адначасова пойдзе на спад і гэтая прапагандысцкая кампанія. Мы можам казаць, што пэўных мэтаў беларускія ўлады дасягнулі, ЭЗ сьцішае танальнасьць, ідзе на кампрамісы. Бо санкцыі могуць толькі ўзмацніць рэпрэсіі ў краіне і прывесьці да поўнага вынішчэньня палітычнага поля ў Беларусі. Таму гэты грубы шантаж дзейнічае, як і пагрозы, што мы запусьцім у Эўропу нелегалаў».

Карбалевіч: «А можа, падзейнічала тое, што беларускія ўлады вызвалілі двух палітвязьняў?»

Класкоўскі: «Безумоўна. Толькі на полі кампрамісу можна разьвязаць гэты вузел. Гэты працэс будзе пакутлівы, цяжкі, будзе адбывацца гандаль палітвязьнямі ўраздроб.

Афіцыйная прапаганда імкнецца замаскіраваць першапрычыну санкцыяў. Яны ня ўзгадваюць, што прычынай санкцыяў сталі рэпрэсіі пасьля 19 сьнежня 2010 году, зьяўленьне палітвязьняў. Улады прапануюць экзатычныя вэрсіі, чаму ЭЗ увёў санкцыі: помста за інтэграцыю з Расеяй, за цьвёрдасьць пазыцыі. І даводзяць, што гэта апазыцыя наклікала санкцыі. І ў сьвядомасьці электарату нешта застаецца».