Чый гадзіньнік круцейшы?

Ільхам Аліеў, Мэхрыбан Аліева, Аляксандар Лукашэнка

Паводле азэрбайджанскай прэсы, гадзіньнік прэзыдэнта Ільхама Аліева каштуе нібыта 800 000 даляраў. Гадзіньнік Лукашэнкі журналісты ацэньвалі ў значна больш сьціплую суму.
Прэс-служба прэзыдэнта Азэрбайджану распаўсюдзіла інфармацыю ў сувязі з артыкулам у газэце «Азадлыг» аб кошце наручнага гадзіньніка прэзыдэнта Аліева.

«Доўгі час газэта» Азадлыг «распаўсюджвае недакладныя і ў шмат якіх выпадках абразьлівыя і правакацыйныя публікацыі аб прэзыдэнце Азэрбайджану Ільхаме Аліеве. У выпуску газэты ад 24 красавіка 2012 г. была апублікаваная неабгрунтаваная, няслушная інфармацыя пра тое, што Ільхам Аліеў быццам бы носіць наручны гадзіньнік за 800 тыс. даляраў.

У сувязі з гэтым паведамляем, што прэзыдэнт Ільхам Аліеў носіць просты і недарагі гадзіньнік, выраблены са звычайнага мэталу. Паколькі спадар прэзыдэнт ад прыроды зьяўляецца сьціплым чалавекам, то і ў жыцьці, і ў паводзінах заўсёды аддае перавагу прастаце.

Калі газэта „Азадлыг“ ня выбачыцца на працягу 3 дзён з моманту публікацыі ілжывай інфармацыі, будзе зроблены зварот у суд для вырашэньня пытаньня ў прававой плашчыні».

Разам з тым, прэс-служба Ільхама Аліева не ўдакладняе марку і кошт гадзіньніка, які носіць прэзыдэнт Азэрбайджану.

Газэта «Азадлыг», у сваю чаргу, спаслалася на тое, што дадзеную інфармацыю ўзяла з блогу моладзевай актывісткі Вафы Джафаравай.

Некалькі гадоў таму ў прэсе, на здымках, зробленых фатографамі незалежных СМІ, блогеры разгледзелі гадзіньнік Лукашэнкі, ідэнтыфікаваўшы яго як швайцарскі гадзіньнік Patek Philippe Calatrava 5120j, які нібыта каштуе амаль 16 тысяч даляраў, або 11 тысяч эўра.

У калекцыі наручных гадзіньнікаў Уладзімера Пуціна — мадэлі знакамітых швэйцарскіх брэндаў Breguet, Patek Philippe, гадзіньнік A.Lange&Sohne ды іншыя, кошт якіх ад 20 тысячаў даляраў і вышэй.

Нядаўна скандал узьнік у Маскоўскай патрыярхіі, пасьля таго як у прэсу патрапілі здымкі гадзіньніка Патрыярха Маскоўскага Кірыла за 30 тысяч эўра. Патрыярхія на сваім сайце з дапамогай фоташопу замазала гадзіньнік, за што потым выбачалася, патлумачыўшы гэта непаразуменьнем.

Сярод сусьветных лідэраў можна адзначыць кошт наручнага гадзіньніка, які носіць прэзыдэнт ЗША Барак Абама — Jorg Gray 6500 Series Chronograph за $ 315.