Марголін: «Ніколі пытаньне пра ад’езд кваліфікаваных спэцыялістаў не стаяла так востра»

Леў Марголін

Аляксандар Лукашэнка сёньня таксама закрануў і эканамічную сфэру. Ён заявіў, што Беларусь ня будзе ствараць перашкодаў для перамяшчэньня працоўнай сілы ў межах адзінай эканамічнай прасторы. Паводле ягоных словаў, за першы квартал 2012 году з Беларусі на заробкі ў Расею зmехалі прыкладна 1600 кваліфікаваных спэцыялістаў.

Эканаміст Леў Марголін лічыць: кіраўнік дзяржавы не ад добрага жыцьця выказаўся па гэтай тэме:

«Сытуацыя вымушае яго гаварыць на гэтую тэму. Бо ніколі пытаньне пра ад’езд кваліфікаваных спэцыялістаў зь Беларусі не стаяла так востра. І тыя лічбы ў паўтары тысячы, якія назваў Лукашэнка, яны, вядома, ніяк не адпавядаюць рэчаіснасьці. Насамрэч гэтыя лічбы можа сьмела памнажаць на 10 і нават на 50.

І яшчэ чаму ён загаварыў на гэтую тэму. Таму, што няма чаго рабіць. Тут адзіная існуе альтэрнатыва — ствараць новыя працоўныя месцы. І ня проста новыя, а такія, якія можна параўноўваць з тымі, куды паехалі беларусы. А гэта — і ўмовы працы, і адпаведная кваліфікацыя, і годная аплата. Зрабіць гэта значна цяжэй, чым сказаць, што мы ня будзем перашкаджаць, няхай едуць і шукаюць сабе там заробак».