Фізык-ядзершчык Лепін: АЭС у Беларусі не пабудуюць

Грамадзкае аб'яднаньне «Экадом» распаўсюдзіла інтэрвію зь вядомым фізыкам-ядзершчыкам, прафэсарам, доктарам тэхнічных навук Георгіем Лепіным.

Навуковец перакананы: у мірных мэтах у сёньняшнім сьвеце атамныя рэактары не будуюць. Проста словазлучэньне «мірны атам» засыпляе пільнасьць абывацеля і маскіруе сапраўдныя мэты. Напярэдадні 26-й гадавіны трагедыі Чарнобыльскай АЭС прафэсар дзеліцца сваімі высновамі аб прычынах, прагнозах і наступствах рашэньня Лукашэнкі будаваць Астравецкую АЭС.

Ёсьць два міты аб атамнай энэргетыцы, кажа Георгі Лепін: па-першае, шырока насаджаецца паняцьце мірнага атаму, якога папросту не існуе; па-другое, шырока распаўсюджваецца інфармацыя пра нібыта бясьпеку сучасных АЭС.

Няма ў сьвеце бясьпечных АЭС. І не бывае атам мірным


«Тлумачыцца гэта проста: у атамшчыкаў грошай шмат. І, карыстаючыся шырокай падтрымкай дзяржавы, у шматлікіх кнігах, артыкулах, тэле- і радыёперадачах пераконваюць нас у тым, наколькі добрыя і карысныя атамныя станцыі. Пры гэтым замоўчваюць беды, якія тыя нясуць, пазьбягаюць казаць аб сваіх памылках і праліках, аб небясьпечным уплыве атамнай індустрыі на жывую прыроду і чалавека.

Што ж тычыцца экалягічнай бясьпекі, то ў сьвеце папросту НЕ існуе экалягічна бясьпечнага тыпу ядзернага рэактара. Атамная энэргетыка – гэта тэхналёгія высокай рызыкі. Небясьпека ядзерных інцыдэнтаў на АЭС у 15 разоў вышэй, чым на ЦЭЦ на прыродным газе».

Каб чужыя баяліся


Георгі Лепін

«Будаўніцтва і першай, і другой АЭС у Беларусі падаюцца як рашэньні палітычныя. Хоць станцыя – гэта гаспадарчы аб'ект. Аб'ект нешта павінен выпрацоўваць і нешта павінна выкарыстоўвацца ў гаспадарцы. Таму казаць пра тое, што гэта палітычнае рашэньне, – ужо непрыстойна.

Эканамічных падстаў для будаўніцтва АЭС у Беларусі няма ніякіх, няма ў нас такой патрэбы ў электраэнэргіі. А калі б яна была, то пытаньне лёгка вырашыць за кошт мадэрнізацыі станцый цеплавых. У Беларусі ўсе ЦЭЦ, за выключэньнем адной у Воршы, не мадэрнізаваныя, там выкарыстоўваюцца старыя тэхналёгіі. А калі Аршанскую ЦЭЦ перавялі на новыя пара-газавыя тэхналёгіі – то і прадукцыйнасьць адразу павялічылася на 40%, і сабекошт на столькі ж зьнізіўся. Мадэрнізацыя ЦЭЦ абышлася б у раз 5-10 таньней за будаўніцтва АЭС і, такім чынам, зь непараўнальна меншымі выдаткамі, за вельмі кароткі прамежак часу: на мадэрнізацыю трэба ня больш за 2 гады, а на будаўніцтва атамнай станцыі сыдзе ня менш за 10-15.

Паводле ўсіх паказьнікаў мадэрнізацыя ЦЭЦ непараўнальна выгаднейшая.
Значыць, прычына ў іншым. І рашэньне – сапраўды палітычнае. Думаю, нашаму кіраўніку захацелася дэманстрацыі сілы. Дэманстрацыі, зьвернутай навонкі».

Чаму АЭС дэманструе сілу?


Таму што «Гэта першы крок да стварэньня атамнай зброі. Брудная бомба – гэта звычайнае выбуховае рэчыва, вакол якога разьмяшчаецца адпрацаванае рэактарнае паліва. І тады, пры выбуху, ізатопы раскідваюцца на велізарную тэрыторыю і тэрыторыя зьнікае. Гэтая бомба страшней за звычайную атамную.
І дзеля дэманстрацыі гэтай схаванай пагрозы Беларусь залазіць у даўгі, бярэ крэдыт, аддаваць які – няма чым. Людзей, якія маюць досьвед у праектаваньні, у кантролі за ўсім гэтым – у нас няма. І кадраў будаўнікоў такога роўню, як тут патрабуецца, – таксама няма. Нам кажуць: «мы ў інстытутах рыхтуем». Гэта ўсё глупства. Сур'ёзным спэцыялістам-атамшчыкам чалавек становіцца не пасьля навучаньня, а калі хаця б гадоў 10 папрацуе ў гэтай галіне. Ня варта казаць пра хлапчукоў і дзяўчынках-выпускнікоў, – такія спэцыялісты здольныя рабіць толькі тое, што зроблена ў Чарнобылі».

Прагноз Георгія Лепіна


«Я ўпэўнены, што Беларусь не пабудуе і першую АЭС, а ўжо пра другую няма чаго казаць.

Сумны досьвед катастрофы на Чарнобыльскай АЭС паказаў: маштабы наступстваў ядзернай аварыі такія, што эканамічнага патэнцыялу адной дзяржавы недастаткова, каб забясьпечыць радыяцыйную абарону ўсяго насельніцтва краіны. Чарнобыльская аварыя ўжо прывяла народ Беларусі да найцяжэйшых страт, і любое дадатковае радыяцыйнае ўзьдзеяньне і забруджваньне тэрыторыі рэспублікі, зьвязанае з разьмяшчэньнем на ёй АЭС, здольнае зрабіць гэтыя страты і наступствы катастрафічна незваротнымі».