Маладыя палітыкі аб’ядналіся супраць выбараў

Моладзь шэрагу партыяў і рухаў выпрацавала адзіную плятформу дзеяньняў у кампаніі байкоту парлямэнцкіх выбараў у Беларусі «Ігнор-2012».
Моладзевыя актывісты шэрагу партыяў і рухаў выпрацавалі адзіную плятформу дзеяньняў у кампаніі байкоту парлямэнцкіх выбараў пад назваю «Ігнор-2012». Галоўная мэта аб’яднаньня — наладзіць эфектыўны байкот і даць прыклад для перайманьня палітыкам старэйшага пакаленьня.

У склад кааліцыі «Ігнор-2012» увайшлі «Малады Фронт», кампанія «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», моладзь «Эўрапейскай Беларусі», партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая грамада», «Маладыя дэмакраты» — моладзевае крыло АГП і «Зьмена» — моладзь руху «Гавары праўду». Іх прадстаўнікі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведамілі пра мэту аб’яднаньня і працу ва ўмовах агульнай плятформы.

Мікола Дземідзенка

Намесьнік старшыні «Маладога Фронту» Мікола Дземідзенка: «Мы, моладзь, вырашылі, што будзе вельмі добра, калі мы сфармуем агульную пазыцыю ад асноўных моладзевых арганізацый, якія рэальна дзейнічаюць, і заявім пра супольныя дзеяньні, пра тое, што мы маем агульнае бачаньне парлямэнцкіх выбараў і ўсяе сытуацыі ў краіне. Мы гатовыя да байкатаваньня выбарчага фарсу, які ўлады называюць парлямэнцкімі выбарамі».

Маладыя палітыкі заяўляюць, што нельга правесьці справядлівыя выбары ва ўмовах дыктатуры, калі за кратамі знаходзяцца палітвязьні, застаецца недэмакратычным выбарчае заканадаўства. Кааліцыя «Ігнор-2012» — гэта таксама ўзор для перайманьня палітыкам старэйшага пакаленьня, якія пакуль ня маюць адзінай пазыцыі наконт дзеяньняў падчас выбарчай кампаніі.

Прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Сяргей Казакоў: «Глупства ўдзельнічаць у выбарах, калі самыя папулярныя палітыкі застаюцца за кратамі альбо ня могуць прымаць удзел у выбарах з-за нязьнятай судзімасьці. Гэта можна параўнаць з выхадам на рынг са зьвязанымі рукамі. Спадзяемся таксама, што нашае аб’яднаньне стане прыкладам для старэйшага пакаленьня палітыкаў. Аднак мы не зьбіраемся нікога штурхаць лоб у лоб, бо найважнейшым павінен быць вынік».
Гэта можна параўнаць з выхадам на рынг са зьвязанымі рукамі.

Маладыя палітыкі заяўляюць, што гатовыя байкатаваць парлямэнцкія выбары праз вулічныя акцыі, флэш-мобы, інфармацыйную кампанію, заклікі ня браць удзелу ў выбарчай кампаніі і фіксаваць парушэньні падчас яе правядзеньня. Аднак «Ігнор-2012» ня мае на мэце супрацьстаяньня магчымым удзельнікам выбараў. Кааліцыя адкрытая для супрацоўніцтва з усімі дэмакратычнымі палітычнымі сіламі краіны.

Адзін зь лідэраў «Зьмены» — моладзевага руху «Гавары праўду» Павал Вінаградаў: «Моладзь „Зьмены“ ўпэўненая, што выбараў у краіне не было з 1994 году, таму і ня варта ставіцца да іх сур’ёзна. Дакладна — нашая арганізацыя плянуе даволі жорстка „адсьцябацца“ над будучымі падзеямі. Хацелася б сказаць таксама пра адносіны да тых, хто не за байкот: мы не зьбіраемся кідацца камянямі за тое, што яны будуць удзельнічаць у выбарах. Нашая пазыцыя такая, што абы ўсё гэта пайшло на карысьць».

Актывісты моладзевага аб’яднаньня «Ігнор-2012» таксама спадзяюцца на падтрымку міжнароднай супольнасьці, у тым ліку на адмену чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі