Лавышык і Кумейку аштрафавалі на паўтара мільёна за «дробнае хуліганства»

Маскоўскі раённы суд Менску разгледзеў адміністратыўныя справы Маргарыты Лавышык і Крысьціны Кумейкі.
Абедзьвюм прысудзілі штраф 15 базавых велічыняў (паўтара мільёна рублёў) паводле артыкула 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства).

Пасьля суду ў Маскоўскім РУУС дзяўчатам аддалі рэчы, і сярод іх кампутар.Сябры суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" цьвердзяць, што кампутар быў падрабязна правераны спэцслужбамі і зь яго вынялі ўсё асабістае ліставаньне.

Маргарыта Лавышык распавяла карэспандэнту "Свабоды", што яе і сяброўку Крысьціну Кумейку аштрафавалі нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы.

"Нас забралі з дому. Яны адчынілі ключамі дзьверы кватэры, увайшлі і адразу мяне забралі разам зь сяброўкай. Атрымалася так, што сяброўка выйшла на вуліцу і міліцыянты адабралі ў яе ключы. Потым нас пацягнулі ў машыну без тлумачэньня прычынаў і таго, куды нас вязуць. Адзінае, што казалі: "У лес, расстраляць". Нас вазілі спачатку вакол дома, а потым павезьлі ў Маскоўскі РУУС. Недзе да адзінаццатай вечара мы сядзелі ў пастарунку. А потым нас павезьлі на Акрэсьціна. Там нас трымалі ўдваіх у халоднай камэры. Мы яшчэ пасьпелі папрасіць у РУУС, каб нам купілі вады. А там не давалі ніякіх цёплых рэчаў. Там было вельмі холадна, і мы ня спалі. Другія суткі ўжо ня спалі, ня елі. І толькі вось выйшлі".

Паводле Маргарыты, разгляд справы ў судзе цягнуўся літаральна пяць хвілінаў.

"Вельмі хутка. Мы нібыта нецэнзурна лаяліся, бязь сьведак. Я пацьвердзіла, што лаялася, і яны далі штраф".

На пытаньне, чаму яна пагадзілася з абвінавачаньнем, Маргарыта сказала:

"Бо пагрозы былі рэальныя, асабліва адносна мяне. Быў вельмі вялікі прэсінг. Яны, груба кажучы, хацелі павесіць на мяне ўсе дзеяньні Вячаслава Дзіянава. То бок каб я была саўдзельніцай. Пакуль абышлося, але абяцалі, што, не даходзячы да дома, я магу зноў… каб ня выехала ў Польшчу. Пагрозы такія былі, што і расстраляюць, і затрымаюць, і заб'юць, і закапаюць. Чаго там толькі не было. Нацярпелася разам зь сяброўкай вельмі многа чаго. Мая сяброўка таксама праходзіла за нецэнзурную лаянку, але з палітычнага пункту гледжаньня больш распытвалі пра мяне".

Вячаслаў Дзіянаў цьвердзіць, што Маргарыта ня ўдзельнічала ў кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", не займалася палітычнай дзейнасьцю і ў дзень затрыманьня якраз зьбіралася ехаць да яго ў Польшчу. Ён называе гэта помстай уладаў праз родных і каханых людзей тым, да каго яны самі ня могуць дацягнуцца. Ён кажа, што Маргарыту затрымалі за тое, што яна ягоная дзяўчына:

"Я думаю, што гэта наўпрост зьвязана з маёй дзейнасьцю, бо Маргарыта не зьяўляецца апазыцыйнай актывісткай. І я думаю, што такім чынам яны наўпрост хацелі паўзьдзейнічаць на мяне. Але мы будзем далей працаваць, і такім чынам нас складана спыніць. Я думаю, што гэта зроблена зь дзьвюма мэтамі. Першая – гэта нагнятаньне ўсеагульнага страху. Такая задача ў іх пастаўлена, і яны гэта робяць адмыслова і наўмысна. Другая – гэта зноў жа падражніць Эўразьвяз. Рэпрэсіі накіраваныя на гэта, каб была максымальная эскаляцыя ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ".

18 красавіка ў кватэру, дзе Маргарыта Лавышык, дзяўчына аднаго з каардынатараў кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслава Дзіянава жыве разам са сваёй сяброўкай Крысцінай Кумейкай, уварваліся пяцёра невядомых. Маргарыту, якая размаўляла праз скайп зь Дзіянавым, схапілі і вывелі з кватэры. Увесь дзень ніводнае сілавое ведамства не прызнавалася ў тым, што Маргарыта была затрымана. Вядома, што яе кампутар старанна праверылі. Была вынята ўся перапіска асабістага характару.

Позна ўвечары дзяўчаты знайшлася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму па вуліцы Акрэсьціна.


Вячаслаў Дыянаў і ягоная дзяўчына Маргарыта Лавышык.
Фота з Фэйсбука Дыянава


Дзіянаў: Пачынаюць ціснуць праз блізкіх мне людзей