Адвакат Каваленкі: Яго ніяк ня лечаць

Сяргей Каваленка, фота ад лютага 2012.

17 красавіка зь Сяргеем Каваленкам у псыхіятрычнай лякарні ў Навінках сустрэўся ягоны адвакат. Жонка актывіста Алена Каваленка распавяла пра тое, што зараз адбываецца зь яе мужам.
«Што ён сказаў? Што Сяргей яшчэ выглядае дрэнна, застаецца вельмі схуднелым. Настрой у яго, канечне, палепшыўся, але ніякага лячэньня яму не аказваецца. Фактычна ён туды кінуты проста на выжываньне. Ніякага лекаваньня і кантролю над станам унутраных органаў яму не аказваюць. Аналізы яшчэ ня зробленыя — ва ўсякім разе, пра гэта яшчэ не сказалі. Таму я б хацела, каб яго хутчэй адправілі ў цывільны шпіталь, бо ягонае жыцьцё яшчэ застаецца пад пагрозай. Бо кантролю ад мэдыкаў за ягоным станам няма. Наколькі я ведаю, яго там нават ня ўзважылі. Выжыве — добра, ня выжыве… Там толькі за ім назіраньне».

Паводле рашэньня Віцебскага абласнога суду, які разглядаў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі, на пачатку красавіка актывіст быў зьмешчаны ў «Навінкі» дзеля комплекснай псыхіятрычнай экспэртызы. Зь сярэдзіны сьнежня да канца сакавіка зь перапынкам на 20 дзён Сяргей Каваленка трымаў галадоўку пратэсту, за час якой схуднеў да 45 кіляграмаў.