Увесь азначаны тэрмін у друку не зьявілася аніводнага радка Галубовіча-паэта. І вось — нечаканка: у бібліятэчцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выйшаў у сьвет новы паэтычны зборнік Леаніда «З гэтага сьвету». Да чаго творца дамаўчаўся — ён раскажа ў нашай перадачы.
— Леанід, пасьля такога працяглага маўчаньня што змусіла цябе ізноў загаварыць у рыфму?
— Якраз рыфмы ў мяне цяпер сустракаюцца ўсё радзей і радзей. Але гэта так, да слова. Паспрабую адказаць вобразна. Вось уявім сабе — жыў вернік, прававерны парафіянін. Стала хадзіў у свой храм. Біў паклоны і маліўся свайму Богу. А тут раптам пачалі навальвацца на яго хваробы і розныя іншыя беды. Ён штодня моліцца і просіць Бога пра дапамогу, а нягоды тым часам яго яшчэ большыя адольваюць. І, у адрозьненьне ад біблейскага Іова, ён не вытрымлівае, расчароўваецца ў боскай сіле, ды пачынае шукаць панацэю ад сваіх бедаў іншым чынам і ў іншых месцах... Але неўзабаве абрушваецца на яго жыцьцё вялікая трагедыя. Адным словам — край жыцьця... І чалавек зноў вяртаецца да свайго Бога, як да апошняй інстанцыі, да апошняй магчымай надзеі. Бо да каго ж яшчэ?! А што да канкрэтнага адказу, то скажу шчыра: я на той час быў абсалютна ўпэўнены, што як паэт выдыхся — ні запалу, ні натхненьня, ні энэргіі. Таму — і кінуў пісаць вершы.І спакойна бязь іх жыў цэлых дзесяць гадоў. Ды аднойчы, едучы ў трамваі, пад рытмічны перастук чыгунных колаў прыйшлі ў маю галаву паэтычныя радкі. І я іх дома занатаваў, сам ня ведаю, навошта. Адным словам — слова за слова...
Сам для сябе вырашыў, будуць зьяўляцца вершы — ціхенька набірацьму
Найбольш раздражняе агульнае аскезнае ўтрапеньне што да парушэньня Галубовічам клятвы непісаньня, а не цікавасьць да мастацкай вартасьці яго вершаў ...
іх адным файлам у кампутарную памяць. А там — мо калі хто й прачытае... Але і тут выйшла асечка. Не ўтрымаўся і прагаварыўся блізкім людзям. І чутка паціху папаўзла... Пачалі ўгаворваць зрабіць публікацыю, выдаць кніжку. І я даў слабіну... Я ж па натуры вельмі дабрадушны. Вось, калі б мне прапанавалі зрабіць нейкае паскудзтва, будзьце пэўныя, я таго не зрабіў бы, чаго б тое мне ні каштавала. А гэта ж, мяне пераконвалі, — дабро... Ну і вось маю такі боль. Ці шкадую пра гэта? Бадай, не надта. Бо ўсё, як пішуць мудрыя людзі, ідзе само па сабе, з Божай волі. Найбольш раздражняе агульнае аскезнае ўтрапеньне што да парушэньня Галубовічам клятвы непісаньня («мы ж казалі!»), а не цікавасьць да мастацкай вартасьці яго вершаў, калі, вядома ж, яна ёсьць.
— Што мне як чытачу адразу кінулася ў вочы ў новай кнізе — вершы паштучныя, яны глядзяцца як хутары, прымусова сьселеныя ў вёску. Скажам, такім вершам-хутарам падаецца мне «Дом пры могілках». Ці не зрабілі 12 гадоў маўчаньня цябе яшчэ большым аднаасобнікам?
— Большым аднаасобнікам мяне ўжо можа зрабіць толькі сырая зямля... Але хай бы з гэтым Гасподзь ня надта прысьпешваў, бо нават у гэтай сваёй, можна сказаць, сьвядомай адзіноце я адчуваю сябе маленькай пясчынкай вялікага тварэньня жыцьця. А ведаеш, магчыма, якраз з-за адной падобнай пясчынкі некалі сама Бабілёнская вежа развалілася... Усе гэтыя вершы высьпявалі ў галаве, тады і такімі, як прыходзіў іх час. Ня буду спрачацца адносна тваёй высновы пра аднаасобнасьць вершаў, бо, на мой погляд, яны сапраўды дзіўным чынам знайшлі адзін аднаго толькі ў кніжцы і тым зьнітавалі яе. Гэта зборнік маіх духоўных пошукаў сваёй чалавечай існасьці. Як напісалася ў вершы «Беспрытульныя словы»: «Як тое словам напісаць, /
што выйшла з-пад улады слова, / нібыта нешта ў сьне сказаць / ці з будучага ці з былога. / Ты толькі можаш мармытаць, / узьняўшы вочы на нябёсы, / нібы намогшыся спытаць / у Бога прапісныя лёсы / тых самых слоў, што з-пад Яго / апекі вымкнулі і ўлады, / наўпрост жадаючы таго, / каб ты ўладаў і даў ім рады».
— У другім вершы з новай кнігі ты пішаш: «Над воляй мэтафар — маральны закон, і ўзьлёты прыземлены самацэнзурай». У час, калі ў нас ізноў зьявілася цэнзура, на якое ліха сябе яшчэ і самацэнзурай абмяжоўваць?
— Тут мелася на ўвазе ўзроставае (набытае на генным узроўні і ў пражытым мной
Я не магу сёньня напісаць пра каханьне наўпрост гэткімі ж словамі як, да прыкладу, Віталь Рыжкоў ці Марыя Мартысевіч ...
часе), якое можна назваць падсьвядомым. Я, скажам, не магу сёньня напісаць пра каханьне наўпрост гэткімі ж словамі як, да прыкладу, Віталь Рыжкоў ці Марыя Мартысевіч, хоць часам і карціць. Але я стрымліваю сябе. Альбо, яшчэ чатырнаццаць гадоў таму я мог напісаць і нават прачытаць на Радыё Свабода верш «Нянавісьць»... Як для мяне сёньняшняга, гэты верш, калі не цынічны ў адносінах да пераважнай бальшыні беларускіх людзей, то вульгарны адназначна. Цяпер я так не напісаў бы, бо перад сваім чалавечым конам дзень за днём раблюся ўсё больш маральным чалавекам. Вось што тут мелася на ўвазе. А калі ты робіш тонкі намёк пра адсутнасьць у гэтай кніжцы вершаў адкрытага грамадзкага гучаньня, патрыятызму, набатнасьці, то такія вершы адсутнічаюць тут толькі таму, што яны не пастукаліся ў маю душу. Ты ўкладальнік анталёгіі беларускай паэзіі «Краса і сіла». Дык вось, паспрабую сказаць прыгожа і амаль афарыстычна: мне ў гэтых вершах хацелася не красы і ня сілы, а паразуменьня душы і розуму, каб тая сіла красу не пакасіла... А як атрымалася — чытачу меркаваць.
— Спэцыяльна хачу назваць дзьве лічбы: 4000 і 300. Першая лічба — наклад тваёй кнігі «Споведзь бяссоннай душы» (1989), другая — наклад зборніка «З гэтага сьвету». Паэзія страчвае свайго чытача, і паэты ідуць на розныя хітрыкі, каб гэтага чытача ня страціць. Ладзяцца крыклівыя слэмы, выдаюцца календары з паэтамі ў стылі ню... Якое тваё стаўленьне да гэткіх спосабаў прыцягнуць да паэзіі грамадзкую ўвагу?
— На гэтае пытаньне відочны адказ нашага з табой часу. Тут паэты ні пры чым. Яны былі і ёсьць. Пісалі і пішуць. Ня горш і ня лепш, а роўна так, як дадзена кожнаму зь іх талентам. Супастаўленьне лічбаў — гэта не супастаўленьне паэтычных набыткаў. Можна напісаць пяцьдзясят кніжак, як, скажам умоўна, Марыніна ці Варонін, а можна і адну — як Венядзікт Ярафееў ці Максім Багдановіч. Дарэчы, і прачытаць іх могуць і тысяча, і дзесяць чалавек. Але ж якія гэта будуць непараўнальныя чытачы! Мы ж добра ведаем, што цывілізацыя, лічы — зямное жыцьцё, трымаецца максымум на 5% чалавечага інтэлекту. Я чамусьці думаю, што гэтыя адсоткі выхоўваліся, зноў жа, умоўна кажучы, не на крыклівым паэце 20-х гадоў Паўлюку Шукайлу...
Безумоўна, тэхналягічнае разьвіцьцё адсоўвае на другі плян гуманітарныя набыткі, якія, на думку вучоных мужоў, тармозяць працэс росту і запавольваюць
Таму чалавек павінен шукаць гармонію паміж жыцьцём і сьмерцю, паміж зямлёй і небам ...
эвалюцыю... Але ж яны, нібы лякмусавая паперка, выяўляюць выдаткі навуковых нанатэхналёгій. Выяўляючы патэнцыяльнае зло і спрабуючы прышчапіць маральную і духоўную ўстойлівасьць. Чалавек ўжо навучыўся рознымі спосабамі выжываць у канкрэтным часе, але хто навучыць яго выжываць у вечным часе? На гэта здольныя толькі творчасьць і высокае мастацтва. Таму чалавек павінен шукаць гармонію паміж жыцьцём і сьмерцю, паміж зямлёй і небам. І паэзія тут не апошні чыньнік. Калі ж казаць пра надзённую канкрэтыку, то паглядзі на нашых маладых літаратараў. Яны на сёньняшні час глядзяць больш прагматычна і, з гэтай прычыны, больш аптымістычна. Яны ня толькі твораць, але, у адрозьненьне ад нас, народжаных пры савецкай сыстэме з комплексамі таго ж часу, яшчэ і дзеюць, гэта значыць, наколькі можна, прасоўваюць сваю творчасьць, а заадно і нацыянальную мову і культуру, груба кажучы, у масы (хай яна і вымяраюцца дзясяткамі ці максымум сотнямі). І нам ня трэба ставіць ім палкі ў колы, а ў нечым быць нават удзячнымі. Ці хоць бы проста не перашкаджаць.
Вядома ж, мы можам з многімі іх ідэямі і мэтадамі не пагаджацца. Ну, дык давайце спрачацца, палемізаваць, шукаць кропкі сутыкненьняў і кампрамісаў, але бяз позы, узаемных абразаў і лаянкі. Мы ж робім адну справу — беларускую! Я ўпэўнены ў гэтым. Вось днямі з задавальненьнем прачытаў у ЖЖ Андрэя Хадановіча вывешаны ім парыскі цыкль вершаў. Яшчэ ня так даўно я ставіўся да яго трохі скептычна, лічыў, што для свайго паэтычнага ўзросту ён занадта, скажам так, загуляўся... А тут — проста цудоўныя вершы! Паэзія. Я рады за яго.
— Магчыма, ад недахопу кіслароду ці яшчэ нечага літаратура сёньня даволі млявая. Як на маё суб’ектыўнае адчуваньне, і паэзія сучасная страчвае сваю ранейшую пасыянарнасьць. А на тваю думку, ці стае сёньня нашай паэзіі жыцьцядзейнай энэргіі?
— Ну, безумоўна, сёньня літаратары не адыгрываюць той ідэалягічнай ролі, як тое было за савецкім часам, і па вялікім рахунку, асабліва не прэтэндуюць на яе. Яны спадзяюцца толькі на чытача. Чытач жа, які ні ёсьць, таксама спадзяецца на высокамастацкую літаратуру... Тымі спадзяванкамі пакуль яшчэ і жывыя. А што да жыцьцядзейнай энэргіі... У нас і сёньня дастаткова паэтаў з высокай энэргетычнай актыўнасьцю, зараджанасьцю на трыбуннасьць і публічнае змагарства. Гэта і Ўладзімер Някляеў, і Славамір Адамовіч, і тыя, хто ім насьледуе... Але я прыхільнік паэтаў-думаньнікаў і спавядальнікаў. Хоць і эмоцыі мне не чужародныя, калі яны натуральныя. Таму мне бліжэй Алесь Разанаў і Алесь Чобат... Трэба прызнаць, што літаратура агулам, найперш сам літаратурны працэс цяпер запаволены і лякалізаваны. Гэта ад непрымальнай творчымі людзьмі палітычнай і грамадзкай сытуацыі ў краіне, кансэрвацыі культурнага, нацыянальнага і моўнага пытаньняў — той сфэры жыцьця, без якой мастацкая і літаратурная творчасьць заміраюць і гінуць.
— Тыдзень таму мне давялося быць у Кіеве і сустракацца з украінскім славутым паэтам Дмытром Паўлычкам. Мяне ўразілі яго словы: калі Януковіч увядзе ва Ўкраіне дзьве дзяржаўныя мовы, я вазьму ў рукі зброю!.. Дзесьці ў сеціве я бачыў здымак: Галубовіч з кулямётам. Пры якіх умовах ты, чалавек памяркоўны, рашыўся б на нейкія радыкальныя дзеяньні?
— На радыкальныя дзеяньні я рашыўся б тады, калі б роднай мовы пазбаўлялі мяне асабіста (у маім зборніку, дарэчы, і чатырохрадкоўе на гэты конт ёсьць: «Што скажаш ты, калі цябе маўчаць прымусяць?»). Як пісаў Уладзімер Караткевіч, «а зломіцца аб сталь клінок апошні — ну што ж? Тады ўжо можна і бруском». Напраўду, радыкальныя дзеяньні не ў маёй натуры. На што я здольны, дык гэта на духоўны супраціў і ўнутранае супрацьстаяньне з тымі, хто чыніць зло нада мной ці над грамадзтвам, у якім я жыву. Гэтай дыспазыцыі і прытрымліваюся.
— Ледзь не штовечар па БТ — рэпартажы з добраўпарадкаваных аграгарадкоў. Ведаю, што апошнім часам ты часта бываеш у сваім Вароніне на Клеччыне... Уяві, што ты ізноў, як калісьці, працуеш на тэлебачаньні. Які рэпартаж, пра што ты зрабіў бы са сваёй вёскі?
— Я зрабіў бы рэпартаж пра нашы могілкі — бадай, адзінае добраўпарадкаванае і сьветлае месца ў вёсцы. На тых могілках больш маладых людзей, чым сярод жывых жыхароў некалі стадваровай галасістай вёскі... Там волатам-ахоўнікам стаіць амаль двухсотгадовы дуб, які, хоць і моцна падсох ужо , але ў траўні зноў раскрые зялёны шацёр сваёй шырачэзнай кроны, укрываючы сваім ценем памерлых ад абыякавасьці і цемрашальства жывых.
Прэзэнтацыя кнігі Леаніда Галубовіча «З гэтага сьвету» адбудзецца 18 красавіка ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры (Траецкае прадмесьце). Пачатак а 17.00.