Хто ўзарваў мэтро? XXХ Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Здымак камэраў вонкавага назіраньня

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Аўтар працягвае аналіз нестыковак у вэрсіі сьледзтва


Сярод відэаматэрыялаў у справе аб выбуху ў мэтро ёсьць і відэа зь віцебскага чыгуначнага вакзалу, датаванае 10 красавіка 2011 году. Раніцай таго дня Дзьмітрый Канавалаў зь цяжкай спартовай торбай у руцэ зьявіўся на вакзале, праседзеў пэўны час у залі чаканьня і выйшаў з будынка да плятформы, каб ісьці да цягніка на Менск. У судзе гэтыя здымкі паказалі аднымі зь першых сярод відэаматэрыялаў.

Далейшы шлях Канавалава ў Менск адсочваўся з дапамогай ягонага тэлефона. У судзе агаласілі дадзеныя тэлефоннай кампаніі пра званок з мабільнага Канавалава на мабільны Кавалёва па дарозе ў Менск. Далей павінен быць быццам бы менскі вакзал... Але паказалі толькі плятформу, па якой Канавалаў ішоў зь цяжкай торбай чорнага колеру. А наступнае відэа пра Канавалава і Кавалёва — гэта былі знаёмыя ўсім беларускім тэлегледачам кадры, на якіх два хлопцы праносяць праз турнікет мэтро чорную торбу. А дзе ж іх легендарная сустрэча на менскім вакзале?

Раблю наўмыснае перабольшваньне, ужываючы слова «легендарная», каб падкрэсьліць яе сапраўды вялікую значнасьць для вэрсіі сьледзтва, прычым і для перамогі гэтай вэрсіі. Бо, калі верыць зьвесткам сьледзтва пра тую сустрэчу, то кожнаму, хто за ёй назірае, стане відавочна, што Дзьмітрый Канавалаў заявіўся ў Менск зь нейкай схаванай мэтай, а ня проста папіць зь сябрам гарэлкі ды сустрэцца са знаёмай з інтэрнэту.

Хоць мы ўжо распавядалі пра гэтую сустрэчу, варта будзе паўтарыцца. Зноў жа ў двух варыянтах.



Першы — на судзе. Паводле паказаньняў Уладзіслава Кавалёва, сустрэць свайго сябра Дзьмітрыя Канавалава каля цягніка, як дамаўляліся, ён ня змог з элемэнтарнай прычыны — спазьніўся. Таму адразу пайшоў у галоўны вэстыбюль вакзалу, дзе пасярод залі ўбачыў Канавалава. Побач зь ім на падлозе стаяла торба. Тады Кавалёў набліжаецца да сябра, яны вітаюцца, і тут ён хапае торбу Канавалава і спрабуе падняць яе ды ўскінуць на плячо. Але торба цяжкая, і Кавалёў спускае яе долу.

Далей удвух, кожны за сваю лямку, яны нясуць торбу да падземнага пераходу, заходзяць у мэтро і трапляюць на відэа, калі мінаюць турнікет. «Вы сябе на гэтым відэа пазнаяце?» — запытаўся ў Кавалёва пракурор Стук. «Пазнаю», — адказаў Кавалёў. Апазнаў ён на відэа і Канавалава. Але пракурор не адчапіўся: «А чаму вы апусьцілі торбу і потым панесьлі яе разам з Кавалёвым? Раз ужо паднялі, дык і несьлі б далей, за плячом? » Кавалёў на гэта нічога лягічнага не патлумачыў. Апусьціў, і ўсё. А потым панесьлі разам.

А зараз другі варыянт той жа сцэны — паводле паказаньняў Кавалёва на сьледзтве. Там усё тое самае да моманту, калі ён падняў торбу і пачаў ускідаць яе на плячо. У гэты момант, паводле Кавалёва, сябар сказаў яму, каб асьцярогся, бо там бомба. Вось менавіта таму Кавалёў і не панёс далей торбу адзін, а яны ўзялі яе кожны са свайго боку за лямкі і асьцярожна рушылі да мэтро. А на шляху да падземнага пераходу, нібыта, Канавалаў разгарнуў падарункавую паперу, якой была замаскіраваная бомба, і Кавалёў убачыў бутлі, запоўненыя жоўтай выбухоўкай.

На вакзале ў Віцебску, дзе выбуху ў 2011 годзе не было, нічога ня сьцерлі, у менскім мэтро ня сьцерлі, кадры з плятформы ня сьцерлі. А вось на самім вакзале — сьцерлі. Дзіўна...

Мяркую, што першы варыянт сустрэчы Канавалава і Кавалёва ўсё ж нават вонкава адрозьніваўся б ад другога варыянту, хоць зразумела, што гук на гэтае відэа не трапляе, а на вялікай адлегласьці пагатоў нічога было б не чуваць. Але з паўзаў, жэстыкуляцыі можна было б зразумець, што адбываецца. Прыкладам, што чалавек нечым азадачыўся, я ўжо не кажу — спалохаўся, што было б натуральна. Мяркую, паглядзеўшы відэа, мы лягчэй маглі б зразумець, дзе хлусіў Кавалёў, на сьледзтве ці на судзе. І з выгляду Канавалава падчас гэтай сустрэчы можна было б меркаваць, прыехаў ён сустрэцца зь сябрам ці па нейкай «сакрэтнай» справе.

Дзіўна, але відэа сустрэчы Канавалава і Кавалёва на менскім вакзале 10 красавіка сьледзтва не знайшло — або не палічыла патрэбным дадаць гэтую стужку ў матэрыялы справы. Паводле крыніцы, блізкай да суду, сьледчыя спаслаліся на тое, што спазьніліся зьвярнуцца з запытам на Менскі чыгуначны вакзал, дзе такія відэафайлы захоўваюцца нібыта толькі тры дні. Карацей, калі зьвярнуліся, файлы ўжо сьцерлі. На вакзале ў Віцебску, дзе выбуху ў 2011 годзе не было, нічога ня сьцерлі, у менскім мэтро ня сьцерлі, кадры з плятформы ня сьцерлі. А вось на самім вакзале — сьцерлі. Дзіўна.

Дарэчы, паводле той жа крыніцы, запыт да адміністрацыі вакзалу быў накіраваны ажно ў 20-х чыслах красавіка. Параўнайце: паказаньні пра сустрэчу на вакзале ў сьледчых былі ўжо 13 красавіка, але чамусьці яны не пасьпяшаліся замацаваць іх доказам у выглядзе відэа. Мяркую, прычын тут можа быць некалькі.

Застаўся, праўда, і чацьвёрты варыянт — што сустрэчы на вакзале ўвогуле не было. Кавалёў у такім варыянце на сьледзтве казаў тое, што яму загадалі казаць, а на судзе спрабаваў гэтыя паказаньні павярнуць у больш выгадны для сябе бок....

Першая — ужо згаданая непаваротлівасьць ці неахайнасьць сьледчых. Забыў сьледчы адправіць запыт ці нешта пераблытаў, вось і не пасьпелі. Бывае. Далей, каб схаваць ад начальства гэты пракол, пра адсутнасьць відэа з вакзалу проста маўчалі.

Другая прычына — атрыманае відэа аказалася невыразным, дрэннай якасьці, яно пэўна ні пра што ня сьведчыла. Маю на ўвазе, што на вялікай адлегласьці было не разабраць ані жэстаў, ані мімікі, і таму для праверкі паказаньняў Кавалёва яно аказалася непрыдатнае. Але, зь іншага боку, калі б было хоць якое відэа зь менскага вакзалу, няўжо б сьледчыя ад яго самі адмовіліся? Відэа засьведчыла шлях Канавалава зь Віцебску да месца злачынства, і ў гэтым ланцугу ніводнае зьвяно ня можа быць лішнім, хіба ня так?

Трэці варыянт — відэа даказала тое, пра што казаў на судзе Кавалёў. Што ён проста па-сяброўску хацеў дапамагчы, калі падымаў торбу на плячо, але торба аказалася цяжкая, і далей яны панесьлі яе ўдвух. Нічога звышскладанага, звычайная жыцьцёвая сытуацыя.

Застаўся, праўда, і чацьвёрты варыянт — што сустрэчы на вакзале ўвогуле не было. Кавалёў у такім варыянце на сьледзтве казаў тое, што яму загадалі казаць, а на судзе спрабаваў гэтыя паказаньні павярнуць у больш выгадны для сябе бок. Маўляў, хоць і нёс торбу, але ведаць ня ведаў, што ў ёй. У гэтым варыянце сьледчым трэба было б прыдумаць, чаму ім не ўдалося знайсьці відэа сустрэчы. Гэтак і мог узьнікнуць адказ — маўляў, спазьніліся, прашляпілі.

Але калі сустрэчы Канавалава і Кавалёва на менскім вакзале не было, то адкуль узяўся Кавалёў, які на відэа з мэтро нясе разам з Канавалавым цяжкую торбу 10 красавіка? Таму ня менш праўдападобнай за вэрсію сьледзтва варта лічыць і вэрсію Кавалёва, выкладзеную ў судзе: што ён проста дапамагаў сябру несьці цяжкую торбу, не распытваючы пра яе зьмесьціва.


Меркаваньне

З інтэрвію: «Іван Шыла: «У нашай частцы падазроны ня мог навучыцца выбуховай справе»


Літаральна празь некалькі дзён пасьля тэракту маладафронтавец Іван Шыла паведаміў, што пазнаў на відэа з мэтро ў чалавеку з торбай свайго таварыша па службе К. (гэтак да зьяўленьня афіцыйных дадзеных пра арыштаванага пазначалі ў мэдыях Дзьмітрыя Канавалава). Вось вытрымка з інтэрвію для Радыё Свабода, якое я ўзяў у Івана Шылы 20 красавіка 2011 году.

Пытаюся ў Івана Шылы, ці пазнаў ён свайго таварыша па службе К. на відэа, якое ў інтэрнэце фігуруе як прадстаўленае сьледзтвам:

— Так, 99%, што гэта ён. На першым кавалку дрэнна бачна, але на апошнім, калі ён выходзіць з мэтро пасьля выбуху, там дакладна ён. Малаверагодна, што нехта гэтак да яго можа быць падобны.

— Зараз шмат хто зьдзіўляецца, чаму тэрарыст, які сплянаваў і ажыцьцявіў такое злачынства, гэтак неразумна сябе паводзіў пасьля. «Засьвяціўся» на відэа, не зьмяніў вопратку, увогуле ня зьехаў недзе далёка, а пайшоў піць гарэлку. Калі тэрарыст — сапраўды твой таварыш па службе К., ці гэта можна патлумачыць нейкімі ўласьцівымі яму асаблівасьцямі?

— Не, я не магу. Я не экспэрт. Для мяне галоўнае пытаньне, калі гэта сапраўды ён, — якая была ягоная матывацыя. Прыкладам, ведаючы яго, мне ня вельмі верыцца ў агучаны матыў, што ён хацеў забіць як мага больш людзей. Бо быў ён такі ўсё ж трохі баязьлівы, безыніцыятыўны. Плюс, калі ідзе гаворка пра нейкую групу людзей, якая ўсьведамляла, што яны робяць, калі гэта была плянаваная акцыя, то я б не сказаў, што ён меў нейкія асаблівыя лідэрскія якасьці, каб пераканаць людзей зьдзейсьніць злачынства, якое прадугледжвае сьмяротнае пакараньне. Але, з другога боку, калі я даведаўся, што яго арыштавалі, то нешта падказала, што сам ён мог гэта зрабіць. Хоць нават цяжка сказаць, што дакладна.

Іван Шыла згадаў пра свайго калегу па службе, што той выяўляў нядрэнныя веды ў хіміі, асабліва ў тым, з чаго складаюцца тыя ці іншыя рэчы. Таксама К., паводле Івана Шылы, сам заводзіў размовы пра выбух у Менску ў 2008 годзе на Дзень незалежнасьці. «Пытаўся, што я пра гэта думаю, хто б гэта мог быць і ці зловяць злачынцаў». Калі б ня арышт, пра тыя размовы ён бы, магчыма, і не згадаў, мяркуе Іван Шыла.

Іван Шыла ведае з інтэрнэту, што днямі быў затрыманы і бацька К. — гадзіньнікавы майстар. Нагадаю, паводле афіцыйных крыніц выбуховае прыстасаваньне, якое грымнула ў Віцебску ў 2005 годзе, было начыненае дэталямі ад гадзіньнікаў. Зараз у інтэрнэце зьявіліся зьвесткі пра тое, што ў доме К. у 2005 годзе праводзіўся ператрус — тады абшуквалі кватэры ўсіх гадзіньнікавых майстроў гораду. Ці чуў што пра гэта Іван Шыла ад свайго таварыша? Паводле Івана Шылы, К. альбо ўвогуле не распавядаў пра сваіх родных, альбо казаў такое, што ніяк не запомнілася.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было


Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «West»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка