Галадоўка дэпутатаў БНФ: ці магло быць інакш?

11 красавіка 1995 году дзевятнаццаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ абвясьцілі галадоўку ў Авальнай залі з пратэстам супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага-сьцяга і герба “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Фота Сяргея Грыца і Лявона Дзейкі

У ноч з 11 на 12 красавіка дэпутаты былі зьбітыя людзьмі ў чорных масках і выкінутыя з парлямэнту (гэта было зафіксавана сьледчым па асабліва важных справах генэральнай пракуратуры, усяго ў “апэрацыі” бралі ўдзел больш як 600 байцоў і афіцэраў).

Гэта – факты, якія ўжо ўвайшлі ў найноўшую гісторыю Беларусі, яны падрабязна апісаныя. Таму свой тэкст я хачу прысьвяціць не пераказу даўно вядомых фактаў.

Некалькі тыдняў таму прачытаў заяву, зьмешчаную на сайце “Маладога Фронту” і прысьвечаную Сяргею Каваленку, які абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга: “Сяргей Каваленка дэманструе галадоўкаю большую прынцыповасьць і нязломнасьць чым дэпутаты ад БНФ у 1995 г. напярэдадні ганебнага рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі. Гісторыя ня любіць умоўнага ладу, але ў далёкім 95-ым годзе падобная галадоўка хаця б аднаго дэпутата магла б сарваць прасоўваньне Лукашэнкам савецкай чырвона-зялёнай анучы”.

Апошня частка гэтага абзаца мяне зьдзівіла – няўжо, падумаў, “маладафронтаўцы” нічога ня ведаюць пра нашую галадоўку – і не аднаго, а 19-ці дэпутатаў?

Аказалася, ведаюць.

“Дэпутатаў было дастаткова напужаць праз «маскі-шоў» ад спэцназу і выштурхнуць за межы парлямэнту”, – гаворыцца ў заяве.

Напачатку я думаў адказаць “маладафронтаўцам" кароткай рэплікай, нагадаўшы, што “маскі-шоў” было – і гэта зафіксавана сьледзтвам генпракуратуры – вельмі жорсткім зьбіцьцём, як пазьней прызнаўся генэрал Кез, афіцэрамі групы КДБ “Альфа”. Хацеў параіць ім прачытаць хаця б стэнаграму сэсіі ВС пасьля начных падзеяў ці газэты тых часоў, і яны б даведаліся, што дэпутаты БНФ пасьля зьбіцьця занялі да Лукашэнкі пазыцыю яшчэ больш жорсткую – у той час як некаторыя цяперашнія куміры “маладафронтаўцаў” працягвалі верна яму служыць, у тым ліку і адмываючы ягоныя дзеяньні на міжнароднай арэне, аж да восені 1996-га. І хацеў парыраваць іхнімі ж аргумэнтамі – маўляў, дастаткова было засудзіць Дашкевіча і Палажанку, каб запужаць астатніх у “Маладым Фронце”, бо – дзе яны, шматсоценныя мітынгі МФ?

Але потым прыгадаў параду Быкава, які неяк сказаў мне: “Калі ў нейкім тэксьце сумняваецеся -- хай ён паляжыць ноч, а раніцай правільнае рашэньне само прыйдзе”.

Слушная парада – праз кароткі час я зразумеў, што лідэры МФ так казалі не з жаданьня зьняважыць, бо не магло, не павінна было ўзьнікнуць такога жаданьня, а з-за няведаньня фактаў. І, што асабліва важна – неразуменьня кантэксту таго часу. Пра прычыны такога няведаньня цяпер разважаць тут ня буду.

Зрэшты, не яны першыя: яшчэ некалькі гадоў таму Мікола Статкевіч (а ён якраз добра памятаў падзеі 1995-га, бо нават заляпіў аплявуху аўтару тэлевізійнага пасквілю), выказаўся ў тым сэнсе, што дэпутатам трэба было працягваць галадоўку.

Дык вось паколькі такія меркаваньні час ад часу гучаць (пытаюцца ў мяне пра гэта і ў Facebook) – іх варта прааналізаваць.

Я ня буду аспрэчваць гераізм Сяргея Каваленкі – ён бясспрэчны. Паўтару тое, што я нядаўна сказаў у перадачы “Белсату” – чын, які зьдзяйсьняе цяпер Сяргей Каваленка, ставіць яго ў шэраг герояў нацыі, у якім стаіць імя Кастуся Каліноўскага.

Але маладыя палітыкі разважаюць у катэгорыях канкрэтных, пераводзяць маральнае паняцьце гераізму ў сфэру рацыянальную, палітычную – прыгадваючы менавіта вынікі рэфэрэндуму. Гэта значыць тое, што адбылося на выбарчых участках і было зафіксавана ЦВК. Таму я буду абапірацца на канкрэтныя факты і канкрэтныя рэаліі таго часу.

Прапановы Лукашэнкі пачалі "правальвацца".
Калі рацыянальна, дык наша галадоўка была якраз вельмі эфэктыўнай, бо адразу пасьля яе пачатку, калі мы селі перад прэзыдыюмам і глядзелі ў вочы іншым дэпутатам – яны перасталі галасаваць за прапанаваныя Лукашэнкам пытаньні рэфэрэндуму. Прапановы Лукашэнкі пачалі "правальвацца". Менавіта таму мы і былі зьбітыя і выкінутыя з Авальнай залі.

Працягваць галадоўку ў Авальнай залі мы не маглі (нас бы адтуль вынесьлі, , пра што і было заяўлена: калі сядзем - адразу вынесуць з Авальнай залі, акуратна, але вынясуць. Прычым вось гэта зрабілі б гэта пад прамую тэлетрансьляцыю -- і большасьць гледачоў паставілася б да нашых дзеяньняў гэтак, як цяпер у Украіне ставяцца да мардабіцьця ў Вярхоўнай Радзе. Вось гэта быў бы сапраўды падарунак уладам).

Гаворка, як я разумею, ідзе пра працяг галадоўкі па-за межамі парлямэнту – каб, як пішуць “маладафронтаўцы”, паўплываць на вынікі рэфэрэндуму. Гэта значыць – паўплываць на грамадзтва. Гэтак істотна паўплываць, каб уся сілавая і прапагандысцкая машына ўлады зламалася за нейкі месяц (нагадаю, што галадоўка была 11-12 красавіка, рэфэрэндум, сумешчаны з выбарамі ў ВС 13 скліканьня – 14 траўня).

Раніцай 12 красавіка Беларусь прачнулася фактычна іншай краінай.

Нагадаю: раніцай 12 красавіка Беларусь прачнулася фактычна іншай краінай. Вярхоўны Савет быў ачэплены ўнутранымі войскамі (не пускалі нават генпракурора Шаладонава!), сьпікер Грыб правёў паседжаньне пад дыктоўку Лукашэнкі. Сытуацыя прынцыпова зьмянілася – фактычна, адбыўся сілавы пераварот. Працягваць галадоўку -- парлямэнцкую, грамадзянскую акцыю супраць сілавых дзеяньняў было бессэнсоўна. Бо супраць аўтаматаў і кулямётаў (гэта не мэтафара: у ноч з 11 на 12 красавіка ў фае Авальнай залі былі ня толькі аўтаматы, але і кулямёты) -- супраць гэтага галадоўкай не змагаюцца.

Між іншым, часам я чуў – “вам трэба было галадаваць да канца”. Калі я прашу ўдакладніць, да якога менавіта, людзі замаўкаюць.

Я давяду гэтую думку да лягічнага выніку, скажу тое, што не асьмельваюцца вымавіць прыхільнікі такой тэорыі – але, напэўна, маюць на ўвазе – што мы б дайшлі ў галадоўцы да сьмерці. Ну, калі ня ўсе 19 чалавек, дык некаторыя (у ліку гэтых “некаторых”, зразумела, павінен быў бы быць Пазьняк). Такі варыянт не рэальны – бясспрэчна, прымянілі б прымусовае кармленьне, як раней прымянялі да Сахарава (“Памерці мы Вам не дадзім, але інвалідам зробім”), як цяпер прымяняюць да Каваленкі. Большасьць з нас,19 дэпутатаў, былі людзьмі зусім не старога веку (мне, да прыкладу, было 33 гады), таму нават без прымяненьня такога спосабу катаваньня месяц да “рэфэрэндуму” мы б вытрымалі, дажылі.

Так што сьмерцяў ня здарылася б. Быў бы проста працяг галадоўкі.

Але – наколькі эфэктыўны?

Нават калі б галасы лічылі дакладна (а іх ужо тады падлічвалі “чэсна”, на карысьць Лукашэнку, і гэта зафіксавана ў дакумэнтах Сойму БНФ) – нават пры гэтым вынік быў бы той, які быў патрэбны ўладзе.

Бо існавалі ўжо тады (і цяпер існуюць) два важныя фактары.

Першы – гэта нізкая інфармаванасьць грамадзтва.

Другі – гэта рэакцыя грамадзтва на такія ўчынкі.

Што да першага, дык на красавік 95-га электронныя СМІ, якія мелі найбольшы ўплыў на насельніцтва, былі цалкам зманапалізаваныя Лукашэнкам.

Калі да ліпеня 1994 (пачатак прэзыдэнцтва Лукашэнкі) мы, дэпутаты апазыцыі БНФ, яшчэ маглі – з трэцяга, зь дзясятага разу -- дамагчыся 30 хвілінаў па БТ, дык пасьля ніякія звароты да начальніка ўпраўленьня інфармацыі прэзыдэнта Фядуты і кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Кісяля нават са спасылкай на закон аб статусе дэпутата (закон гарантаваў нам выхад у СМІ) не дапамагалі.

Вакол БНФ імгненна была ўзьведзеная інфармацыйная сьцяна.

Літаральна за некалькі дзён пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі (ня месяцаў, ня тыдняў – дзён!) увесь той хай сабе і вельмі адносны плюралізм у дзяржаўных СМІ, якога з такой цяжкасьцю мы дамагліся за гады Незалежнасьці – быў зьнішчаны. Вакол БНФ імгненна была ўзьведзеная інфармацыйная сьцяна. У дэпутатаў Апазыцыі заставалася парлямэнцкая трыбуна, але і рэпартажы з сэсіі ВС пачалі цэнзуравацца.


У пачатку сакавіка 95-га тэлевядучы Ягор Хрусталёў запрасіў мяне паўдзельнічаць у ягонай адмысловай праграме, прысьвечанай забойству маскоўскага шоўмэна Ўладзіслава Лісьцьева. Я пагадзіўся, і праз некалькі дзён Аляксандар Фядута (які ўжо быў у адстаўцы і пісаў для БДГ) саркастычна пракамэнтаваў мой ўдзел -- маўляў, вось палез жа, хацеў засьвяціцца на экране перад выбарамі. Засьвяціцца на экране – рэч для палітыка ў час выбараў неабходная. А палез якраз таму, што ніякіх іншых магчымасьцяў нешта сказаць на шырокую аўдыторыю ў нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, пасьля дзейнасьці Фядуты, а потым ягонага спадкаемцы, ужо не было. Між іншым, у адрозьненьне ад Хрусталёва, БДГ мне інтэрвію не прапаноўвала.

Красамоўным прыкладам эфэктыўнасьці інфармацыйнай блякады была сытуацыя вакол дакладу Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэньні Лукашэнкі (сьнежань 1994). Калі Антончык чытаў даклад, Лукашэнка – плакаў (ёсьць фотаздымкі), бо разумеў, што гэта пачатак ягонага палітычнага краху. І такі крах мог бы сапраўды адбыцца – калі б выкладзеныя ў дакладзе факты былі даведзеныя да насельніцтва. Але прамая тэле- і радыётрансьляцыя (насуперак рашэньню ВС!) не вялася. А дзяржаўныя газэты выйшлі зь “белымі плямамі”. Тэкст быў зьмешчаны ў некаторых незалежных выданьнях, але прачытаў яго добра калі адзін адсотак насельніцтва.

Тое самае здарылася і праз тры з паловай месяцы з нашай галадоўкай.

Вядучыя заходнія СМІ паведамілі пра падзеі ў Авальнай залі ў ноч з 11 на 12 красавіка – у Беларусі ж электронныя СМІ і дзяржаўныя газэты альбо цалкам праігнаравалі, альбо падалі скажоную інфармацыю (да прыкладу, “Советская Белоруссия" на наступны дзень дала загаловак на першай паласе: «Оппозиция добилась своей цели. Скандал состоялся…", а фотаздымак дэпутатаў БНФ падпісала – "отдых после бурной ночи”. З улікам таго, што Лукашэнка на ўсю краіну заявіў, што дэпутатаў ніхто не зьбіваў, што мы нават прывялі ўначы жанчын – чытачу пакідалася вялікая прастора для фантазіі, што там за “бурная ночь” у нас была ў Авальнай залі.

Дый зь недзяржаўных СМІ падрабязную інфармацыю дала толькі “Свабода” Ігара Гермянчука (“Пагоня” Міколы Маркевіча распаўсюджвалася пераважна ў Горадні).

Няма ніякіх падстаў спадзявацца, што ў выпадку працягу галадоўкі пазыцыя дзяржаўных СМІ зьмянілася на нашую карысьць – наадварот, яна зрабілася б больш жорсткай і цынічнай.

Мне могуць запярэчыць: былі ж маскоўскія тэлеканалы, якія тады татальна вяшчалі на Беларусь. Былі, але ня варта забывацца, каму былі выгодныя пытаньні лукашэнкаўскага рэфэрэндуму, адно зь якіх, між іншым, наўпрост тычылася эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.


Дарэчы, кандыдатам БНФ, якія паводле закону мелі права на некалькі хвілінаў радыёэфіру на выбарах, настойліва рэкамэндавалі ня ўзгадваць у сваіх выступах пра рэфэрэндум і галадоўку дэпутатаў – бо ўсё роўна выражуць. Але мы ўсё роўна ўзгадвалі – і нашыя словы выразалі.

І нарэшце галоўнае: у дні перад “рэфэрэндумам” па дзяржаўных СМІ не было перададзена ні слова супраць прапанаваных Лукашэнкам пытаньняў! Няўжо нехта наіўна мяркуе, што БТ з дня ў дзень паказвала б рэпартажы, як супраць гэтага рэфэрэндуму галадуюць дэпутаты БНФ?

Другім фактарам я назваў грамадзкі настрой, хаця насамрэч фактар гэты першы.

Значная частка грамадзтва верыла Лукашэнку і па-просту не жадала чуць пра яго апанэнтаў

У 1988 годзе вакол Пазьняка і БНФ была інфармацыйная блякада куды больш шчыльная – але настрой грамадзтва быў накіраваны на дэмакратычныя перамены (іншая справа, што і той самы Пазьняк уплываў на фармаваньне гэтых настрояў, тут быў узаемны працэс. Але ўплываў яшчэ і таму, што зьяўлялася ўсё больш магчымасьцяў для выказваньня меркаваньняў. У 1994-1995 такія магчымасьці зьнішчаліся). Вясной 1995 настрой (не без удзелу афіцыйнай прапаганды) быў іншы, значная частка грамадзтва верыла Лукашэнку і па-просту не жадала чуць пра яго апанэнтаў. Можа быць, нават вельмі значная частка. І калі я гэта пішу, я не сьцьвярджаю, што гэтыя людзі (хай бы нават іх была і большасьць) мелі рацыю – прыгадайце настроі большасьці насельніцтва ў Нямеччыне ў пачатку 1930-ых гадоў.

І тут я мушу прывесьці некалькі прыкладаў з уласнага досьведу.

Адразу пасьля галадоўкі хлопцы з БНФ ва Ўруччы (я там балятаваўся ў ВС 13 скліканьня), якія былі ў маёй перадвыбарчай камандзе, сказалі: “Сяргей, можаш больш нічога не рабіць. Можаш паехаць адпачываць у Сочы, можаш ехаць да цешчы. Лічы, што выбарчую кампанію ты выйграў. Цябе зьбілі. А народ спачувае тым, каго несправядліва зьбілі, пакрыўдзілі”. І празь некалькі дзён каля ўнівэрсаму Першамайскі нашы хлопцы выставілі стэнд – з маёй біяграфіяй, выбарчай праграмай і фотаздымкамі. Самым вялікім здымкам быў той, дзе мы, галадоўшчыкі, сядзім перад трыбунай у Авальнай залі.

Чатыры зь пяці з тых, хто спыняўся каля стэнда, казаў: “Дык гэта з тых самых дэпутатаў, якіх зьбілі? Яны ж супраць Лукашэнкі. Дык замала ім далі, трэба было б болей”.

Як нам пазьней стала вядома, сярод варыянтаў апэрацыі супраць нас у ноч з 11 на 12 красавіка разглядаўся і такі: пусьціць усыпляльны газ ( таму спэцназаўцы і былі ў распіратарах), накідаць побач з намі бутэлек з-пад гарэлкі ды рознага сьмецьця, зьняць ўсё гэта на відэа – а на наступны дзень паказаць па БТ.

Мог быць і іншы варыянт, жахлівы, і словы Лукашэнкі раніцай на сэсіі ВС можна успрымаць як пацьвярджэньне яго існаваньня (Лукашэнка часта “прагаворваецца”).

...вскрываем вены, отрезаем себе головы

Цытую стэнаграму: “Мне Тесовец (начальнік Галоўнага ўпраўленьня аховы – С.Н.) со слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал “Александр Григорьевич, не получается по-хорошему, повынимали ножи, достали лезвия… Первое, говорят, вскрываем вены, отрезаем себе головы, и вас повырезаем. Кровью зальём здесь всё..»

Як можна адрэзаць самому сабе галаву (перад гэтым ускрыўшы вены), а потым, з адрэзанай галавой, павыразаць людзей у камуфляжы -- уявіць не магу, даўно не глядзеў фільмаў жахаў. А вось як можна выразаць сьпячых – уявіць можна.

Гэта я да таго, што ў выпадку працягу галадоўкі ўлады не спыніліся б ні перад якой правакацыяй, якая была б адпаведным чынам успрынятая ў грамадзтве, прычым ва ўмовах поўнай манаполіі дзяржавы на электронныя СМІ вынік быў бы зусім не на нашу карысьць. Пад “нашым” я тут разумею нават не палітычныя лёсы дэпутатаў БНФ, а -- вынікі “рэфэрэндуму”.

Але быў адзін варыянт, які даваў пэўныя надзеі – і гэты варыянт адразу ж, раніцай 12 красавіка, мы прапанавалі старшыні Вярхоўнага Савету Мечыславу Грыбу.

Мы прыйшлі ў ягоны кабінэт (той самы, “машэраўскі”, які да Грыба займаў Шушкевіч, а цяпер займае Лукашэнка), нас было пяцёра ці шасьцёра, і падрабязна распавялі пра тое, што здарылася ўначы.

Грыб быў уражаны. Адбылося пазачарговае паседжаньне Прэзыдыюму ВС, на якім Грыб сказаў знакамітую фразу (ад якой потым адмовіўся): “Беларусь як ніколі блізкая да грамадзянскай вайны”.

Прычым за рашучыя дзеяньні выказаліся нават тыя члены Прэзыдыюму ВС, якія не былі заўважаныя ў сымпатыях да дэпутатаў БНФ.

Мы прапанавалі не ісьці ў Авальную залю Дому ўраду, а праводзіць сэсію ў будынку Вярхоўнага Савету на Карла Маркса (дзе цяпер адміністрацыя прэзыдэнта). Заля падыходзіла – тая самая, дзе дзесяцігодзьдзямі праводзілі Пленумы ЦК КПБ (так што для значнай часткі дэпутатаў гэта было, як кажуць, “намоленае месца”, ну а наконт адсутнасьці сыстэмы электроннага галасаваньня – дык галасавалі б рукамі, як на тых пленумах).

Працытую словы, ня так даўно сказаныя Алегам Трусавым: “Калі б сярод белага дня ў залю паседжаньня ўварваліся людзі ў уніформе, то інакш, як разгонам парлямэнта, адкрытым пераваротам, відавочным для ўсяго сьвету, гэтую акцыю патлумачыць было б цяжка”.

Але разьлік быў не на чарговую гвалтоўную акцыю, а на каардынаваную працу дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якім прадэманстравалі, што зь сябе ўяўляе прэзыдэнцкая ўлада (прычым дэпутат Алесь Шут паказаў гэта літаральна, зьняўшы кашулю – на сьпіне былі вялізныя крывападцёкі).

І яшчэ адзін нюанс, які падаецца мне істотным.

На 14 красавіка было прызначана паседжаньне Канстытуцыйнага Суду для разгляду позвы дэпутатаў ВС аб парушэньні прэзыдэнтам Канстытуцыі і заканадаўства ў справе манапалізацыі СМІ. Ініцыятарам гэтай позвы быў я, удалося сабраць больш як 70 подпісаў дэпутатаў, неабходных паводле Канстытуцыі, мне ж было даручана і выступаць ад імя дэпутатаў з дакладам (даклад ад імя КС рабіў Міхаіл Пастухоў).

КС ўпершыню прызнаў адзін з указаў Лукашэнкі не адпавядаючым Канстытуцыі

Паседжаньне суду адбылося ў тэрмін, які быў заплянаваны – 14 красавіка. У сваім выступе я ні словам не ўзгадаў пра начныя падзеі ў Авальнай залі (пра іх сказалі іншыя дэпутаты), засяродзіўшыся выключна на прававых, юрыдычных аспэктах указаў прэзыдэнта. Выключна прававая аргумэнтацыя зрабіла на членаў Канстытуцыйнага Суду ўражаньне. Была доўгая дыскусія з прадстаўнікамі Лукашэнкі, ягоныя ўказы абаранялі віцэ-прэм’ер Русакевіч, першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Кандрацьеў, намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Камянкоў, намесьнік генэральнага пракурора Юрэвіч...

І тым ня менш -- у выніку адбылося тое, пра што цяпер практычна не ўзгадваюць: КС ўпершыню прызнаў адзін з указаў Лукашэнкі не адпавядаючым Канстытуцыі (той самы, які тычыўся тэлебачаньня).

Што з гэтага вынікае?

Гэта магло б быць фармальнай падставай для пачатку працэдуры імпічмэнту

А тое, што пры наяўнасьці палітычнай волі ў кіраўніцтва Вярхоўнага Савету гэта можна было б эфектыўна скарыстаць у змаганьні за захаваньне канстытуцыйнага ладу. Калі зусім ужо адкрытым тэкстам – гэта магло б быць фармальнай падставай для пачатку працэдуры імпічмэнту (што праз больш як год пачне рабіць Вярхоўны Савет 13 скліканьня – але позна), бо такі сумнеўны ўказ Лукашэнка выдаў на той момант далёка не адзін.

Скажу болей. Будынак, дзе тады быў Вярхоўны Савет, пабудаваны паводле прынцыпу карэ – гэта, з гледзішча фартыфікацыі, вельмі зручны будынак для абароны (не сумняваюся, што менавіта гэтая акалічнасьць і была галоўнай прычынай пераезду ў яго Лукашэнкі праз два тыдні). Вярхоўны Савет узначальваў генэрал, значная большасьць з нас, дэпутатаў, служылі ў войску, мелі афіцэрскія званьні – словам, мы маглі б абараніцца, пры патрэбе. І – пры адпаведных умовах, зь якіх галоўнай была якраз не наяўнасьць зброі і сродкаў, а, зноў жа – палітычная воля кіраўніцтва Вярхоўнага Савету.

Толькі – не было той волі.

Праз некалькі гадзін пасьля размовы з намі Грыб пагутарыў з Лукашэнкам. Пра што – ня ведаю. Але на сэсіі 12 красавіка Грыб узяў назад свае словы пра “грамадзянскую вайну”, і правёў сэсію Вярхоўнага Савету ў поўнай адпаведнасьці са сцэнаром Лукашэнкі. Былі прынятыя і пытаньні рэфэрэндуму, была ратыфікаваная і сумнеўная дамова з Расеяй. І – пад воплескі камуністаў–вэтэранаў аднавілі ў якасьці дзяржаўнага сьвята 7 лістапада. А 13 красавіка разам з дэпутацкай большасьцю Грыб накіраваўся на банкет, які ў сталоўцы Дому ўраду даваў для дэпутатаў Лукашэнка...

Усё гэта магло быць.

Але і таго, што адбылося, дастаткова, каб канстатаваць: галадоўка дэпутатаў БНФ – у тым выглядзе, у якім яна была -- менавіта і паўплывала на вынікі рэфэрэндуму. Бо зрабіла іх цалкам юрыдычна нікчэмнымі (існуе такі прававы тэрмін).

Некалькі гадоў таму мне давялося сабраць юрыдычныя аргумэнты, якія даказваюць нелегітымнасьць рэфэрэндуму-95.

Але дастаткова аднаго – зьбіцьця дэпутатаў.

Паводле прафэсара М. Пастухова, “толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў «людзьмі ў камуфляжнай форме» (ды яшчэ ў будынку парлямэнту!) ставіць пад сумненьне законнасьць пастановы Вярхоўнага Савету наконт прызначэньня рэфэрэндуму, паколькі рашэньне было прынятае пад прымусам. Само ж увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і нападзеньне на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам”.

Не сумняваюся, што гэты аргумэнт будзе скарыстаны будучай дэмакратычнай уладай.