Суд над маладафронтаўцамі Крамянецкім і Мускім

У судзе Ленінскага раёну Менску распачаўся суд над Зьмітром Крамянецкім і Міхаілам Мускім. Іх вінавацяць паводле адміністрацыйных артыкулаў «Хуліганства» і «Калектыўнае хуліганства».
15.00 Міхаіл Мускі асуджаны на 10 сутак арышту — 5 сутак за «хуліганства» і 5 сутак за «нецьврозы стан».

Зьмітра Крамянецкага вяртаюць са шпіталю і будуць працягваць судзіць.

13.45 Крамянецкага шпіталізуюць. Судзьдзя на ягонае хадайніцтва выклікаў «хуткую дапамогу», бо хлопец паскардзіўся на праблемы са здароўем.


Міхаіл Мускі

Фота Facebook Mikalaj Dzemidzenka


12.50 Мускага судзіць Марына Запасьнік.

Мускі і Крамянецкі заявілі хадайніцтвы пра адвод судзьдзі.

Яны таксама заявілі хадайніцтвы пра мэдычную дапамогу, бо, кажуць, што у міліцэйскім пастарунку іх зьбівалі.

Крамянецкага судзіць Міхаіл Хома. Хлопец заявіў адвод судзьдзі Хому.

Хома абвясьціў перапынак для прыняцьця рашэньня адносна адводу.

Разгляд справы Мускага яшчэ не пачаўся.

Мускага і Крамянецкага затрымалі 7 красавіка на станцыі мэтро «Купалаўская». Да хлопцаў падышлі два супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі прайсьці зь імі для агляду. Крамянецкі і Мускі адмовіліся праходзіць агляд без панятых і папрасілі супрацоўнікаў міліцыі назваць сябе, на што тыя, паводле відавочцаў, адказалі нецэнзурна.

Моладзевых актывістаў спачатку даставілі ў апорны пункт міліцыі на станцыі мэтро «Купалаўская». Яны пасьпелі паведаміць сваім таварышам праз тэлефон, што ў іх апісваюць асабістыя рэчы. Калі Міхаіл Мускі паспрабаваў выйсьці ў прыбіральню, адзін зь міліцыянтаў паваліў яго на падлогу і пачаў біць нагамі, а затым прыкаваў наручнікамі да батарэі, паведамляе сайт «Маладога фронту».