Хто ўзарваў мэтро? ХХІІ. Пульт і паражальныя элемэнты

Кавалкі граніту, якія мэдыкі выцягнулі зь цела ахвяры выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?
Журналістка, якая, як і карэспандэнт «Свабоды», рэгулярна асьвятляла працэс над падазронымі ў тэрарызьме, распавяла: недзе ў красавіку- траўні ў рэдакцыю званілі людзі, паведамлялі пра дзіўныя рэчы, якія адбываюцца на гарадзкіх звалках. Што там супрацоўнікі ў цывільным ачапляюць пэўны кавалак звалкі і нешта шукаюць цэлы дзень. Наступнага дня тое самае паўтараецца, або пошукі пераносяцца на іншы ўчастак. Што гэта магло быць, ніхто ня ведае, але ў сьмецьці рыліся яўна не бамжы, бамжоў гэтыя «капацелі», наадварот, адганялі.

Гэтая размова адбылася, калі ў судзе агаласілі зьвесткі пра пульт дыстанцыйнага падрыву бомбы, які ўжыў Канавалаў. Нагадаю, гэта быў пульт ад дыстанцыйнага званка «Космас», які Канавалаў крыху перарабіў, каб званок не гучаў, але імпульс ад яго ішоў на бомбу. Паводле Канавалава, менавіта гэты пульт — невялікую белую плястыкавую каробачку, якая зьмяшчаецца на далоні — ён трымаў у кішэні курткі, калі падышоў цягнік мэтро. Дастаткова было, не вымаючы пульт, націснуць на кнопачку, і раздаўся выбух, як і плянавалася.

А куды падзеўся пульт? Зразумела, што для злачынцы-тэрарыста захоўваць яго было ўсё роўна, што забойцу захоўваць нож ці рабаўніку банку — панчоху зь дзіркамі для вачэй. Для сьледзтва ж, адпаведна, не было б больш пажаданага рэчавага доказу, чым гэты пульт з пальчыкамі тэрарыста. Ды хаця б проста пульт, нават без адбіткаў.

А куды падзеўся пульт? Зразумела, што для злачынцы-тэрарыста захоўваць яго было ўсё роўна, што забойцу захоўваць нож ці рабаўніку банку — панчоху зь дзіркамі для вачэй

Канавалаў на першых жа допытах у міліцыі паведаміў, што пульт выкінуў, а на сьледчым экспэрымэнце 15 красавіка гэта пацьвердзіў. Але куды? Спачатку Канавалаў казаў, што ня памятае дакладна, але, здаецца, калі ішоў пасьля выбуху цераз Кастрычніцкую плошчу, пульт яшчэ быў зь ім. Нагадаю, маршрут Канавалава быў досыць пакручасты: са станцыі мэтро «Купалаўская» ён спусьціўся па вуліцы Карла Маркса да вуліцы Янкі Купалы, там зьвярнуў налева і дайшоў да праспэкту Незалежнасьці, перайшоў яго, падняўся да ўваходу ў мэтро каля Палаца прафсаюзаў, прайшоў цераз рог Кастрычніцкай плошчы за Палац Рэспублікі і дайшоў да скрыжаваньня вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса...Але вернемся да сьледчага экспэрымэнту. Празь некалькі хвілін Канавалаў ужо ўпэўнена заявіў, што ў той момант пульт быў яшчэ зь ім, і згадаў, куды яго выкінуў — у сьметніцу каля ўваходу ў «Белсьвісбанк» на плошчы Свабоды.

У судзе паказалі відэа гэтага сьледчага экспэрымэнту. Як 15 красавіка стомлены Канавалаў, уначы, у суправаджэньні цэлага натоўпу людзей у цывільным, на ланцужку, прывязаным да ахоўніка, ідзе пазначаным вышэй маршрутам і дае ціхія, ледзь чутныя тлумачэньні. Заблытаўся на маршруце ён толькі ў канцы, калі падыходзіў да «Белсьвісбанку». Як вядома, філіял банку знаходзіцца ў будынку Менскай абласной управы прафсаюзаў (былы кляштар францішканаў) з боку плошчы Свабоды. У красавіку 2011 году суседні будынак царквы Сьвятога Духа, у якім разьмясьцілі Дзіцячую філярмонію, яшчэ ня быў адноўлены, стаяў толькі яго фундамэнт, абгароджаны плотам. Канавалаў спачатку пайшоў да банку проста па вуліцы Энгельса, але калі выйшаў на плошчу Свабоды і трапіў у драўляны тунэль вакол будоўлі Дзіцячай філярмоніі, засумняваўся і вярнуўся да вуліцы Інтэрнацыянальнай. Там Дзьмітрый агледзеўся, пайшоў далей па Інтэрнацыянальнай уздоўж рэстарану «Фрэскі», павярнуў на плошчу Свабоды, дайшоў да наступнага рога, зноў павярнуў направа і падышоў да банку. «Вось тут», — паказаў Канавалаў на сьметніцу.

Але, мяркуючы па тым, што ў сьпісе рэчавых доказаў пульт дыстанцыйнага кіраваньня ня значыцца, яго так і не знайшлі, а журналісцкія вэрсіі пра тое, што менавіта пульт гэтак упарта шукалі на звалках вакол Менску міліцыянты ў цывільным, засталіся вэрсіямі. Ёсьць думка, што ад пульта Канавалаў пазбавіўся раней, чым дайшоў да Кастрычніцкай плошчы. Гэтак, у прыватнасьці, мяркуе неназваны субяседнік агенцтва Інтэрфакс, які ў лістападзе 2011 году, за некалькі дзён да абвяшчэньня прысуду, сам вызваўся пракамэнтаваць працэс супроць тэрарыстаў. Дарэчы, ён пацьвердзіў вэрсію пра пошукі пульта на адной з гарадзкіх звалак.


З інтэрвію «Ці быў у Канавалава „куратар“? Новая праўда пра тэракты»


24.11.11. Інтэрфакс

Аўтарка, Юлія Качубей, акрэсьліла свайго субяседніка як «чалавека, блізкага да сьледзтва».

— Чаму не знайшлі пульт, якім быў актывізаваны выбух у мэтро?

— Канавалаў распавёў сьледзтву, што выкінуў пульт у бак для сьмецьця ў раёне плошчы Свабоды. Праўда, некалькі разоў паказваў розныя бакі. Колькі тон сьмецьця было перабрана на гарадзкой звалцы, колькі мабільнікаў, будзільнікаў было знойдзена! Але безвынікова. Хутчэй за ўсё, ён проста зьдзекаваўся. Мяркуючы па ягоным маршруце — ён выйшаў пасьля выбуху на «Купалаўскай», прайшоў уздоўж адміністрацыі, пазіраючы зь нейкай прычыны на вокны будынка, спусьціўся да цырку, потым да ракі, — пульт ён выкінуў у Сьвіслач. Потым па другім боку падняўся да Палаца Рэспублікі і нейкі час назіраў за тым, што адбываецца на плошчы, куды ўжо зьехаліся карэты хуткай дапамогі, МЧС, дзе ўжо ляжалі параненыя і забітыя. Вяртацца на месца злачынства — гэта характэрна для маніякальных злачынцаў.

— Чаму ж Канавалаў не баяўся заўчаснага выбуху — дазволіў таксісту даволі неахайна ставіць торбу з выбухоўкай у багажнік? (Памятаеце, сьведка Максім Маскалёў распавёў, як сам паставіў торбу пасажыра ў багажнік і запомніў, што торба была цяжкая. — А.Г.) Дый выбуховае прыстасаваньне, якое знайшлі ў 2008 годзе, людзі штурхалі нагамі? (Сьведкі Яўген Іванец і Руслан Якімовіч распавялі, як на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці, нецьвярозыя, знайшлі на газоне пакет ад соку, у якім аказалася бомба. «Зачапіў нагой», — сказаў Іванец. — А.Г.)

Здымкі камэраў назіраньня



— А чаго яму баяцца? У мэтро ў яго ў бутлях была салетра, зьмяшаная з алюмініевай пудрай ды іншымі кампанэнтамі. Ён мог хоць з 9 паверху кінуць гэтую торбу, у агонь кідаць — хіба што заіскрыла б.

Гэта брызантнае выбуховае рэчыва, якое само не ўзарвецца. Яго трэба ініцыяваць, то бок патрэбны маленькі выбух, каб пайшла ланцуговая рэакцыя. Менавіта дзеля гэтага і патрэбны быў дэтанатар з трыперакісу ацэтону. Калі дэтанатар не актывізаваны, яму таксама нічога не пагражае.

У 2008 годзе прыстасаваньне зь вялікай колькасьцю трыперакісу ацэтону хіба што не падбівалі нагой. Сьвежы трыперакіс — вельмі ўстойлівае рэчыва. Тое, што ў апошні час пішуць пра «кісу», ня вельмі адпавядае рэчаіснасьці. Яе выбуховая небясьпека расьце толькі з часам«.


Паражальныя элемэнты


У бомбах 2005 году Канавалаў у якасьці паражальных элемэнтаў выкарыстаў шрубы, на некаторых зь якіх была белая фарба. Экспэртыза вызначыла, што шрубы, якія знайшлі ў ягоным падвале, мелі на сабе такую ж фарбу. Таксама як паражальныя элемэнты былі ўжытыя ножкі ад будзільнікаў маркі «Сэвані». З матэрыялаў справы вядома, што да бацькі Канавалава прыходзілі міліцыянты з вобшукам як да гадзіньнікавага майстра, але датычнасьць Канавалава-старэйшага да віцебскіх выбухаў 2005 году не была вызначана. Кавалак прыпою ад бомбы, які дасталі зь цела аднаго з пацярпелых ад выбуху 2005 году, аказаўся аналягічным прыпою, які ў 2011 годзе знайшлі ў падвале Канавалава.

У бомбах 2008 году ў якасьці паражальных элемэнтаў Канавалаў ужываў гайкі. На сьледчым экспэрымэнце Дзьмітрый паказаў, як сабраў гэтую бомбу і як уклаў у яе пакет з гайкамі, якімі, паводле экспэртызы, былі параненыя пацярпелыя ад выбуху на праспэкце Пераможцаў. Экспэртыза вызначыла, што такія ж гайкі былі знойдзеныя ў падвале Канавалава.

Бомбу 2011 году, паводле паказаньняў, Канавалаў начыніў цьвікамі, шарыкамі і ролікамі ад падшыпнікаў, нарэзкамі стрыжняў арматуры. Тыя, хто загінуў, атрымалі раненьні, як сказана ў экспэртызе, ад розных фактараў. Сярод іх — ашчэпкі бомбы, кавалкі лаўкі, кавалкі бэтону, апёкі, разрыў тканак і адрыў частак цела з прычыны блізкасьці да бомбы, мэталічныя шарыкі, выбуховая хваля, саўдарэньні. У целах двух загінулых (Сяргея С. і Анатоля Н.) знайшлі мэталічныя шарыкі.

У прысудзе пра дзеяньне паражальных элемэнтаў падчас тэракту 2011 году сказана наступнае (акрамя ўжо цытаваных вытрымак).

Прысуд, ст. 74. «Згодна з высновамі судова-мэдычных экспэртаў, сьмерць пацярпелых Абражэй Н.В., Бакана В.С., Герасімчыка С.А., Дайнэкі В.В., Захарковай Т.І., Ільіна А.В., Капцюха Р.В., Клімца Ю.А., Макейчыка А.І., Наркевіча А.В., Парфунцева А.Е., Пікулік Г.І., Сярбаева С.В., Салаўёвай В.Э., Шагойкі Г.В. наступіла ад цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія былі атрыманыя імі ў выніку выбуху ў мэтро.

З заключэньняў судова-мэдычных экспэртыз таксама вынікае, што характар, лякалізацыя і ўзаемнае разьмяшчэньне цялесных пашкоджаньняў (у тым ліку наяўнасьць раневых каналаў з заглыбленьнем іншародных целаў), сьляды ўзьдзеяньня выбуховых газаў сьведчаць пра тое, што цялесныя пашкоджаньні ў загінулых маглі ўтварыцца ў выніку ўзьдзеяньня паражальных фактараў выбуху».


Прысуд, ст. 77. «З пратаколаў агляду месца здарэньня (станцыя Менскага мэтрапалітэну „Кастрычніцкая“) і ўчасткаў прылеглай мясцовасьці, агляду прадметаў, узятых зь месца здарэньня, бачна, што на станцыі мэтро ў выніку выбуху маюцца пашкоджаньні і разбурэньні канструктыўных элемэнтаў станцыі, варонка ў падлозе, маецца мноства паражальных элемэнтаў (кавалкі арматуры, мэталічныя шарыкі).

Паводле пратаколу агляду, на другім вагоне цягніковага саставу №№
10235-10236 ёсьць шматлікія пашкоджаньні, якія ўласьцівыя для ўдарна-хвалевага ўзьдзеяньня на мэталічныя канструкцыі. Зьнешні выгляд дзірак і сколаў, якія ўтварыліся на вагоне, уласьцівы высокахуткаснаму ўдару паражальных элемэнтаў».

Прысуд, ст. 86-87. «...Патлумачыў (Канавалаў — А.Г.), што ён выкарыстоўваў у якасьці паражальных элемэнтаў ролікі цыліндрычнай формы, пра якія ён раней забыўся ўказаць, бо іх было няшмат».


З інтэрвію «Ці быў у Канавалава „куратар“? Новая праўда пра тэракты»


— Ці ёсьць доказы, што ў мэтро выбухнула менавіта торба? І чаму ў целах загінулых і пацярпелых практычна не было паражальных элемэнтаў бомбы — гаек, балтоў?

— Сапраўды, відэа, якое пацьвярджае, што Канавалаў паставіў сваю торбу каля лавы і адышоў, няма — гэтыя пара мэтраў пэрону знаходзяцца па-за зонай ахопу камэр назіраньня. Але ён прыйшоў на станцыю з торбай і сышоў бяз торбы. Хутчэй за ўсё, ён паставіў торбу побач з лавай і пачакаў, пакуль прыйшла электрычка — ягоныя суседзі на пэроне зьмяніліся, а тыя, хто падышоў пазьней, ужо маглі ўбачыць чалавека бяз торбы і торбу, што стаяла каля лавы, на якой, хутчэй за ўсё, сядзелі іншыя людзі.

Участак столі, пашкоджаны паражальнымі элемэнтамі, мае веерападобную форму. Ашчэпкі пайшлі не ў людзей, што былі навокал, а ў столь. Гэта пацьвярджаецца матэрыяламі сьледзтва. Падчас сьледчага экспэрымэнту па вырабе прыстасаваньня, якое было выкарыстана 11 красавіка, Канавалаў адзначыў, што разьмясьціў паражальныя элемэнты ў торбе паўзьверх бутляў з выбухоўкай. А людзі гінулі і траўмаваліся ў асноўным ад баратраўмаў — хвалі высокага ціску і ашчэпкаў каменю, якім аздоблена станцыя мэтро.

А тое, што выбухнула менавіта торба, пацьверджана знойдзенымі падчас падрабязнага дасьледаваньня месца выбуху фрагмэнтамі — тканіны, маланкі«.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром