Мандат рабочай групы па Беларусі працягнуты

Адпаведнае рашэньне дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст» прынялі на паседжаньні ў Баку.
Сустаршыня ПА, баўгарскі дэпутат Крысціян Вігенін заявіў, што рабочая група павінна працягваць працу да той пары, пакуль Беларусь не дасягне поўнамаштабнага ўдзелу ў «Эўранэсьце».

У «Эўранэст» уваходзяць прадстаўнікі Эўрапарлямэнту, а таксама парлямэнтаў пяці з шасьці краін «Усходняга партнэрства» — Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Беларускаму Нацыянальнаму сходу было адмоўлена ў сяброўстве ў Эўранэсьце з прычыны таго, што выбары ў беларускі парлямэнт міжнародная супольнасьць не прызнала свабоднымі і справядлівымі.

Мандат рабочай групы па Беларусі быў зацьверджаны на папярэдняй сэсіі ПА «Эўранэст» у Брусэлі. Мэта групы, якую ачольвае дэпутат Эўрапарлямэнту з Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі, — стварэньне ў Беларусі ўмоваў, якія дазволяць краіне далучыцца да асамблеі ў якасьці правамоцнага сябра.