Букоўскі: Без грамадзкай падтрымкі Каваленка ня выжыве

Якія шанцы ў Сяргея Каваленкі ў супрацьстаяньні з цэлай сыстэмай? Госьць «Свабоды» — Уладзімер Букоўскі, вядомы дысыдэнт савецкіх часоў, які цяпер жыве ў Вялікабрытаніі. У СССР ён правёў у зьняволеньні і на прымусовым лячэньні 12 гадоў.
Соўсь: У віцебскай турэмнай вар’ятні пачалі прымусова карміць праз зонд галадоўніка, палітвязьня Сяргея Каваленку, асуджанага на 2 гады і адзін месяц турмы за парушэньне адбыцьця так званай «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы ў Віцебску у 2010 годзе. Пратэстуючы супраць незаконнага прысуду, Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку, якую ён з перапынкам 20 дзён трымае з сярэдзіны сьнежня.

Вы самі прайшлі ў савецкі час праз карную псыхіятрыю, праз прымусовае кармленьне. Параўноўваючы тыя часы ў СССР, і галадоўку Сяргея Каваленкі ў Беларусі, якія шанцы ў беларускага палітвязьня ў супрацьстаяньні з цэлай сыстэмай?

Букоўскі: Шанцы супрацьстаяньня ў яго ёсьць, і ён іх ужо зьдзяйсьняе, калі ён гадае ад лютага — гэта вельмі сур’ёзны тэрмін, і гэтага цалкам дастаткова для супрацьстаяньня. Іншая справа, што мэтады ўлады цяпер іншыя, таму што ў наш час кропельніцамі не кармілі, а штучным харчаваньнем, зондам, і пачыналі карміць на 18-20-ы дзень галадоўкі. Гэта таксама дастаткова зношвае чалавека, але я ведаю людзей, якія галадалі па шмат месяцаў і засталіся жывымі. Пры кармленьні кропельніцай столькі галадаць немагчыма: бялковае галаданьне, магчымыя наступствы. Я сам галадаў некалькі разоў, адзін раз больш за месяц — пры тым, што карміць нас пачалі вельмі позна, гэта была калектыўная галадоўка. Гэта зьнясільвае, але да гэтага прызвычайваесься. Наогул бязь ежы чалавек ня можа жыць больш як 50-55 дзён.

Пад канец наступаюць незваротныя зьмены ў арганізьме, якія з пачаткам кармленьня ня выправяцца. Так што ёсьць мяжа таго, што чалавек можа вынесьці. Але пры вядомай упартасьці ён можа працягваць і дамагацца свайго. Кепска, што пра гэтую справу мала хто ведае — я, напрыклад, упершыню ад вас пачуў, а ў такіх выпадках абавязак ягоных калег максымальна надаць галоснасьці гэтаму выпадку, весьці кампанію, бо гэта пытаньне жыцьця і сьмерці для чалавека. Так што тут патрэбная вялікая грамадзкая кампанія, грамадзкая дапамога. І калі пра гэта ніхто ня ведае то эфэкт будзе мінімальным.

Соўсь: Сяргея Каваленку кормяць праз зонд дзіцячай малочнай сумесьсю Беллакт. Я разумею, што гэта не прыемныя ўспаміны, але распавядзіце, калі ласка, як прымусова кармілі вас.
Галадоўка гэта апошняя зброя, якая ёсьць у зьняволенага, і гэтую зброю здаць нельга.

Букоўскі: Кармленьне праз зонд можа быць розным. Аднойчы, напрыклад, мяне кармілі праз ноздру — у 1971 годзе, перад маім судом, калі мне не далі адваката па майму выбару, і я абвясьціў галадоўку. Улады мелі мала часу, справу трэба было перадаваць у суд, таму яны прыдумалі найбольш балючы спосаб — праз ноздру, прычым у зонда быў мэталёвы наканечнік, які ў дыямэтры быў нашмат шырэйшы за маю ноздру. Карацей, яны кожны дзень рвалі мне ноздры, за ноч гэта крыху гаілася, а раніцай зноў рвалі, і гэта працягвалася 12 дзён. Але яны ўрэшце здаліся, бо ім трэба было везьці мяне на суд.

Вельмі важна разьлічыць стратэгію галадоўкі, гэта ж апошняя зброя, якая ёсьць у зьняволенага, і гэтую зброю здаць нельга. Калі ты на гэта пайшоў — ты, тэарэтычна, пайшоў на сьмерць. І ты альбо перамог, альбо памёр. Таму што нельга ствараць інфляцыю гэтай зброі. Таму гэта рэч адказная, і калі пайшоў — то пайшоў. Да самога голаду прывыкаеш вельмі хутка, у нейкі момант есьці ўжо ня хочаш, і ежа нават ня сьніцца. Упадаеш у нейкі эўфарычны стан, пры якім вельмі добра думаецца: вельмі ясная галава. Але гэта сьведчыць, што йдзе вычарпаньне арганізму, наступае так званы нэаглікагэнэзіс: гэта калі бялок вашых цягліцаў пячонка перапрацоўвае ў глюкозу. То бок, вы самі сябе ясьцё, зьядаеце сваю мускулатуру, яна выкарыстоўваецца як харчовы запас. У выніку пабочным прадуктам зьяўляецца ацэтон, ад вас пачынае пахнуць ацэтонам. Гэта сур’ёзная рэч, як палёт у космас: вернесься, ня вернесься — ня ведаеш.

Соўсь: Сяргей Каваленка не давярае турэмным лекарам. Ці былі ў вашым выпадку лекары, пра якіх вы б маглі сказаць, што яны трымалі клятву Гіпакрата?

Букоўскі: У наш час большасьць лекараў працавалі на ўладу, а не на Гіпакрата. І якія б клятвы яны ні давалі, яны пра гэта ня ўзгадвалі. Турэмная мэдыцына была ваенізаваная, то бок гэта былі ня проста лекары, а афіцэры МУС, і для іх загад начальніка быў вышэй за ўсялякую мараль і этыку. Вядома, давяраць ім нельга. Але тут варта паглядзець рацыянальна: у іх, напэўна, няма жаданьня яго забіць, бо навошта? Ён ад галадоўкі сам памрэ, калі нічога не рабіць. Але псыхатропныя прэпараты яны даваць могуць. На сумленьне савецкіх людзей наогул разьлічваць нельга, гэта трэба ведаць як аксіёму.

Уладзімер Букоўскі, 1977 год

Соўсь: Лекары ў турэмнай вар’ятні могуць кіравацца прынцыпам — любым спосабам выратаваць чалавека, які ідзе на сьмерць на знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду. Зь іншага боку, шанцы, што беларускія ўлады вызваляць Каваленку, мінімальныя. Ці ёсьць у гэтай драматычнай, трагічнай сытуацыі выйсьце?

Букоўскі: Вядома, ёсьць: для гэтага патрэбен шырокі грамадзкі пратэст, нельга пакідаць такую падзею незаўважанай. Гэта абавязак ягоных калег па дэмакратычнаму руху, яны павінна пра гэта крычаць, ладзіць пікеты, дэманстрацыі. Ды што я іх вучу — яны павінны самі гэта ўсё цудоўна ведаць. Іначай чалавек ня выжыве. І гэта пытаньне агульнае для ўсіх: наступным можа быць любы зь іх. Пры шырокай грамадзкай кампаніі ў абарону Каваленкі цалкам можа адбыцца, што ўлады пойдуць на нейкі кампраміс, які дазволіць яму зьняць галадоўку.

Соўсь: У калёніі Віцьба-3, дзе знаходзіцца турэмная вар’ятня, калісьці сядзеў экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандра Казулін, які галадаў 55 дзён, патрабуючы, каб беларускае пытаньне было вынесенае на разгляд Рады ААН па правах чалавека. У выніку ЗША прапанавалі вынесьці гэтае пытаньне на разгляд, а Расея заблякавала. Тым ня менш, вязень спыніў галадоўку. Аляксандар Казулін расказваў па выхадзе з турмы, што слухаў у калёніі Радыё Свабода. Магчыма, нашу гутарку можа пачуць Сяргей Каваленка. Што бы вы яму сказалі?

Букоўскі: Я толькі магу пажадаць яму дастаткова здароўя, каб вытрымаць гэтую канфрантацыю: гэта вельмі няпроста, Галоўнае, не здавацца: чалавечы арганізм нашмат мацнейшы, чым людзі думаюць. Я бачыў людзей, якія вытрымлівалі такое, чаго з пункту погляду мэдыцыны вынесьці нельга, і аднак выжывалі. Галоўнае не журыцца, працягваць рабіць тое, што робіш, але я спадзяюся, што сябры не пакінуць яго адзін на адзін з уладай. Таму што тады ягоныя шанцы малыя.

Што да ААН, то гэта безнадзейная арганізацыя, і празь яе нічога нельга зрабіць. Хутчэй, яны дамогуцца нечага праз Раду Эўропы, і тым больш праз Страсбурскі суд правоў чалавека — гэтыя арганізацыі яшчэ неяк рэагуюць. А камісія правоў чалавека ААН — гэта абсалютна бессэнсоўная арганізацыя. Там усе прадстаўнікі дыктатур вырашаюць, у каго правы чалавека выконваюцца лепш.

http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/350073.html

Уладзімер Букоўскі — пісьменьнік, палітычны і грамадзкі дзеяч, вучоны-нэўрафізыёляг. Адзін з заснавальнікаў дысыдэнцкага руху ў СССР.

У 1963 года быў упершыню арыштаваны за спробу размножыць некалькі асобнікаў кнігі югаслаўскага іншадумца Мілавана Джыласа «Новы кляс», забароненай у СССР. Яго прызналі вар’ятам і адправілі на прымусовае лячэньне ў Ленінградзкую вар’ятню. На волю выйшаў у 1965 годзе.

У 1965 прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы «мітынгу галоснасьці» у абарону Сіняўскага і Даніэля, за гэта зноў быў затрыманы і гвалтоўна шпіталізаваны, на гэты раз яго вызвалілі праз паўгода.

Трэці раз быў арыштаваны за арганізацыю дэманстрацыі пратэсту супраць арышту Гінзбурга, Галанскова і іх сяброў у 1967 годзе. На судовым працэсе Букоўскі ня толькі адмовіўся прызнаць сябе вінаватым, але рэзка выступіў — яго апошняе слова шырока распаўсюджвалася ў самвыдаце. Суд прысудзіў яго да трох гадоў лягераў.

Адбыўшы тэрмін у лягеры, у 1970 годзе вярнуўся ў Маскву і адразу ж стаў адным зь лідэраў дысыдэнцкага руху. Букоўскі даў некалькі інтэрвію заходнім карэспандэнтам пра палітычных зьняволеных, якія падвяргаюцца псыхіятрычным рэпрэсіям, зрабіўшы праблему карнай мэдыцыны здабыткам галоснасьці. За ім вялося дэманстратыўнае вонкавае сачэньне.
У сакавіку 1971 гады Букоўскага чацьвёрты і апошні раз арыштавалі. За «антысавецкую агітацыю і прапаганду» яго прысудзілі да 7 гадоў зьняволеньня. У 1976 годзе савецкія ўлады абмянялі Букоўскага на лідэра чылійскіх камуністаў Карвалана.

Цяпер жыве ў Вялікабрытаніі. У 2007 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты Расеі на выбарах 2008 году, але яго кандыдатура не была зарэгістраваная ЦВК. У 2008 годзе прымаў удзел у арганізацыі Аб’яднанага дэмакратычнага руху «Салідарнасьць», у 2009 годзе ўвайшоў у склад кіруючага органа руху — Бюро фэдэральнай палітрады «Салідарнасьці».