«Люфтганзу» задавальняе прынцып парытэту зь «Белавія»

Пра гэта сёньня заявіў, адказваючы на пытаньне «Свабоды», Рональд Шульц — рэгіянальны дырэктар «Люфтганзы» па Расеі і краінах СНД.
«Я не палітык і не хацеў бы ўступаць у нейкія дыскусіі. І таму я магу толькі сказаць: так, сапраўды, прынцып парытэту паміж Нямеччынай і Беларусьсю ў галіне паветраных перавозак існуе. І мы задаволеныя цяперашнім становішчам. У кожным такім выпадку краіны разьбіраюцца выключна паміж сабою».

Менавіта павелічэньне колькасьці рэйсаў расейскіх кампаніяў на маршруце Масква — Менск, якое парушае прынцып парытэту, прывяло да канфлікту паміж «Белавія» і «Росавіяцыяй», заявіў 26 сакавіка намесьнік генэральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец. Ён падкрэсьліў, што такі прынцып дагэтуль захоўваецца паміж беларускай авіякампаніяй і іншымі замежнымі кампаніямі. У якасьці прыкладу называліся «Люфтганза» і «Аўстрыйскія авіялініі».

Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя была прысьвечаная 20-м угодкам першага рэйсу «Люфтганзы» па маршруце Франкфурт — Талін — Менск — Франкфурт. Цяпер з Франкфурту ў Менск і назад штотыдзень робіцца 10 бесьперасадачных палётаў. Летась па гэтым маршруце ляталі 70 тысяч чалавек — гэта новы рэкорд трасы.