Іван Лепешаў: «Горай было толькі пры царызме»

Іван Лепешаў

Падчас падрыхтоўкі да друку «Слоўніка фразэалягізмаў» Івана Лепешава ў выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя» пільнымі рэдактарамі з яго было выкінута больш за 500 устойлівых выразаў. У «крамольныя» яны трапілі найперш таму, што ў слоўнікавых артыкулах падаваліся са спасылкай на творы «нядобранадзейных» з гледзішча ўлады пісьменьнікаў.
Доктар філялёгіі, прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Іван Лепешаў распавядае ў «Вольнай студыі», колькі фразэалягізмаў ім апісана і як цэнзураваўся ягоны слоўнік.

— Спадар Іван, як доўга вы займаецеся зборам і апісаньнем фразэалягізмаў?

— Фразэалягізмамі я стаў цікавіцца вельмі даўно, яшчэ ў той час, калі працаваў у школе настаўнікам. Вось ужо гадоў пяцьдзясят я рэгулярна чытаю беларускую літаратуру і раблю выпісы. Перачытаў, можна сказаць, усе творы і дасавецкага пэрыяду, і савецкага, і пасьлясавецкага. 380 аўтараў перачытана мною, складзена картатэка. У ёй больш за 90 000 картак. На кожны фразэалягізм прыводзяцца некалькі ўжываньняў. У апошнім двухтомавым выданьні слоўніка, які выйшаў у сьвет у выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі» апісана больш як 7000 фразэалягізмаў.

— Зь ім у вас і ўзьніклі праблемы. Якія прэтэнзіі прад’явіла вам названае выдавецтва?

— Прэтэнзіі зьявіліся яшчэ на першай стадыі падрыхтоўкі: трэба гэта выкінуць,
Выдавецтву, найперш яго дырэктару Генадзю Пашкову, не падабаліся некаторыя аўтары, нават народныя пісьменьнікі — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч ...

трэба тое выкінуць. Выдавецтву, найперш яго дырэктару Генадзю Пашкову, не падабаліся некаторыя аўтары, нават народныя пісьменьнікі — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Я спрабаваў іх адстойваць, даказваў, што іх нельга выкідаць. Хадзіў да Пашкова, бо ўсе забароны сыходзілі ад яго. Загадчыца рэдакцыі Малей і чатыры рэдактары, якія са мной працавалі, ставіліліся да мяне памяркоўна, але мусілі выконваць распараджэньне дырэктара.

— Якія пісьменьнікі ўрэшце былі выкасаваныя з вашага слоўніка?

— Я магу іх пералічыць: Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Астравец, Ларыса Геніюш, Сяргей Дубавец, Сяргей Законьнікаў, Аляксандар Лукашук, Іван Макаловіч, Вінцэсь Мудроў, Уладзімер Някляеў, Вольга Паўлава, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Масей Сяднёў. 15 асобаў. Апрача таго, у мяне там былі цытаты з розных пэрыядычных выданьняў, з газэтаў і часопісаў. То пяць зь іх таксама патрапілі пад забарону Пашкова. Гэта часопіс «Дзеяслоў» і газэты «Народная воля», «Наша ніва», «Наша слова», «Свабода» і беластоцкая «Ніва».

— Чым жа апраўдвалі Пашкоў і яго падначаленыя свае дзеяньні?

— Я спрабаваў яму тлумачыць: «Гэта ж з Уладзімера Арлова цытата, чаму вы яе выкідаеце, ён жа ў школе праходзіцца, у хрэстаматыях для сярэдняй школы
Я спрабаваў яму тлумачыць: «Гэта ж з Уладзімера Арлова цытата, чаму вы яе выкідаеце, ён жа ў школе праходзіцца ...

ёсьць». А Пашкоў мне адказвае: «Быў у хрэстаматыях, цяпер яго ўжо там няма». Маўляў, трапіў Арлоў у «нячэсныя» пісьменьнікі. І пра вас была гаворка таксама. Я адстойваў некалькі цытатаў, узятых з вашых твораў, але Пашкоў заявіў: «Ні ў якім разе — ён жа працуе на „Свабодзе“!» Выкінулі цытаты і з Івана Макаловіча, з яго дэтэктыўнай аповесьці, якая была напісана, і я пра гэта казаў Пашкову, яшчэ ў даперабудовачны час, калі Макаловіч быў галоўным рэдактарам газэты «Зьвязда». Але Пашкоў мне адразу сказаў: «Выкіньце яго, і ня будзем размаўляць. Гэта ж намесьнік Іосіфа Сярэдзіча, галоўнага рэдактара „Народнай волі“! Таксама некаторыя цытаты зь Ніла Гілевіча павыкідалі, хоць і ня ўсе. І гэта нанесла вялікую шкоду слоўніку. Разумееце, калі выкінуць дзьве цытаты, то фразэалягізм застаецца аголеным, без пацьверджаньня.

— А якія канкрэтна цытаты вас прымусілі зьняць?

— Ну, напрыклад, „да белых мядзьведзяў“. Завезьці каго-небудзь да белых мядзьведзяў — адправіць у канцэнтрацыйны лягеры на поўначы або на ўсходзе Расеі. Выкінулі, як быццам і не было ў нас гэтага. „Архіпэляг Гулаг“ таксама выкінулі. Хоць на гэты фразэалягізм у мяне былі цытаты з Васіля Быкава, з Рыгора Барадуліна, з Алега Лойкі, з другіх аўтараў, якія пацьвярджаюць ужываньне яго ў нашай літаратуры. Выкінулі і выраз „малодшы брат“ — беларусы ў адносінах да Расеі і расейцаў. Такое было тлумачэньне фразэалягізму. І ўсе прыклады, пачынаючы з Язэпа Лёсіка, пацьвярджалі — шырокаўжывальнага. Я спэцыяльна для яго даў ажно чатыры ўжываньні. Усё павыкідалі. Выраз „старэйшы брат“ таксама выкінулі з усімі цытатамі. Усяго са слоўніка ў „Беларускай энцыкляпэдыі“ выкінулі больш за 500 цытатаў. Я пасьля падлічыў — 56 фразэалягізмаў засталіся аголенымі, без пацьверджаньня іх ужываньня. Я тлумачыў гэта Пашкову — так нельга пакідаць, без пацьверджаньня. Што рабіць — здымаць фразэалягізмы?». «Пакідайце так, без цытатаў,» — быў адказ. І так яны засталіся без пацьверджаньня.

— Дык я ўсё ж не зразумеў: з вашага слоўніка здымаліся «крамольныя» выразы, ці ўвогуле выкасоўваліся ўсе непажаданыя прозьвішчы?

— Думаю, што і тое, і тое рабілася. А часам выдавецтву проста здавалася, што ў той ці іншай цытаце ёсьць нешта палітычнае. Скажам, да фразэалягізму «выпростваць сьпіну» давалася цытата з Сяргея Законьнікава: «Пад сатрапаўскім ціскам мяккіх ічыгаў Сталіна, якія з замілаваньнем апяваліся ў многіх мастацкіх творах, ня толькі нашаму народу цяжка было выпрастаць сьпіну». Выкінулі. На фразэалягізм «павесіць замок на рот» у мяне было некалькі цытатаў, у тым ліку і з Барадуліна: «Няхай жыве народ / у думцы, згодзе, бунце — / яму замок на рот / павесіць не спрабуйце». Выкінулі. Да выразу «гамбургскі рахунак» давалася цытата з Арлова: «Ці ведаем па гамбургскім рахунку мы самі, дзе гэтая краіна Беларусь? Менавіта краіна, а ня месца жыхарства. Ці ўмеем мы ёю ганарыцца?». І гэта выкінулі.

— Ці маецевы вы намер калі-небудзь перавыдаць свой слоўнік — ужо без цэнзурных скаротаў, вярнуўшы ўсе 500 зьнятых цытатаў і 15 забароненых аўтараў?

— Ведаеце, слоўнікі выдаюцца вельмі рэдка. Прыкладна раз на два десяцігодзьдзі, і то, калі ёсьць на гэта прычыны, калі слоўнік нашмат дапоўнены. А я ўжо сабраў усе фразэалягізмы, якія ёсьць у беларускай літаратурнай мове, і яны мною апісаныя. Шкада толькі, што некаторыя так і засталіся на старонках пэрыядычных выданьняў, ня трапілі ў апошні, самы поўны слоўнік. Наўрад ці я пасьпею яго перавыдаць. Мне ж ужо 88 гадоў.

— Часам можна пачуць з вуснаў кіраўніка краіны, што ў нас з Расеяй адна родная мова. Ці можа існаваць незалежная Рэспубліка Беларусь без беларускай мовы?

— Пра гэта ня можа быць і гаворкі! Якая ж гэта дзяржава без сваёй мовы? Толькі
У Гарадзенскім унівэрсытэце ў пачатку 90-х гадоў на беларускае аддзяленьне набіралі 125 чалавек, летась — 18, а сёлета — 12 ...

ў Беларусі можна аплёўваць мову з самых высокіх трыбунаў. Толькі ў Беларусі мову тытульнай нацыі паставілі ў такое ганебнае становішча. І сам кіраўнік краіны, калі выступае, з насьмешачкай пра беларускую мову гаворыць. А гледзячы на яго, і падначаленыя так сябе паводзяць. У Гарадзенскім унівэрсытэце ў пачатку 90-х гадоў на беларускае аддзяленьне набіралі 125 чалавек, летась — 18, а сёлета — 12. Завочнае аддзяленьне зусім скарацілі — няма куды разьмяркоўваць выпускнікоў, бо школы закрываюцца, месцаў вакантных мяна. Цяжка ўявіць, што далей будзе. Здаецца, горш ужо ня можа быць.

— Як вы лічыце, ці зьменіцца што да лепшага ў Беларусі пры гэтай уладзе?

— Пры гэтай уладзе нічога да лепшага ня зьменіцца, бо ўлада гэтая вядзе мову на далейшае вынішчэньне. І ўсе чыноўнікі прыкрываюцца: у нас жа дзьве дзяржаўныя мовы! Толькі скажы што — у нас жа дзьве мовы! У нашым унівэрсытэцэ ўжо нічога беларускага не засталося, апрача шыльды, якая вісіць на будынку. Раней, калі быў рэктарам Маскевіч, дакумэнтацыя па-беларуску вялася, і вучоны савет праводзіўся на беларускай мове. А цяпер — усё па-расейску, як быццам жывем мы ў правінцыі Расеі, дзе-небудзь у Смаленску. Не было горшых часоў. Горай было хіба толькі пры царызме.