Хто ўзарваў мэтро? XIII. Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»
У судзе быў прадэманстраваны відэазапіс сьледчага экспэрымэнту, на якім Канавалаў сабраў бомбу, падобную да той, якая ўзарвалася на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Кампанэнты бомбы імітаваліся локшынай, дражэ ды іншымі прадуктамі — што, відаць, удалося хутчэй набыць у бліжэйшай краме. Аднак на стомленым твары Канавалава не заўважалася ніякага зьдзіўленьня — гэта я пра відэа. Жывы ж Канавалаў у судзе моўчкі назіраў за відэазапісам экспэрымэнту, нічым не паказваючы сваю згоду зь ім ці, наадварот, нязгоду.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Распавядзем пра тое, што паказвалі на экране, падрабязьней. Экспэрымэнт праводзіўся 20 красавіка, то бок праз 8 дзён пасьля арышту Канавалава, але было бачна, што ён яшчэ не ачуняў ад шоку пасьля арышту: шэры твар, ціхі голас, затарможаная рэакцыя, нейкі быццам адстаронены позірк... Можна было, аднак, уявіць, што чалавек, затрыманы паводле падазрэньняў у такім жудасным злачынстве, і ня можа інакш сябе паводзіць, тым болей што ён прызнаецца ў зробленым, цалкам бярэ адказнасьць за тэракт на сябе. Адзначу пры гэтым, што, як і на відэа допыту 13 красавіка, сьлядоў зьбіцьця, сьвежых ці даўніх, на твары Канавалава бачна не было.

Экспэрымэнт праводзілі міліцыянт Клімовіч і экспэрт Стобар. Мэтай экспэрымэнту была імітацыя вырабу выбуховых рэчываў, якія ўжываліся ў бомбах 2008 і 2011 гадоў. Спачатку Канавалаў тлумачыў і імітаваў выраб «кісы» (трыперакісу ацэтону), якую выкарыстоўваў у сваіх бомбах як дэтануючую выбухоўку. У ёмістасьцях былі імітатары, якія Канавалаў называў па-сапраўднаму і тлумачыў свае дзеяньні: «Адмяраю сто грамаў ацэтону... на гэты аб’ём бяру ... пакункаў гідрапэрыту... даліваю кіслату... асадак фільтрую... высушваю...»

Паўтараю ня слова ў слова, бо, лічу, ня варта ствараць яшчэ адзін дапаможнік для вырабу бомбы. Хоць, як казаў на допыце Канавалаў, у інтэрнэце такія сакрэты лёгка знайсьці, набраўшы адпаведныя словы ў пошукавіку.

Але пойдзем далей. Як быў выкананы другі пункт экспэрымэнту — выраб асноўнай выбухоўкі? Канавалаў апісваў, як браў аміячную салетру, драбніў у місцы ўратрапін (сухі сьпірт, які можна набыць ў выглядзе таблетак), награваў сумесь на электрычнай плітцы... Збольшага тэхналёгія была прадэманстраваная ня надта складаная. Прычым звонку падавалася, што яна была па сілах любому дастаткова акуратнаму і ўважліваму чалавеку.

Зь лёгкасьцю справіўся Канавалаў і з задачай сабраць дэтанатар. Рухі яго былі ўпэўненыя, над пасьлядоўнасьцю не задумваўся, рабіў усё як на аўтамаце. Зьдзівіла прастата канструктарскай думкі: дэтанатар, аказваецца, магчыма зрабіць са звычайнай лямпачкі ад кішэннага ліхтарыка. Бярэцца лямпачка і награваецца запалкамі. Потым яе колбачка акунаецца ў халодную ваду, шкло лопаецца, а вальфрамавая нітка застаецца некранутай. На яе наляпляецца плястыфікаваная раней «кіса», якая для гермэтызацыі абгортваецца алюмініевай фольгай. ( Гэтымі тлумачэньнямі Канавалаў суправаджаў зборку дэтанатара). Драты, прыпаяныя да лямпачкі, другімі канцамі выводзяцца да бяздротавага званка, які будзе прымаць сыгнал ад пульта. У бяздротавым званку ёсьць батарэйка, пасьля атрыманьня сыгналу з пульта ідзе імпульс току на лямпачку. У выніку сьпіраль імгненна награваецца і ўзрывае «кісу», ад чаго ўзрываецца асноўная выбухоўка.

На экспэрымэнце Канавалаў сабраў дэтанатар за 57 сэкундаў. Паводле сьледзтва, такі дэтанатар быў у бомбе 2011 году ў мэтро. І ў бомбах 2008 году былі дэтанатары падобнай канструкцыі. Паглядзім, ці пераканаў сьледчы экспэрымэнт судзьдзяў?


http://www.youtube.com/embed/LaPOm1wBq8s


Прысуд, ст.56. «З пратаколу сьледчага экспэрымэнту ад 20.04.2011 з удзелам адмыслоўцаў бачна, што Канавалаў Д.Г. паўтарыў працэс вырабу і стварыў імітатары выбуховых прыстасаваньняў, якія былі ім усталяваныя ў ноч на 4 ліпеня 2008 году ў раёне праспэкту Пераможцаў у г. Менску».

Далей у прысудзе даецца спасылка на выбуховатэхнічную экспэртызу ад 8.06.2011. Паводле гэтай экспэртызы, Канавалаў мог сабраць бомбы 2008 году пры абставінах, якія ён назваў на сьледчым экспэрымэнце, а іх канструкцыя, мэханізм і спосаб падрыву таксама адпавядаюць таму, што ён тады паказваў. Для параўнаньня экспэрты бралі часткі бомбы, якая не разарвалася на праспэкце Пераможцаў, і фрагмэнты бомбы, якая ўзарвалася ў тую ж ноч на 4 ліпеня.


http://www.youtube.com/embed/T15TQXQoLGo


Вельмі важны момант заключаецца таксама ў тым, што экспэрты пацьвердзілі канструктыўнае падабенства дэтанатара ад неўзарванай бомбы з самаробным дэтанатарам, які знайшлі падчас ператрусу 13 красавіка ў падвале Канавалава. Вось што пра гэта сказана ў прысудзе.

Прысуд, ст.56. «Згодна з заключэньнем комплекснай выбуховатэхнічнай і радыётэхнічнай экспэртызы № 1381сп ад 06.06.2011, самаробны электрадэтанатар, забраны з падвалу Канавалава, аналягічны самаробнаму электрадэтанатару, які быў выкарыстаны ў выбуховым прыстасаваньні, якое забралі 4 ліпеня 2008 году на праспэкце Пераможцаў, паводле спосабу вырабу, канструктыўнага выкананьня, ужытых рэчываў, матэрыялаў і вырабаў».


http://www.youtube.com/embed/FlTCoQj8wqA




Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?