Суд вырашыць, ці карміць Каваленку прымусова

Лідзія Каваленка

Маці галадоўніка Сяргея Каваленкі абвергла зьвесткі, што сына пачалі прымусова карміць у псыхіятрычным шпіталі пры калёніі «Віцьба-3».
28 сакавіка Лідзія Каваленка сустрэлася зь лекарам псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі «Віцьба-3», куды напярэдадні паклалі яе сына, Сяргея Каваленку, які ад сярэдзіны сьнежня, зь перапынкам, працягвае галадаваць на знак пратэсту супраць крымінальнага перасьледу. Лідзія Каваленка кажа, што лекар назваў сваё імя, але прасіў яго не называць у мэдыях. Паводле зьвестак ад гэтага лекара, прымусова карміць Сяргея Каваленку яшчэ не пачыналі. Адміністрацыя шпіталя зьвярнулася па дазвол прымусова карміць Каваленку ў суд, адказ разьлічваюць атрымаць сёньня ўвечары ці на наступны дзень.

Лідзія Каваленка: «Яны чакаюць, каб ён памёр. І кропельніцу яму ня ставяць, як было на „Валадарцы“. Нічога, ніяк ня лечаць. Я спытала, чаму, дык лекар адказаў, што Сяргей адмовіўся».

Лідзія Каваленка сказала, што лекар адмовіўся паведаміць ёй дыягназ, які паставілі Сяргею Каваленку ў шпіталі:

«Сяргей не прызнае ніякага захворваньня па лініі іх псыхіятрычнага шпіталя. Але калі б яны не выконвалі загады зьверху, яны б маглі пакласьці яго ў цывільны шпіталь і пралячыць як трэба. Бо ён ужо важыў 48 кіляграмаў 5 дзён таму і можа памерці ў любы момант, але пакуль ніякай пэўнай мэдычнай дапамогі яму не аказваюць».
Сяргей не прызнае ніякага захворваньня па лініі іх псыхіятрычнага шпіталя.

Дзяжурны калёніі «Віцьба-3» адмовіўся даваць камэнтар адносна стану Сяргея Каваленкі.

Менавіта ў гэтай калёніі ў 2006 годзе трымаў галадоўку былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Як варта выходзіць з галадоўкі ў турэмных умовах? — спытаўся я ў былога палітвязьня. Аляксандар Казулін кажа, што спачатку трэба спажываць моцна разбаўленыя сокі, найперш маркоўны, потым дадаваць у рацыён пюрэ з гародніны, асабліва сельдэрэй. Праз тры тыдні можна пачынаць есьці вадкія кашы, найперш манную. Толькі праз тры месяцы пасьля галадоўкі можна пачынаць ужываць рыбу ці мяса. Але наколькі магчыма захоўваць такі рацыён у турэмных умовах? Што можна параіць Сяргею Каваленку, калі ён пачне выходзіць з галадоўкі?

«Сокавыціскалку яму дазволяць перадаць у турму. А моркву, буракі, яблыкі перадаць чалавеку, які выходзіць з галадоўкі, таксама дазваляюць, бо там разумеюць, што да чаго. Трэба на дзень вырабляць да двух літраў соку. А потым можна будзе перадаваць апэльсіны. Гэта сваякі змогуць таксама перадаць. Што да мэдпэрсаналу шпіталя, трэба разумець, што людзі ўсё ж заўсёды застаюцца людзьмі. Нават у тых умовах. Калі людзі бачаць, што адбываецца насамрэч, то ў іх і сэрцы адкрываюцца, і сьлёзы цякуць шчырыя. А ў выпадку Сяргея, мяркую, сапраўды можна разьлічваць на добрыя адносіны».

Сяргей Каваленка галадуе зь сярэдзіны сьнежня зь перапынкам на 20 дзён у студзені-лютым. Вязень пратэстуе супроць прысуду ў 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне рэжыму адбыцьця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.