Як можна ацаніць вынікі праведзенай апазыцыі акцыі на Дзень Волі? Чаму ўлада паводзіла сябе даволі стрымана? Ці стане сёньняшняя акцыя пачаткам больш актыўнай дзейнасьці дэмакратычных сілаў?
«Можа, гэта быў і сыгнал Эўропе»
Цыганкоў: Перш чым ацэньваць вынікі гэтага Дня Волі, варта нагадаць, што летась сілавыя структуры нават не дазволілі некалькім дзясяткам удзельнікаў ускласьці кветкі да помнікаў Купалы і Коласа. Ці можна сказаць, што цяперашнія некалькі тысячаў удзельнікаў шэсьця сьведчаць пра тое, што апазыцыя ўжо ачуняла ад пасьлявыбарчага шоку?
Быкоўскі: Сапраўды, варта дадаць, што людзі сабраліся, нават нягледзячы на вельмі неспрыяльнае надвор’е. Я, напрыклад, ня бачыў ніякай папярэдняй шырокай агітацыі. Тое, што людзі прыйшлі, сьведчыць, што частка грамадзтва ўжо ачуняла пасьля падзеяў 19 сьнежня.
Класкоўскі: Так, у параўнаньні зь леташнімі падзеямі мы бачым відавочна станоўчы трэнд. Мы назіраем з абодвух бакоў пэўныя рухі, бо ўлада ж дазволіла гэтае шэсьце. Дарэчы, так супала, што гэты дазвол быў дадзены менавіта тады, калі Лукашэнка знаходзіўся ў Маскве. Можа, сапраўды супала, а можа, там крамлёўцы параілі, што неабавязкова апанэнтаў біць дручкамі па галаве. А можа, гэта быў і сыгнал Эўропе — глядзіце, маўляў, не такое ўжо ў нас суцельнае зьверства ў краіне творыцца.
Што да падрыхтоўкі да акцыі, то фармальна пакуль не давалі дазвол, то нельга было агітаваць за шэсьце, бо за гэта можна трапіць пад адказнасьць паводле закону. Але, вядома, трошкі ўпусьцілі інфармацыйныя магчымасьці. У інтэрнэце, напрыклад, ішла пэўная самаарганізацыя. Магчыма, гэта ёсьць адлюстраваньнем пэўных разыходжаньняў сярод апазыцыі. На мітынгу гэта адчувалася, там, наколькі я разумею, прыхільнікі байкоту абсьвісталі спадара Карніенку, які спрабаваў казаць пра назіраньне за выбарамі.
Так што колькасьць удзельнікаў шэсьця, я лічу, дастаткова важкая. Болей цяпер цяжка было чакаць, бо такі цяпер стан грамадзтва.
Цыганкоў: Аляксандар ужо казаў пра стрыманую рэакцыю ўладаў. Перад гэтай акцыяй выказваліся перасьцярогі, што ўлада захоча адгуляцца на апанэнтах рэжыму за эўрапейскія санкцыі. Але такога не адбылося, чым гэта можна патлумачыць?
«Зараз ва ўлады няма нават ніякай неабходнасьці кагосьці палохаць і даказваць, што яна моцная»
Быкоўскі: Міліцыя не дала магчымасьці калёне адхіліцца ад маршруту, таму не было нават фармальных падстаў для разгону. Магчыма, трэба пачакаць, і тыя людзі, што выкрыквалі лёзунгі супраць Лукашэнкі, будуць неяк прыцягнуты да адказнасьці.
Чаму ўсё ж улада выявіла стрыманасьць? Я згодны з тымі чыньнікамі, што называў Аляксандар. Можа, ёсьць і іншыя абставіны, якія мы сёньня ня ведаем. Зь іншага боку, зараз ва ўлады няма нават ніякай неабходнасьці кагосьці палохаць і даказваць, што яна моцная.
Цыганкоў: Традыцыйна акцыя 25 сакавіка была пачаткам нейкіх далейшых веснавых акцыяў, палітыкі называлі гэта пачаткам гарачай вясны. У цяперашняй сытуацыі — ці здольная апазыцыя на працяг вулічнай актыўнасьці? Ці 25 сакавіка застаецца асобнай падзеяй, якая адзначаецца штогод, незалежна ад сытуацыі?
«У грамадзтве пануе апатыя»
Класкоўскі: Здаецца, і самі апазыцыянэры не ўскладаюць вялікія надзеі на вулічную актыўнасьць, разумеючы, што ў грамадзтве няма таго настрою. Леташнія спробы арганізаваць Народныя сходы былі дастаткова паказальныя. Лёзунгі былі вельмі прыгожыя, якія ўсіх закраналі. Ня кожны абываталь ведае гісторыю БНР, але інфляцыя і дэвальвацыя ўсіх чапляла. Але ж мы пабачылі, што Народныя сходы ня сталі масавымі.
У грамадзтве пануе апатыя, плюс вастрыня эканамічнай сытуацыі ўжо не такая. Ды і ўлада даўно асфальтавым катком прайшлася па апазыцыі, даўно ўсё прыдушыла.
Калі ж падсумаваць, то я лічу, што сёньняшняя акцыя прайшла дастаткова годна, і ў сэнсе маральным гэта добры імпульс для тых сілаў, якія хочуць пераменаў.