X. Хто ўзарваў мэтро? Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»
На працэсе выступілі сьведкі, якія заявілі пра боязь Канавалава здаваць адбіткі пальцаў, каб яны ня трапілі ў базу дадзеных міліцыі. Пра гэта паведаміла сьведка Натальля Каралёва, знаёмая Канавалава. Паводле дзяўчыны, увосень 2008 году Дзьмітрый сказаў ёй, што баіцца здаваць адбіткі пальцаў, бо тады стане вядома пра яго датычнасьць да выбуху на праспэкце Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Другім сьведкам стаў І. Буйневіч, знаёмы Кавалёва, які ўзяўся дапамагчы Канавалаву пазьбегнуць прызыву ў войска праз дапамогу знаёмага, якога меў у прызыўной мэдычнай камісіі. Паводле Буйневіча, Кавалёў распытваў яго пра такую магчымасьць і тлумачыў, што «ягонаму сябру нельга здаваць адбіткі пальцаў, бо ён нешта нарабіў» (Прысуд, ст. 58).

Тое, што на бомбе, якую знайшлі 3 ліпеня, апынуліся адбіткі пальцаў менавіта Дзьмітрыя Канавалава, пацьвердзіла і адмысловая экспэртыза ў межах сьледзтва ў справе пра тэракт у мэтро. Прысуд на гэты конт сьцьвярджае:

Прысуд, ст. 52. «Паводле высноў дактыляскапічнай экспэртызы ад 11.07.2008, дадатковай дактыляскапічнай экспэртызы ад 14.07.2008 і дактыляскапічнай экспэртызы ад 19.04.2011, знойдзеныя на складных частках і элемэнтах выбуховага прыстасаваньня, якое забралі 04.07.2008 на прылягаючай тэрыторыі каля дома № 23 на праспэкце Пераможцаў у г. Менску: сьляды пальца рукі пакінутыя безыменным пальцам левай рукі Канавалава Д.Г.; сьлед пальца рукі пакінуты вялікім пальцам левай рукі Канавалава Д.Г.; сьлед пальца рукі пакінуты вялікім пальцам правай рукі Канавалава Д.Г.»

Да ведама. У канцы студзеня 2012 году Віцебскі абласны суд у закрытым паседжаньні асудзіў на 3 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах паселішча віцебскага міліцыянта, экспэрта Руслана Сініцына, прызнаўшы таго вінаватым у службовай нядбайнасьці.

Руслан Сініцын — той самы экспэрт, які ў 2009 годзе ня ўзяў у Дзьмітрыя Канавалава адбіткі пальцаў і выдаў яму даведку, паводле якой той нібыта праходзіў дактыляскапію раней. Менавіта гэта, паводле суду, дазволіла Канавалаву пазьбегнуць адказнасьці за тэракт 2008 году і адкрыла яму шлях да новага злачынства — тэракту 11 красавіка 2011 году ў менскім мэтро.

Дарэчы, суд над Русланам Сініцыным пачаўся яшчэ падчас працэсу па справе аб тэракце і праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, бо справа нібыта ўтрымлівала дзяржаўныя сакрэты. Дагэтуль невядома, чаму Руслан Сініцын пайшоў на злачынства: Канавалаў даў яму грошы, аддзячыў па-іншаму ці была іншая прычына «службовай нядбайнасьці» супрацоўніка экспэртна-крыміналістычнага цэнтру Віцебскай абласной управы міліцыі. Таксама невядома, чаму працэс над Сініцыным, які мог заняць лічаныя дні, скончыўся толькі ў студзені 2012 году.


Руслан Сініцын — зьлева. Фота: Nspaper.by


Меркаваньні

Васіль Капцюх, бацька загінулага ў тэракце: «Бог усім судзьдзя, і любы чалавек у адказе за свае словы, за свае ўчынкі»

(Радыё Свабода, 19.03.2012)

Васіль Капцюх у тэракце 11 красавіка 2011 году страціў сына Рамана, якому быў усяго 21 год. Як Васіль Капцюх паставіўся да прысуду па справе аб тэракце і ці задаволіла яго тое, што днямі прысуд быў выкананы?

Васіль Капцюх: «Для мяне гэта вельмі балючая тэма, але, напэўна, нічога не бывае без прычын. З аднаго боку, хочацца сказаць словы: „Не судзіце, каб і вас не судзілі“, але ў той жа час... Было расьсьледаваньне, прайшоў суд, былі рэальныя доказы, факты, довады. І сказаць, што не вінаватыя гэтыя людзі, якім выставілі гэты прысуд, я не магу. Я быў на судзе, бачыў факты, бачыў здымкі, як яны несьлі гэтую торбу яшчэ да выбуху... Ня ведаю... Але хачу паўтарыць, што Бог усім судзьдзя і любы чалавек у адказе за свае словы, за свае ўчынкі».

Аўтар: «Калі прагучаў прысуд, вы яму паверылі?»

Васіль Капцюх: «Так. Вось калі б чалавек адмаўляў, ведаючы, што ён нічога дрэннага не рабіў... Але былі ж падзеі і папярэднія. Той жа Кавалёў прызнаў, што
я не прыхільнік сьмяротнай кары ў любым выпадку ...

перадаваў тратыл. І гэта ў судзе даказана. А для яго ж гэта быў пачатак, ён мог бы прадухіліць, ня раз мог бы сказаць, што рыхтуецца тэракт. Што да Канавалава, той увогуле маўчаў, не пярэчыў. І калі ўжо ў судзе прысуд агаласілі, немагчыма было сказаць, што там нейкія яўныя супярэчнасьці. Таму яны сядзелі ціхенька і слухалі. Калі не вінаваты, можна ж было сказаць, рот ніхто не закрываў. Сказаць: „Я не вінаваты, за што мяне так?“ Праўда? Але ніхто ня чуў гэтых словаў».

Аўтар: «Кавалёў не прызнаў сябе вінаватым у тэракце і ў апошнім слове. Але яшчэ пытаньне: пасьля таго мінула 3 месяцы, прысуд выкананы. Ваша меркаваньне адносна прысуду не зьмянілася ці зьмянілася?»

Васіль Капцюх: «Адносна сьмяротнага пакараньня я заўсёды быў супроць і застаўся на гэтай пазыцыі. Не лічу, што гэта дакладнае выйсьце. Той жа Канавалаў, мяркую, хацеў бы, каб гэта ўсё для яго хутчэй скончылася. Таму я быў бы за тое, каб ён усё сваё далейшае жыцьцё думаў пра тое, што зрабіў. Сам бацька, я адчуў, што значыць страціць дзіця, таму я не прыхільнік сьмяротнай кары ў любым выпадку. Час ідзе. Нядаўна быў дзень народзінаў сына, прыйшлі ягоныя сябры, але я ж адчуваю, што ўсё, гэта ўсё. І ўяўляю, што такое для маці гэтых асуджаных такі вынік. Бо ўсе дзеці нараджаюцца добрымі, няма ніякіх злых думак у іх, гэта ўсё недахопы выхаваньня. Няма такога, каб чалавек нарадзіўся забойцам. І натуральна, што любы бацька будзе думаць пра сваё дзіця, што тое не магло гэта зрабіць. Бо ня можа гэтак чалавек рабіць, гэтак не павінна быць. А ўсё астатняе — гэта недахопы грамадзтва».


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ