Чакаць, што Эўропа памяняе сытуацыю ў нас, нерэалістычна

Алесь Лагвінец

Госьць Свабоды – беларускі палітоляг Алесь Лагвінец.
Сёньня Рада Эўразьвязу пашырыла санкцыі на 12 асобаў. Пад санкцыі трапілі і 29 фірмаў зь Беларусі. Эўрапейскім бізнэсоўцам забаронена мець зь імі справы.

Абламейка: Учора ў інтэрвію аднаму з інтэрнэт-сайтаў Вінцук Вячорка, якога ня выпусьцілі за мяжу, сказаў, што Эўропе пара задумацца, ці Эўразьвяз – гэта клюб бізнэсмэнаў і эканомік, ці гэта нешта большае, якое адстойвае і нейкія агульныя каштоўнасьці. Ці бачыце вы гэты маральны аспэкт у пазыцыі Эўропы і ці згодныя вы зь Вінцуком Вячоркам?

Лагвінец: Эўрапейскі Зьвяз – і першае, і другое і трэцяе. Гэта і клюб капіталістычных эканомік, гэта і супольнасьць каштоўнасьцяў, гэта і дзяржавы-чальцы, якія маюць свае геапалітычныя стратэгічныя інтарэсы. Таму тыя рашэньні ЭЗ, якія мы маем сёньня, – гэта вынік магчымай палітыкі. Сёньня Эўрапейскі Зьвяз наўрад ці здольны ўвесьці паўнамаштабныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. Гэта трэба ўлічваць. Чакаць, што ЭЗ памяняе радыкальным чынам сытуацыю ў Беларусі, нерэалістычна. Гэта неадэкватная ацэнка сытуацыі ў краіне. Можна было б памяняць сытуацыю ў краіне, калі б за дэмакратычнымі сіламі адчувалася моцная актыўная падтрымка грамадзтва. На вялікі жаль, гэтага мы ня маем. Але ў той жа час трэба быць удзячнымі Эўразьвязу, які падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасьць. І больш за тое, ён прымае пэўныя абмежавальныя дзеяньні ў дачыненьні да тых людзей і фірмаў, якія наўпрост супрацоўнічаюць з рэжымам або выконваюць волю рэжыму.

Абламейка: Чым скончыцца, на вашу думку, цяперашняя канфрантацыя паміж Брусэлем і Менскам?

Лагвінец: Я не выключаю таго, што праз пэўны час можа распачацца дыялёг, паколькі мячык на баку ўладаў у Менску, а дзеяньні ўладаў у Менску нагадваюць ківач, які рухаецца то ў адзін бок, то ў другі. І калі іх моцна прыціснуць на Ўсходзе і ў іх ня будуць спрацоўваць дамоўленасьці з Кітаем або з Іранам, я думаю, уладам у Менску нічога не застанецца як спрабаваць наладжваць нейкія адносіны з Эўрапейскім Зьвязам. Больш за тое, мы ведаем, што бальшыня палітычных вязьняў у лукашэнкаўскай аўтарытарнай Беларусі былі выпушчаныя да тэрміну, які прадугледжваў іхны несправядлівы прысуд.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

Your browser doesn’t support HTML5

Гутарка з Алесем Лагвінцом, 23 сакавіка 2012 году