Пад санкцыямі ўжо 243 асобы на чале з Лукашэнкам

Апрача таго, эўрапейскім кампаніям забаронена працаваць з 32 беларускімі кампаніямі, якія належаць Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву, Анатолю Тарнаўскаму.
Міністры замежных спраў 27 краін Эўразьвязу зацьвердзілі новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў, пад забарону выдачы эўрапейскіх віз і замарожваньне актываў трапілі яшчэ 12 асобаў, зьвязаных зь беларускім рэжымам. Апрача таго, санкцыі ўведзеныя супраць 29 фірмаў, якія належаць тром беларускім алігархам: Уладзімеру Пефціеву, Юрыю Чыжу і Анатолю Тарнаўскаму. Усяго лік прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія трапілі пад эўрапейскія санкцыі, склаў 243. Беларускіх кампаніяў, зь якімі ня можа супрацоўнічаць эўрапейскі бізнэс, цяпер 32.

Санкцыі супраць Юрыя Чыжа, Анатоля Тарнаўскага, іхніх фірмаў, кампаніяў Уладзімера Пефіцева, а таксама яшчэ дзесяці прадстаўнікоў беларускіх уладаў, адказных за рэпрэсіі, уступяць у сілу ў бліжэйшую суботу, пасьля афіцыйнай публікацыі рашэньня Рады Эўразьвязу.

Усім фігурантам сьпісу забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, а іхнія банкаўскія рахункі, калі такія выявяцца ў Эўропе, падлягаюць замарожваньню. Што да 29 фірмаў, якія належаць тром беларускім алігархам, то эўрапейскаму бізнэсу будзе забаронена заключаць зь імі новыя кантракты, але ўжо дзеючыя кантракты можна завяршыць.

Мэта гэтых санкцыяў Эўразьвязу — спыненьне ў Беларусі рэпрэсіяў і вызваленьне палітвязьняў, заявіла кіраўніца зьнешняй палітыкі Зьвязу Кэтрын Эштан:

Your browser doesn’t support HTML5

Кэтрын Эштан пра беларускае пытаньне (відэа)

«Я надзвычай занепакоеная тым, што адбываецца з грамадзянскай супольнасьцю, — сказала Эштан. — Мы далі вельмі ясна зразумець рэжыму ў Беларусі, што ён павінен вызваліць палітычных вязьняў. Наша супрацоўніцтва з уладамі адновіцца, калі яны выканаюць тое, пра што мы іх прасілі».

Гіда Вэстэрвэле

Нямецкі міністар замежных спраў Гіда Вэстэрвэле выказаў упэўненасьць у безальтэрнатыўнасьці палітыкі санкцыяў адносна беларускіх уладаў:

«Лукашэнка — апошні дыктатар у Эўропе. Мы ня можам проста назіраць, як у Эўропе ўціскаюць людзей, арыштоўваюць, і цэлыя сем’і пакутуюць. Таму неабходна, каб мы працягвалі палітыку санкцыяў».

Радаслаў Сікорскі

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі не хавае, што ня зьвязвае з гэтымі санкцыямі празьмерных спадзеваў. Ён мяркуе, што санкцыі ня зьменяць палітыку Аляксандра Лукашэнкі:

«Гэта, хутчэй, выказваньне нашай салідарнасьці зь беларускім грамадзтвам і нэгатыўнай ацэнкі таго, што робяць улады. Некаторыя палітычныя зьняволеныя знаходзяцца на мяжы сьмерці. Гэта ня можа быць пакінута без адказу».

Аляксей Кароль

Менскі палітоляг Аляксей Кароль прызнае санкцыі, уведзеныя сёньня Эўразьвязам супраць набліжаных да беларускай улады бізнэсоўцаў і іхніх фірмаў, «часткова эканамічнымі»:

«Але гэтыя санкцыі абмежаваныя і тычацца, хутчэй за ўсё, пэўных асобаў і актываў гэтых асобаў. Для іх гэта ўнушальна, і думаю, што менавіта з гэтай прычыны санкцыі выклікалі абурэньне як у іх саміх, так і ў Аляксандра Рыгоравіча. Так што гэта часткова эканамічныя санкцыі, але не такія поўнамаштабныя, пра якія казалі. На жыцьці звычайных беларусаў гэта не адаб’ецца, таму што тыя прэфэрэнцыі, якія давалі гэтыя эканамічныя сувязі, — яны ніякім чынам не адбіваліся раней на дабрабыце беларусаў і зараз не закрануць іх інтарэсаў».

Свой адказ на гэтыя санкцыі ЭЗ беларускія ўлады абазначылі, — перакананы спадар Кароль:

«Санкцыі на санкцыі, невыязныя на неўязных. Хутчэй за ўсё, яны будуць адсочваць тых актывістаў, якія ўхваляюць гэтыя санкцыі, і пашыраць свой закрыты сьпіс невыязных».

Сяргей Чалы

На жыцьцё звычайных беларусаў новыя санкцыі Эўразьвязу ніяк не паўплываюць, перакананы эканаміст Сяргей Чалы:

«Гэта не эканамічныя санкцыі, а ўсё яшчэ асабістага пляну захады, і ў большай ступені сымбалічныя. Яны ня столькі дадуць эканамічны эфэкт, колькі выклічуць раздражненьне ў нашых уладаў. Іншага варыянту ў іх, відаць, не было. Ісьці на нейкія поўнамаштабныя крокі, гандлёвае эмбарга не было магчымасьці дамовіцца, таму ўхвалілі такое кампраміснае рашэньне».

Вадзім Гігін

Рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін перакананы, што Эўразьвяз робіць захады, каб паўплываць на простых беларусаў, на тых, хто робіць у кампаніях Чыжа і Пефціева.

На думку праўладнага палітоляга, Захад хоча нанесьці максымальную шкоду беларускай эканоміцы і грамадзянам, але гэта не адбудзецца, бо беларуская ўлада зрабіла крокі па мінімізацыі шкоды. Перш за ўсё праз інтэнсыфікацыю інтэграцыі на постсавецкай прасторы. А беларускія бізнэсоўцы перанакіруюць свае сувязі на іншыя рэгіёны:

«Таму, на мой погляд, тая мэта, — а гэта зьмена палітычнага рэжыму, зьмена зьнешнепалітычнай арыентацыі Беларусі, — яна ня будзе дасягнутая. Навошта гэтыя санкцыі, якія прыводзяць толькі да кансалідацыі палітычнай сыстэмы Беларусі, гэта незразумела. Гэта нерацыянальная рэакцыя з боку Захаду».

Вадзім Гігін мяркуе, што рэакцыя афіцыйнага Менску будзе жорсткай:

«Санкцыі будуць жорсткія, яны будуць накіраваныя супраць тых здраднікаў і нягоднікаў, паскуднікаў, якія заклікаюць да гэтых санкцыяў унутры Беларусі. Яны павінны атрымаць вельмі моцны сыгнал ад нашага грамадзтва, ад нашай дзяржавы, што здраднікам быць нельга, калі ты здраднік — ты пастаўлены па-за грамадзтвам, табе няма месца ў сучасным грамадзтве».

Другім тыпам рэакцыі Менску будзе ўзмацненьне інтэграцыі Беларусі з Расеяй і Казахстанам, — мяркуе праўладны палітоляг Вадзім Гігін.

«Абсалютна натуральны працэс рэінтэграцыі постсавецкай прасторы, дзякуючы гэтым незразумелым і нерацыянальным крокам Эўразьвязу, значна паскараецца».