Гісторыкі Андрэй Чарнякевіч, Андрэй Вашкевіч і краязнаўца Ігар Лапеха лічаць, што помнік драўлянага дойлідзтва — гарадзенскі лямус — знаходзіцца ў небясьпечным стане. З гэтай нагоды яны зьвярнуліся ў пракуратуру Ленінскага раёну Горадні.
Лямус у гарадзенскім брыгіцкім кляштары быў пабудаваны ў 1630-я гады з драўляных брусоў. Тое, што ён захаваўся да нашых дзён, — унікальны выпадак. Прызначэньне лямуса было падвойнае: на другім паверсе захоўвалі розныя прыпасы, на ніжнім жылі манашкі. Фасад вылучаецца арачнай галерэяй на два паверхі. Дах пакрыты гонтай. Кляштарная забудова ў цэлым — помнік архітэктуры раньняга барока.