Старшыня БХК Алег Гулак атрымаў даведку ад міграцыйнай службы, што ён мае часовую забарону на выезд за мяжу.
«Яна называецца часовай, хаця час не ўказаны», сказаў Алег Гулак карэспандэнту «Свабоды».
«У якасьці падставы там было ўказана толькі тое, што ў зьвязку з грамадзянскім пазовам па лініі органаў юстыцыі. Празь Міністэрства юстыцыі гэтая забарона прыйшла. Не ўказана, ні які суд, ні якая справа, ні якая службовая асоба, нічога. Гэта ёсьць парушэньнем інструкцыі. Сёньня я спрабаваў разабрацца ў Міністэрстве юстыцыі. Пакуль я маю інфармацыю ад Міністэрства юстыцыі, што празь іх такая забарона не праходзіла.
Я, канечне, зьбіраўся паехаць за мяжу, у мяне была ў гэтым неабходнасьць. Але я не паехаў, бо які сэнс?».
Паводле Гулака, складана сказаць, чым выкліканыя такія дзеяньні ўладаў:
«Гэта электронная база дадзеных, і там можна ўсё адсачыць, адкуль інфармацыя прыйшла. Я зараз спрабую разабрацца, што гэта за інфармацыя і кім гэтая забарона ўведзеная. Пакуль падобна, што права тут і блізка не ляжала».