Юры Хадыка: Шанец уратаваць Каваленку – Пуцін

Юры Хадыка з жонкай Валянцінай Зімніцкай

Апазыцыйны палітык Юры Хадыка, які ў 1996 годзе амаль месяц трымаў галадоўку пратэсту, і ягоная жонка Валянціна Зімніцкая, разважаюць пра шляхі ратаваньня галадоўніка Сяргея Каваленкі.
Ганна Соўсь: У 1996 годзе вы трымалі амаль месяц галадоўку пратэсту супраць незаконнага арышту за Чарнобыльскі шлях. Цяпер у крытычным стане знаходзіцца галадоўнік, віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка. Як выратаваць ягонае жыцьцё? Як можна спыніць ягоную галадоўку?

Юры Хадыка: Мне вельмі шкада гэтага мужнага хлопца. Яму трэба патлумачыць, што ягонае жыцьцё больш карыснае для Беларусі, для нашага змаганьня за дэмакратычную вольную Беларусь, чым яго заўчасная сьмерць. Я думаю, ён ня вельмі добра разумее, што гэтай цяжкой ахвярай ён не паўзьдзейнічае на сыстэму, на гэтую ўладу, якая ня лічыцца з чалавечым жыцьцём, грамадзкай думкай. Я ня ведаю, што тут можна рабіць, толькі трэба зьвяртацца да ягонага розуму, да ягонага патрыятызму ўрэшце рэшт. Бо што дасьць ягоная сьмерць? Нічога ня дасьць.

Ганна Соўсь: Каваленку заклікалі спыніць галадоўку лідэр ягонай партыі Зянон Пазьняк, лідэры КХП-БНФ Юрась Беленькі, Валер Буйвал, пастар Эрнст Сабіла, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, эўрапейскія палітыкі. Ён не пагаджаецца спыніць галадоўку. У свой час Сяргея Дубаўца пусьцілі ў «Амэрыканку» да Славаміра Адамовіча, які трымаў сухую галадоўку пратэсту, і аргумэнты Дубаўца паўплывалі на Адамовіча. Як вы думаеце, хто можа ўгаварыць Сяргея спыніць галадоўку?

Юры Хадыка: Я ня ведаю, магчыма гэта ці не, але такі крок, вядома, быў бы вельмі карысным — калі б Казулін, напрыклад, прыйшоў да яго. Таму што ён таксама вытрымаў вельмі вялікую галадоўку, у яго ёсьць вопыт пераадоленьня. Я ў гэтым сэнсе не падыходжу: мае 25 дзён ні ў якое параўнаньне ня йдуць зь ім. Трэба ж яшчэ ведаць, што выхад з галадоўкі — гэта вельмі цяжкі працэс, тут трэба своечасова спыніць бессэнсоўнае галадаваньне. Так што я думаю, можа, зьвярнуцца, да Аляксандра Казуліна?

Ганна Соўсь: У свой час за вас заступіўся Барыс Ельцын, заклікаў Лукашэнку вызваліць вас. У выпадку з Каваленкам — хто можа заступіцца? Хто можа зьвярнуцца да Лукашэнкі, каб той вызваліў Каваленку? Ці ёсьць такі грамадзкі дзеяч ці палітык?

Юры Хадыка: Вядома, калі б Пуцін зьвярнуўся, дык быў бы вынік. Можа, у гэтым расслабленым стане, у якім Пуцін зараз знаходзіцца, перажываючы, што ягоная ўлада аказалася не настолькі моцнай, як ён разьлічваў, можа, ён сапраўды зьвернецца да Лукашэнкі з такога роду просьбай?

Валянціна Зімніцкая: Трэба такога чалавека, які б мог на Сяргея добра ўзьдзейнічаць, пагаварыць зь ім па душах. Я, напрыклад, калі хадзіла да Хадыкі на сустрэчы, калі мяне пускалі, я яму казала працягваць галадоўку, а на далоні пісала: «Працягвай галадоўку». Але Сяргею працягваць галадоўку сэнсу ўжо няма. Чым болей ён яе працягвае, тым менш мае магчымасьцяў застацца пасьля яе здаровым, бо руйнуюцца ныркі, пячонка. Калі ён будзе жывы і будзе нешта рабіць у барацьбе з гэтай сыстэмай, гэта будзе для краіны лепш, чым калі ён ахвяруе сабой.

Ганна Соўсь: Зваротаў да Каваленкі шмат. Ірына Халіп прапанавалі пісаць лісты яму ў турму. Каб спыніў галадоўку. «Ён патрэбен Беларусі жывы, а не мёртвы,» — заявіла на мінулым тыдні Халіп, маўляў, ягоная пакутніцкая сьмерць не ўскалыхне беларускае грамадзтва, ня ўзрушыць. Ці вы згодныя з гэтай тэзай?

Юры Хадыка: Згодны. Фактычна ён жа малавядомы грамадзтву, нават калі параўнаць з Казуліным — той быў тады кандыдатам у прэзыдэнты, гэта мела розгалас, за яго заступаліся за мяжой. Зь Сяргеем значна складаней. Ён шэраговы грамадзянін Беларусі, і тут трэба спэцыяльныя намаганьні, трэба шукаць магчымасьцяў выйсьці ці на Мядзьведзева, ці на Пуціна — не да кітайцаў жа нам зьвяртацца ці не да Ўга Чавэса. Гэта вельмі складаная сытуацыя, калі ён столькі дзён галадае і не прыслухоўваецца да думкі сваіх сяброў. Мне яго вельмі шкада.

Ганна Соўсь: Якая дылема ў лекараў у турэмным шпіталі — глядзець, як чалавек ідзе на пакутніцкую сьмерць ці прымусова вывесьці з галадоўкі?

Юры Хадыка: Ён стварае тупіковую сытуацыю. Дапамога лекараў будзе карыснай, калі ён прыме рашэньне выйсьці з галадоўкі, а калі ён ня хоча — дык ачуняе і зноў возьмецца.

Валянціна Зімніцкая: Застаюцца ж лічаныя дні. Бо для таго, каб выйсьці на таго ж самага Пуціна ці Мядзьведзева — патрэбен час. Застаюцца ж лічаныя дні. Бо для таго, каб выйсьці на таго ж самага Пуціна ці Мядзьведзева — патрэбен нейкі час, а тут трэба рабіць усё вельмі хутка, бо скончыцца вельмі дрэнна. Ня ведаю як, але трэба яго спыняць.

http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/347613.html

Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку 19 сьнежня, потым рабіў перапынак, а бесьперапынна трымае яе ад 8 лютага. Сяргей Каваленка асуджаны да 2 гадоў і 1 мнсяцу калёніі агульнага рэжыму за парушэньне ўмоваў так званай «хатняй хіміі». Такім чынам ён пратэстуе супраць прысуду.