Ян Румл: я за эканамічныя санкцыі і за спрашчэньне візавага рэжыму

У рамках Міжнароднага фэстывалю праваабарончага дакумэнтальнага кіно «Адзін сьвет» у гарадзкой бібліятэцы Прагі адбылася прэзэнтацыя і абмеркаваньне фільму беларускай журналісткі Кацярыны Кібальчыч «Беларуская мара», прысьвечанага падзеям Плошчы-2011.
У дэбатах узялі ўдзел чэскія праваабаронцы, у тым ліку адзін з падпісантаў Хартыі-77, былы міністар унутраных спраў і былы намесьнік старшыні Сэнату Чэскай Рэспублікі Ян Румл.

Выступаючы на адкрыцьці дэбатаў прадстаўніца чэскай арганізацыі «Грамадзянская Беларусь» Ліда Вацкава сказала:

«Для мяне гэты фільм — адназначна новае слова ў параўнаньні зь некалькімі іншымі, прысьвечанымі апошнімі выбарамі. Фільм важны тым, што ён мяняе наша бачаньне Беларусі, бо паказвае падзеі Плошчы-2011 вачыма не апазыцыйнага палітыка ці актывіста апазыцыі, але звычайнага беларуса. І фільм сьведчыць пра тое, што ў Беларусі адбываюцца зьмены, што погляды беларусаў, беларускага грамадзтва мяняюцца. Адначасова, на жаль, гэты фільм не прынёс мне надзеі на перамены ў бліжэйшым часе, але, зь іншага боку, ён дае надзею, што перамены ўсё ж адбудуцца».

У дэбатах узяў удзел і вядомы чэскі палітык і праваабаронца Ян Румл. У прыватнасьці ён сказаў:

Ян Румл

«Я выступаю за больш жорсткія санкцыі з боку Эўразьвязу і не разумею заяваў, што такія санкцыі маглі б пашкодзіць беларускаму народу. Гэтыя санкцыі накіраваныя супраць рэжыму Беларусі, а ня супраць беларускага народу... Санкцыі павінны быць больш жорсткія, а сьпіс людзей, якім забаронены ўезд у ЭЗ, павінен быць моцна пашыраны. Маглі б быць і эканамічныя санкцыі. А беларускі народ, наадварот, павінен быць заахвочаны, напрыклад, зьменай візавай палітыкі Эўрапейскага зьвязу, каб людзі, якія хочуць паехаць у Эўразьвяз на навучаньне або з пазнавальнымі мэтамі, не павінны былі б плаціць такія вялікія грошы за шэнгенскія візы. Я думаю, што ў сытуацыі, калі Беларусь ня здольная пераадолець эканамічныя цяжкасьці, паколькі краіна мае праблемы з дэмакратыяй, і гэта ўплывае на эканамічную актыўнасьць, таму і эканамічнае эмбарга з боку Эўразьвязу ня можа пашкодзіць. Мы ведаем, што Беларусь без расейскай эканомікі сёньня ўжо наогул эканамічна не існавала б. Так што я думаю, што санкцыі ЭЗ павінны быць больш жорсткія, а палітыка адносна людзей Беларусі, наадварот, павінна быць максымальна мяккаю».

Трэйлер фільму Кацярыны Кібальчыч «Беларуская мара»: