Вечарына памяці Міхася Ткачова

Міхась Ткачоў

12 сакавіка ў Менску ў сядзібе ТБМ пройдзе вечарына памяці Міхася Ткачова.
Яна прымеркаваная да 70-годзьдзя з дня нараджэньня гісторыка, археоляга, першага беларускага замказнаўцы, грамадзка-палітычнага дзеяча, які ўжо амаль дваццаць гадоў таму пакінуў гэты сьвет.

Адзін з арганізатараў гэтай імпрэзы, старшыня ТБМ Алег Трусаў — зямляк Міхася Ткачова. Ён ведаў свайго старэйшага калегу з амсьціслаўскага маленства, дзякуючы сяброўству іхных бабуляў і мацярок.

Алег Трусаў лічыць, што асобаў такога маштабу, як Міхась Ткачоў, пасьля яго адыходу няма ў беларускім грамадзтве:

«Апрача таго што гэта выў выбітны навуковец, аўтар кніг пра абарончую архітэктуру сярэднявечнай Беларусі, якія сталіся ў свой час бэстсэлерамі, ён быў і надзвычай аўтарытэтнай палітычнай фігурай канца 80-х — пачатку 90-х. Ткачоў — адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, намесьнік старшыні БНФ на пачатку стварэньня арганізацыі і першы лідэр адроджанай Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Ткачоў быў унікальным чалавекам, ён мог аб’яднаць і павесьці за сабой вялікія масы людзей, і вельмі шкада, што адышоў ён у маладым веку. Калі ён памёр дваццаць гадоў таму, Беларусь страціла магчымага кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь».

Ткачову быў уласьцівы і нязводны аптымізм. Прыкладна за год да сьмерці ў адным інтэрвію ён сказаў: «Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім ні вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлаблівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставіцца лёс яго жыцьця...»

Пачатак вечарыны памяці Міхася Ткачова — а 17-30 на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13).