Ці сапраўды ўлады гатовыя будуць дэ-факта ўвесьці сьпісы невыязных зь Беларусі ці гэта пакуль толькі новая тактыка перашкодаў для дзейнасьці апазыцыйных актывістаў? Ці могуць улады пайсьці на тое, каб унесьці адпаведныя зьмены ў заканадаўства? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч
Цыганкоў: Апошнія паведамленьні пра тое, што Анатоль Лябедзька ня быў выпушчаны з тэрыторыі Беларусі, Аляксандар Дабравольскі быў дагледжаны і высаджаны з цягніка на шляху зь Літвы ў Беларусь. Ці можна сказаць, што тактыка ўладаў палягае ў тым, каб псыхалягічна ціснуць на апазыцыйных актывістаў у тым ліку і такім чынам? Бо ўлады афіцыйна адмаўляюць наяўнасьць нейкага «сьпісу невыязных»...
Але апошнія падзеі супалі з інфармацыяй пра тое, што ўладамі нібыта рыхтуецца сьпіс са 108-мі чалавек, якім будзе абмежавана права на выезд. Але законна гэта зрабіць немагчыма. Існуючае заканадаўства не прадугледжвае такіх падставаў.
Стэфановіч: Па-першае, мы ня ведаем, што зьбіраюцца рабіць улады. Калі я камэнтаваў наконт сьпісаў, я падкрэсьліваў, што сёньняшняе заканадаўства не дапускае такіх падставаў. Там ёсьць пералік законных падставаў для часовага абмежаваньня права на выезд, і гэты пералік завершаны, ён не падлягае больш шырокаму тлумачэньню.
такія зьмены могуць не закранаць «шырокія народныя масы», бо абмежаваньне права на выезд можа быць накіраванае на пэўную групу — апазыцыянэраў, праваабаронцаў
Але пры жаданьні ўлады могуць унесьці зьмены і падагнаць заканадаўства пад канкрэтныя патрэбы. І мы вельмі шмат бачылі такіх прыкладаў. Той жа закон аб дактыляскапіі. Уладам трэба было правесьці масавую дактыляскапію, але закон такой магчымасьці не даваў. Тады былі ўнесены адмысловыя зьмены, што ўсе ваеннаабавязаныя павінны праходзіць дактыляскапію.
І гэта не адзіны прыклад. Тыя ж зьмены ў заканадаўства пасьля маўклівых акцыяў пратэсту, зьмены ў Крымінальны кодэкс пасьля справы Бяляцкага, паказвае, што такое можа практыкавацца, калі закон будзе падганяцца пад канкрэтныя сытуацыі.
І ў прынцыпе такія зьмены могуць не закранаць «шырокія народныя масы», бо абмежаваньне права на выезд можа быць накіраванае на пэўную групу — апазыцыянэраў, праваабаронцаў.