17 гадоў правёў у савецкіх турмах, лягерах і вар’ятнях вядомы савецкі дысыдэнт Міхаіл Кукабака. Упершыню адкрыта пра сваё іншадумства ён заявіў у 1968 годзе, калі яго хацелі паслаць у складзе савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну. Тады ён заявіў, што паверне зброю супраць акупантаў. На прапанову КДБ маскоўскі інстытут Сэрбскага прызнаў Кукабаку шызафрэнікам, яго прымусова лячылі. Адзін з апошніх прысудаў Кукабаку быў вынесены у аршанскай калёніі — 7 сакавіка 1985 году, тады яго асудзілі на 6 гадоў за антысавецкую дзейнасьць. Памілаваны, выпушчаны на свабоду і рэабілітаваны быў у часы перабудовы. Што ён думае пра магчымасьці вызваленьня беларускіх палітвязьняў, выніковасьць галадовак у турме, як згадвае сваіх дактароў і тагачасны прысуд — сёньня пра гэта Міхаіла Кукабаку запытала Алена Ціхановіч, патэлефанаваўшы ў Маскву.
Алена Ціхановіч: Як вы згадваеце свой прысуд, вынесены вам закрытым судом у аршанскай калёніі 7 сакавіка 1985 году?
Міхаіл Кукабака: Ён нічым не адрозьніваўся ад іншых, таму што мне проста проста працягвалі тэрмін за нязгоду «пакаяцца», прызнаць віну і гэтак далей. Пры Сталіне было так званае ОСО «особое совещание», падпісаў і ўсё. А ў брэжнеўскія часы ўжо крыху зьмяніўся выгляд суду. Адразу ў калёніі, не выпускаючы на свабоду, за 2 дні да заканчэньня тэрміну, ці за тыдзень да заканчэньня тэрміну, чалавека з лягера вывозілі ў сьледчую турму, казалі, што заведзеная новая крымінальная справа за нібыта працяг антысавецкай дзейнасьці ў лягеры. Гэта была тыповая фабрыкацыя
Ціхановіч: Ці быў на вас ціск, каб вы пакаяліся, выступілі з нейкім пакаянным допісам, і за гэта абяцалі вызваленьне, магчымасьці нармальнага жыцьця, нармальнай працы?
Але для гэтага патрабавалася падаць на памілаваньне, прызнаць цалкам віну, узводзіць паклёп на самога сябе, расказаць якім чынам перапраўляў артыкулы за мяжу і гэтак далей. Вось такая была плата за свабоду. Натуральна на такую здраду самому сябе і людзям, якія мне дапамагалі, спачувалі, я пайсьці прынцыпова ня мог. Тады ціск быў іншы. Маўляў, гузік не зашпілены — 15 сутак штрафнога ізалятара. Зразумела, што не за гузік ў ШЫЗА зьмяшчалі на паўгалодную пайку.
Ціхановіч: Як бы вы ўспомнілі свой вопыт лячэньня ў прымусовых псыхіятрычных лячэбніцах? Як вы глядзелі на лекараў? Гэта былі карнікі ў белых халатах? Ці яны тлумачылі, што іх іншага выйсьця ў іх не было? Цяпер шмат паралеляў з беларускай сытуацый напрошваецца...
Кукабака: Вельмі суб’ектыўна. Розныя людзі трапляліся і па-рознаму сябе паводзілі. Доктар Мыльнікаў у Пячорскім шпіталі быў нармальны савецкі лекар, але ён быў сапраўдным лекарам, і ў тых умовах быў максымальна гуманным. Але гэта выпадак амаль унікальны, адзіны, а ва Уладзімерскай псіхушцы лекар быў садыст, сталініст.
Ціхановіч: Згадваючы ваш вопыт галадовак, ці вы дамагаліся чаго з дапамогай галадовак? І што б вы параілі вашаму земляку Сяргею Каваленку, які цяпер на мяжы жыцьця і сьмерці галадае супраць несправядлівага прысуду?
патрабавалася падаць на памілаваньне, прызнаць цалкам віну, узводзіць паклёп на самога сябе, расказаць якім чынам перапраўляў артыкулы за мяжу і гэтак далей. Вось такая была плата за свабоду
Кукабака: Галадоўка — гэта вельмі далікатны і тонкі момант. Што такое галадоўка? Гэта калі чалавек спрабуе ахвяраваць жыцьцём. Асабіста я такім чынам галадоўкі не рабіў. Я праводзіў галадоўкі дэманстратыўныя, аднаднеўныя ў Сусьветны дзень правоў чалавека 10 сьнежня, і ў Дзень палітзьняволенага 30 кастрычніка. Але галадоўку на зьнясіленьне, на рызыку свайго жыцьця.. Ня ведаю... Бывае так: не выплацілі заробак, і ён абвяшчае галадоўку. Ты што хочаш памерці за тое, што месяц затрымалі заробак? Галадаць трэба з вельмі важнай нагоды, калі чалавек хоча сваё жыцьцё паставіць на кон. Як Марчанка, напрыклад, абвясьціў галадоўку і памёр уласна ад гэтай галадоўкі.
Ціхановіч: Як я вас зразумела. што знаходзячыся ў турэмных умовах недзе трэба быць прынцыповым, а недзе проста разумець, што жыцьцё — гэта найважнейшае, найкаштоўнейшае. Як вы ацэньваеце маральнае супрацьстаяньне паміж Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі палітычнымі апанэнтамі, якія цяпер сядзяць у турме, а ён заяўляе: яны самі ня хочуць выходзіць, не хочуць пісаць просьбу аб памілаваньні.
Кукабака: Ён карыстаецца вопытам савецкіх кіраўнікоў, якія таксама выцягвалі з людзей памілаваньні, раскаіваньні, штурхалі людзей да здрадніцтва, каб яны здрадзілі сваім перакананьням. Пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі амаральная. Нельга так рабіць. Чалавек можа толькі добраахвотна, пры зьмене абставін, пры назапашваньні нейкіх фактаў зьмяніць свой сьветапогляд. Гэта можа быць толькі ўнутранае пакліканьне. Нельга гэта рабіць гвалтам. Гэта ніколі ня будзе шчырым пад гвалтам. А нашто яму гэта? Дзеля прапаганды? Нармальныя разумныя людзі зразумеюць, што гэта было пад ціскам, і гэта гонару Аляксандру Лукашэнку не дадасьць.
Ціхановіч: Ці зьменшыць гэта гонар і аўтарытэт палітычную вагу тых палітыкаў, якія за кратамі падпішуць такое прашэньне?
Кукабака: Канечне, калі падпіша чалавек, значыць, дапусьціў нейкую слабасьць, некаторую капітуляцыю. Я так лічу, калі чалавек узяўся несьці крыж, ён павінен яго несьці да канца па магчымасьці. Але трэба сумяраць сілы, альбо ты не бярэшся, тады ты на тым узроўні, калі ў цябе сілы хапае, альбо калі ўзяўся, то не кажы, што ня можаш. Канечне, на захадзе гэта зразумеюць заўсёды, але я думаю, сам чалавек сябе заўсёды ня зможа паважаць.
Ціхановіч: Як вы думаеце, чаму ў Беларусі так доўга знаходзяцца палітвязьні за кратамі? І калі параўнаць з савецкім часам, з часамі савецкага дысыдэнцтва, які ў заходняга сьвету і цывілізаванай супольнасьці ёсьць мэханізм, каб націснуць на рэжым, каб ён іх вызваліў?
ня маюць рацыі тыя беларускія дысыдэнты, апазыцыянэры, якія выступаюць за ўзмацненьне санкцый супраць Беларусі.
Кукабака: Гэта самае складанае пытаньне і ня многія яго разумеюць, як гэта правільна вырашыць. Я асабіста лічу, што пытаньне павінна ісьці пра дзяржаўнасьць Беларусі, каб Беларусь не страціла сувэрэнітэт. У гэтым, натуральна, Расея не зацікаўленая. І тут дзеяньні ЭЗ і ЗША я лічу прынцыпова нявернымі. Так, Лукашэнка ва ўладзе, і ўсялякія санкцыі толькі ўскладняюць сытуацыю. Трэба наадварот максымальна дапамагаць Беларусі. Ніякіх санкцый. Так, санкцыі могуць быць супраць асобных асобаў, але толькі не супраць Лукашэнкі. Супраць выканаўчай ўлады трэба. Лукашэнку трэба вучыць, трэба даць яму свабодны доступ ў Эўропу, каб ён знаёміўся з эканомікай, з палітыкай. Ён жа палітычна не зусім пісьменны чалавек. Ён жыве савецкім мінулым. Але яго можна навучыць, і трэба навучаць.
Ціхановіч: Але Захад пачынаў як раз з палітычных заклікаў...
Лукашэнку трэба вучыць, трэба даць яму свабодны доступ ў Эўропу, каб ён знаёміўся з эканомікай, з палітыкай..
Кукабака: Палітычныя заклікі — гэта абсалютна слушна. Увесь час тыкаць носам на недахопы, на ягонае негуманнае стаўленьне да людзей, гэта так. Але ні ў якім разе не эканамічныя санкцыі. Трэба максымальна дапамагаць разьвіваць эканоміку Беларусі, максымальна эканамічна прывязваць да ЭЗ. таму што любы ведае, што ЭЗ не паглыне Беларусь, не пазбавіць сувэрэнітэту, а Расея гэта можа проста зрабіць. Але я думаю, што ня маюць рацыі тыя беларускія дысыдэнты, апазыцыянэры, якія выступаюць за ўзмацненьне санкцый супраць Беларусі.
Ціхановіч: Вы згодны, што Лукашэнка слушна зрабіў, што сядзяць у турме ягоныя два палітычныя канкурэнты , а Захад, нягледзячы на тое, што Саньнікаў, Статкевіч за кратамі, павінен супрацоўнічаць, эканамічна падтрымліваць Лукашэнку?
Кукабака: Ціск маральны, палітычны аказваць трэба. але не чапаць эканоміку ні ў якім разе. Будуць байкоты ладзіць і гэтак далей. Але ўсё роўна яны будуць сядзець, калі ён так вырашыў. Змагацца за іх свабоду трэба, але не эканамічнымі санкцыямі.