Лябедзька: «Гэта — тупіковы шлях»

Анатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў праз тэлефон «Свабодзе», што ён па-ранейшаму знаходзіцца на беларускай тэрыторыі на памежным пераходзе «Каменны лог»:
«Мне аддалі мой пашпарт. У ім няма ніякіх адзнакаў. Таксама аддалі аркушык, які выдаюць на пачатку працэдуры пераходу мяжы. На ім ужо былі пастаўленыя тры штампы. Усе яны затым былі ануляваныя. І ад рукі на лістку зрабілі допіс: «Вяртаньне ў РБ».

Анатоль Лябедзька сказаў, што па вяртаньні ў Менск ён зьвернецца ў адпаведныя інстанцыі, каб атрымаць тлумачэньні:

«Я лічу, што гэта антыканстытуцыйнае дзеяньне. Раней у мяне былі сытуацыі, калі мне забаранялі выезд зь Беларусі. Але тады знаходзілі хоць нейкія фармальныя падставы, каб гэта ажыцьцявіць. Зараз жа ў мяне няма ніякіх запазычанасьцяў перад дзяржавай — ні фінансавых, ні зьвязаных з адміністрацыйнымі альбо крымінальнымі справамі. Абсалютна нічога няма.

З гэтага я раблю выснову, што рашэньне палітычнае. Такім спосабам улады рэагуюць на рашэньне Брусэля, топчучы канстытуцыйныя правы сваіх грамадзян. Гэта — тупіковы шлях. Гэта ніякім чынам не паўплывае на рашэньні нашай партыі, на маю палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Гэта толькі яшчэ адзін штрых да партрэту беларускай улады, які яна сама малюе».

Разам з Анатолем Лябедзькам беларуска-літоўскую дзяржаўную мяжу перасякалі яшчэ пяць прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Усім ім дазволілі выехаць.