Сяргея Каваленку абяцаюць паказаць цывільным дактарам

Your browser doesn’t support HTML5

У СІЗА на Валадарскага адбылася сустрэча галадоўніка Сяргея Каваленкі з жонкай Аленай. Як паведаміла Алена Каваленка, яе муж зьбіраецца працягваць галадоўку, пакуль яго цалкам не апраўдаюць.
Каваленка схуднеў да 55 кіляграмаў, у яго пачаліся праблемы з ныркамі, назіраюцца іншыя небясьпечныя сымптомы. 7 сакавіка Сяргея Каваленку павязуць на агляд у цывільны шпіталь. Гэта, паводле Алены Каваленкі, паабяцала адміністрацыя «Валадаркі».

Вось што Алена Каваленка распавяла нашаму карэспандэнту пасьля спатканьня з мужам.

«Сяргей настроены вельмі рашуча, сказаў, што галадоўкі ён ня спыніць, пакуль ня пройдуць усе касацыйныя разгляды і ня здымуць абвінавачаньні.

Адчувае сябе, канечне, вельмі дрэнна, сам сказаў, што цела ягонае амаль зьнясіленае. Але духам ён вельмі моцны і трымаецца з апошніх сіл.

Лічыць, што вулічныя акцыі павінны застацца дзейным мэтадам барацьбы, заклікаў да гэтага апазыцыю. Сказаў, што гэта пакажа, хто сапраўдная апазыцыя.

Перадаваў наконт дактароў СІЗА-2 у Віцебску, што яны наўмысна падрывалі яму здароўе. Ён мяркуе, што тых лекараў павінны пазбавіць мэдычнай ліцэнзіі, бо яны парушылі клятву Гіпакрата, якой мусяць быць адданыя лекары. Сяргей сказаў, што дагэтуль ён жывы ня дзякуючы таму, што яго там спрабавалі карміць, а таму, што ён працягнуў галадоўку. Бо калі б ён працягваў есьці тыя двайныя порцыі супоў, якія яму давалі, ён бы ўжо памёр.

Пра ўмовы паведаміў, што сёньня яго перавялі ў іншую камэру, там вязьні да яго ставяцца зь вялікай павагай. У камэры ён не адзін, але людзі там яго падтрымліваюць».