Пуцін вучыцца ў Лукашэнкі

Маскоўская міліцыя ўчора разагнала частку ўдзельнікаў мітынгу «За сумленныя выбары» на Пушкінскай плошчы.
Арыштавалі каля 250 чалавек, на іх склалі пратаколы аб адміністратыўных парушэньнях. Паводле жорсткасьці дзеяньняў АМОНа маскоўскія падзеі нагадвалі разгон менскай Плошчы ў сьнежні 2010 году.

Пасьлявыбарчы мітынг расейскай апазыцыі на Пушкінскай плошчы ў Маскве, які сабраў каля 20 тысяч чалавек, быў дазволены ўладамі. Паліцыя пачала разгон рэшткаў дэманстрантаў, якія выказалі жаданьне застацца пасьля завяршэньня мітынгу і нават паставіць намёты.

Your browser doesn’t support HTML5

Разгон дэманстрацыі на Пушкінскай плошчы ў Маскве




Разгон быў жорсткі, былі задзейнічаныя экіпіраваны дубінкамі спэцназ і аўтазакі. Гэта вельмі нагадвала беларускія падзеі, сьведчыць маскоўскі журналіст Павал Шарамет:

Павал Шарамет

«Учорашні разгон быў брутальны, ён быў вельмі падобны да таго, што адбываўся 19 сьнежня ў Менску. Вядома, у Менску маштаб быў больш сур’ёзны, жорсткасьць была „адвязная“. Але па тым, што былі задзейнічаныя правакатары, як і ў Менску, і што хацелі справакаваць беспарадкі, паводле жорсткасьці, маштабаў і наступстваў гэта падобна. І, безумоўна, расейскія спэцслужбы ідуць шляхам беларускіх. Толькі, можа, зь нейкім спазьненьнем».

Розьніца хіба ў тым, што беларускі кіраўнік Лукашэнка ўжо ў міжнароднай ізаляцыі і спаліў масты, а Пуцін яшчэ хоча захаваць твар, кажа Павал Шарамет:

«Таму ня будзе такіх гучных судовых працэсаў, як у Беларусі, ня будуць пакуль лідэры апазыцыі сядзець у турмах месяцамі і гадамі. Але агульная танальнасьць дзеяньняў спэцслужбаў вельмі падобная».

Павал Шарамет прагназуе пасьлявыбарчую апатыю, але мяркуе, што пратэсты апазыцыі ў Расеі будуць працягвацца і атмасфэра ў краіне будзе заставацца напружанай.

У маскоўскім мітынгу на Пушкінскай браў удзел лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Ён мяркуе, што гаварыць пра паўтарэньне менскіх падзеяў у Маскве заўчасна. Расейская паліцыя не была такой брутальнай, як менскі спэцназ, а гарадзкія ўлады даюць апазыцыі дазволы на мітынгі, чаго ў Беларусі даўно няма.

Анатоль Лябедзька

«Трэнд, калі будзе каманда, можа быць і такі, але на сёньняшні дзень там усё-ткі іншая сытуацыя, і думаю, што ў галаве ні Пуціна, ні кагосьці зь яго атачэньня не было такога, каб садзіць кандыдатаў у прэзыдэнты ў турму, каб цкаваць людзей. Так, разагналі, але зрабілі гэта надзвычай мякка ў параўнаньні з тым, што адбываецца ў Менску».

Былы сустаршыня расейскай партыі «Правая справа» Леанід Гозман быў у Менску 19 сьнежня 2010 году. Ацэньваючы тыя дзеяньні Лукашэнкі, ён кажа, што тады сапраўды стаяла пытаньне пра ягонае існаваньне, захаваньне ва ўладзе, і гэтым быў справакаваны ягоны загад на жорсткі разгон. У Пуціна ж такой пагрозы і патрэбы не было, таму ягоны разгон Плошчы — неадэкватны, лічыць спадар Гозман:

Леанід Гозман

«У яго не было пагрозы ўладзе. Калі б ён пайшоў на нейкія перамоўныя дзеяньні, зрабіў бы хоць крок наперад, то гэтыя радыкальныя патрабаваньні засталіся б у меншасьці. Праблема ў тым, што ён сапраўды дзейнічае неадэкватна».

Леанід Гозман не выключае, што надалей Пуцін, як і Лукашэнка, будзе ўтрымліваць сваю ўладу паліцэйскімі дубінкамі:

«Ён загнаў сябе ў даволі складаную сытуацыю Ахмадзінэджада і Лукашэнкі, калі сталіца абсалютна яго не прымае і лічыць узурпатарам. Я думаю, што надалей пратэсты будуць, можа, меней масавымі, але болей жорсткімі. А на жорсткія пратэсты ён будзе адказваць так, як адказаў учора. І нічога добрага ні для кога ў гэтым няма».

Недэмакратычныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі аднолькава баяцца вулічных пратэстаў, кажа менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі. Але рэагуюць на гэтыя выклікі па-рознаму:

Аляксандар Класкоўскі

«Рэжым Пуціна ўсё ж такі стараецца безь вялікай патрэбы не перагінаць кій і ў большай ступені клапоціцца пра свой міжнародны імідж. І другое, Пуцін усё ж глядзіць у заўтрашні дзень і разумее, што хоць самі пратэсты ў Маскве, відаць, хутка суцішацца, але грамадзянская супольнасьць паказала зубы, яна не супакоіцца, і яму давядзецца напэўна весьці нейкую гульню, у пэўнай ступені адкручваць гайкі. У гэтым таксама адрозьненьне, бо беларускае кіраўніцтва пасьля кампаніі 2010 году зрабіла выснову, што трэба, наадварот, закручваць тыя гайкі як мага мацней».