Пуцін вяртаецца ў Крэмль. Рэакцыі

Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі ў першым туры. Кіраўнік ЦВК Расеі Уладзімер Чураў кажа, што Пуцін атрымаў 63,75%. Вынікі выбараў камэнтуюць палітолягі і грамадзкія дзеячы.
Назіральнікі АБСЭ і ПАРЭ лічаць выбары ў Расеі несправядлівымі

Анатоль Лябедзька: Упершыню за доўгі час мне падабаецца тое, што адбываецца ў Расеі

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька знаходзіцца ў Маскве зь візытам салідарнасьці з расейскімі дэмакратамі. Ён сустракаўся з расейскімі палітыкамі і журналістамі, сочыць за падзеямі на месцы. Ацэньваючы ход расейскай кампаніі, Лябедзька выказвае думку, што ў Беларусі выбары адбываюцца на парадак больш брутальна і жорстка.

Анатоль Лябедзька

«Упершыню за доўгія гады мне падабаецца тое, што адбываецца ў Расеі. І гэта ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Упершыню ня толькі Крэмль, але і Балотная плошча фармуюць грамадзкую думку ў Расеі. І інфармацыйны паток, які зараз ідзе ў нашую краіну, мае пазытыўны зьмест».

Спадар Лябедзька мяркуе, што пасьля выбараў Пуцін можа пайсьці на палітычныя рэформы з пазытыўным зьместам.

«Пуцін не хацеў бы вяртацца ў мінулае, а хацеў бы ісьці ў будучыню, а за гэта трэба таксама плаціць. Таму калі ў бліжэйшы час у Расеі пройдуць палітычныя рэформы, вынікам якіх стануць датэрміновыя выбары ў Думу, зьяўленьне правалібэральнай партыі, у якую ўвойдуць і Кудрын, і Прохараў, і Бялых, то будзе ўжо іншы палітычны расклад у Расеі. Калі яны пойдуць на тое, каб адкрыць нейкія шлюзы для грамадзянскай супольнасьці, каб яна станавілася больш моцнай, то гэта ўжо будзе іншая Расея. А для Беларусі гэта станоўча».

Анатоль Лябедзька лічыць вельмі важным, ці будуць працягвацца выступленьні неабыякавых грамадзянаў Расеі, якія прымусілі б Крэмль ісьці на такія рэформы і грамадзкі дыялёг з грамадзтвам.


«Мы прынялі рашэньне ў ёй ня ўдзельнічаць», — сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

Аляксандар Казулін: Пуцін будзе надалей выкарыстоўваць Лукашэнку

Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін мяркуе, што расейскія выбары паказалі, што іх улады ўлічваюць грамадзкія настроі:

Аляксандар Казулін

«Нягледзячы на тое, што ў Расеі таксама дастаткова аўтарытарны рэжым, яны рэагуюць на тыя выклікі, якія існуюць у грамадзтве. А мы — не».

Тым ня меней кампанія ў Расеі фактычна была безальтэрнатыўнай, з загадзя вядомым вынікам, мяркуе спадар Казулін. Былі створаныя такія ўмовы, што рэальная альтэрнатыва Пуціну паўстаць не магла.

Аляксандар Казулін прагназуе, што пасьля перамогі Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах адносіны Масквы і Менску істотна ня зьменяцца, Расея надалей будзе захоўваць прагматызм у адносінах зь Беларусьсю:

«Факты паказваюць, што Пуцін выкарыстоўвае Лукашэнку, і гэта ўзмоцніцца пасьля выбараў. Менску трэба будзе выконваць нейкія ўмовы, пра якія мы не заўсёды ведаем».


Здановіч: «Цяпер непаразуменьняў будзе значна меней»

Уладзімер Здановіч

«Я лічу, што стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй ніякім чынам пасьля абраньня прэзыдэнтам Уладзімера Пуціна ня зьменяцца. Будзе працяг працы па збліжэньні нашых эканомік, нашых сыстэм. У пэўны час мы пачалі будаваць саюзную дзяржаву. І, я думаю, гэтае будаўніцтва працягнецца», — завіў старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Ўладзімер Здановіч.

«Адносіны паміж нашымі краінамі, зыходзячы з таго, што яны складаюцца з адносінаў паміж нашымі людзьмі — беларусамі, расейцамі — яны павінны быць добрыя. Яны і раней былі добрыя, хоць і былі нейкія непаразуменьні. Думаю, што цяпер непаразуменьняў будзе значна меней».


Мілінкевіч: Абраньне Пуціна пагражае беларускай незалежнасьці

Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч не ацэньвае расейскія выбары як дэмакратычныя, але ня думае, што там былі такія татальныя фальсыфікацыі, як у Беларусі:

«Памятаючы аб тым, які мэнталітэт у расейцаў, а гэта мэнталітэт часта імпэрскі, мэнталітэт стварэньня вялікай краіны, Пуцін ангажаваўся ў гэтую справу, анансаваў, што будзе Эўразійскі саюз, і я думаю, што гэта таксама адыграла вялікую ролю. А для нас гэта небясьпека».

Але, ацэньваючы перамогу Пуціна, трэба зьвяртаць увагу і на тое, хто быў яму альтэрнатывай:

«А гэта перш за ўсё камуністы, якія таксама мараць аб аднаўленьні вялікай імпэрыі. Таму пагроза для нашай незалежнасьці існавала б пры любым раскладзе. Гледзячы на нашую трагічную гісторыю зь мільёнамі ахвяраў, мысьліш, што Пуцін — меншае зло, чым камуністы. Але цяпер даводзіцца думаць, а будзе надалей Беларусь ці не?»

Паводле спадара Мілінкевіча, адносіны Лукашэнкі і Пуціна кепскія, але ў палітыцы выбіраюць з таго, што магчыма:

«У палітыцы магчымага Лукашэнка задавальняе Расею, бо яму пасьля сварак з Захадам нічога не застаецца, апрача як будаваць Эўразійскі саюз, дзе мы будзем на пэрыфэрыі».

Сяргей Калякін: Пры такіх выбарах у Беларусі Лукашэнка б ня выйграў

Пры ўсіх хібах, пра якія кажуць назіральнікі, у Расеі пры падліку галасоў існуе больш справядлівасьці, чым у Беларусі, — перакананы лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін

«Там існуе магчымасьць кантролю за тым, што адбываецца. Фальсыфікацыі, вядома, ёсьць, але яны зьвязаныя з рознымі тэхналёгіямі тыпу карусэляў, укіданьня бюлетэняў. У нас іншая сытуацыя, таму ўзровень фальсыфікацыяў у нас значна вышэйшы. Калі б у нас былі такія ўмовы, то наўрад ці былі б тыя вынікі, якія ў нас атрымлівае Лукашэнка на сваіх прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта было б немагчыма».

Спадар Калякін прызнаецца, што прагназаваў, што Пуцін атрымае каля 57 працэнтаў галасоў, а ня дзьве траціны, як атрымалася.

«Тут у значнай ступені паўплывала і татальная прапаганда, няроўнасьць умоваў для ўзьдзеяньня на настроі выбарцаў, у Пуціна тут былі непараўнальныя магчымасьці. Гэта відавочнае парушэньне роўнасьці ў правах кандыдатаў. Але калі гэта параўноўваць зь Беларусьсю, то нельга не прызнаць, што і ў гэтым выбары ў Расеі былі значна больш дэмакратычнымі».

Сяргей Калякін параўнаў мэтады, якімі ўтрымліваецца ўлада ў руках Пуціна, з тым, як гэта рабілася ў Беларусі ў 2000-м годзе. Цяпер жа ў Беларусі іншая выбарчая сыстэма:

«У нас выбарац проста выключаны з вызначэньня выніку выбараў, у Беларусі ніяк не залежаць вынікі, якія абвяшчаюцца выбарчымі камісіямі, ад таго, як галасуюць людзі. Нават сябры камісіяў ня ведаюць пра фактычныя вынікі галасаваньня».

Сяргей Калякін мяркуе, што пасьля вяртаньня ў Крэмль Пуцін будзе працягваць тыя інтэграцыйныя праекты, якія былі запушчаныя раней — Мытны і Эўразійскі саюзы:

«А Лукашэнку прыйдзе час плаціць па тых абяцанках, якія дадзеныя пры атрыманьні прэфэрэнцыяў па нафце, газе і расейскіх крэдытаў. Рахункі будуць выстаўленыя. І я думаю, што ў беларускага боку ня будзе жаданьня плаціць па іх, ён будзе выкручвацца, што прывядзе да новага ўскладненьня адносін».


Паўловіч: «З Пуціным мы будзем рухацца яшчэ хутчэй»!

Намесьнік старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатоль Паўловіч заявіў, што пасьля абраньня Ўладзімера Пуціна расейскім прэзыдэнтам інтэграцыйныя працэсы паскорацца.

«Мы спадзяемся, што з улікам тых праграмаў, у якіх Пуцін напярэдадні выбараў выклаў сваё бачаньне далейшага разьвіцьця Расеі, і з улікам яго апошняга выказваньня на адрас нашай краіны пра тое, што нам трэба ісьці і далей сумесна, інтэграцыйныя працэсы паскорацца. Беларусь і Расея павінны скарыстаць тое, што мы напрацавалі ў сваіх плянах за апошні час», — кажа Паўловіч.

«І калі чытаеш ягоную праграму далейшага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі, калі бачыш, што запрацавала Адзіная эканамічная прастора, то, я думаю, мы разам будзем рухацца яшчэ хутчэй».


Уладзімер Ганчарык: Мяне добра ўразіла фігура Прохарава

Уладзімер Ганчарык

Паводле ўдзельніка выбарчай кампаніі ў Беларусі 2001 году, прафсаюзнага лідэра Ўладзімера Ганчарыка, вынік выбараў у Расеі прадказальны, а ўмовы, у якіх яны адбываліся, нашмат лепшыя, чым у Беларусі:

«Можна сказаць, што выбары ў Расеі больш дэмакратычныя, больш сумленныя, хаця абсалютна сумленных выбараў не бывае і ў Расеі таксама выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс. Мяне вельмі добра ўразіла фігура Прохарава, якая сьведчыць, што адносны выбар у грамадзян Расеі быў».

Ацэньваючы тое, як адаб’ецца вяртаньне Пуціна ў Крэмль на расейска-беларускіх адносінах, спадар Ганчарык сказаў:

«Я размаўляў сёньня з адным з расейскіх палітыкаў і выказаў спадзеў, што павінен быць больш прагматычны і рэалістычны падыход да той сыстэмы ўлады, якая сёньня ў Беларусі пануе».

Паводле Ўладзімера Ганчарыка, больш вінаваты ў тым, што адбываецца ў дачыненьнях з Расеяй, ня Пуцін, а Лукашэнка:

«Трэба разумець, што ў Расеі ёсьць свае стратэгічныя інтарэсы, Беларусь трапляе ў гэтыя інтарэсы, можна з гэтым згаджацца або не, але гэта факт. А ў тым, што самі пішчом лезем у саюзную дзяржаву і іншыя ўтварэньні, вінаватая тая сыстэма ўлады, якая ў нас ёсьць. Таму трэба самім думаць над гэтым пытаньнем».



Арцюшэнка: «Усё павінна быць прадказальным і пасьлядоўным»

Яўген Арцюшэнка

Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па гандлёва-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасьці Яўген Арцюшэнка ў размове са «Свабодай» выказаў сваё бачаньне пэрспэктываў супрацоўніцтва Беларусі і Расеі пасьля абраньня Ўладзімера Пуціна расейскім прэзыдэнтам.

«Калі глядзець на тое, што зробленае за апошнія гады з пункту гледжаньня інтэграцыйных працэсаў, то ва ўсім гэтым Пуцін удзельнічаў асабіста. Таму па вялікаму рахунку, я лічу, што гэта будзе толькі разьвіцьцё далейшых дачыненьняў», — кажа Арцюшэнка.

«Я думаю, што гэта зьвязана як з рашэньнем унутраных эканамічных праблем, так і з разьвіцьцём геапалітычных інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі. Таму ўсё павінна быць прадказальным і пасьлядоўным».