Замест «Ісуса Хрыста» — «Арфей і Эўрыдыка»

Сцэна з спэктаклю.

У Гомелі адмененыя гастролі Санкт-Пецярбургскага тэатру «Рок-опэра», што мелі адбыцца 4 сакавіка.
Прычынай стаў пратэст праваслаўных вернікаў супраць спэктаклю «Ісус Хрыстос — супэрзорка». Зь пяці заплянаваных гарадоў Беларусі «Ісуса Хрыста» пабачылі толькі ў Берасьці.

У аддзеле ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму сьцьвярджаюць, што пецярбургскі тэатар добраахвотна адмовіўся ад гастроляў.

Галоўны ідэоляг Ірына Даўгала: «Быў афіцыйны ліст гэтага тэатру, які папрасіў у зьвязку з „форс-мажорнымі“ абставінамі адкласьці паказ і перанесьці на больш зручны час. Матывацыя была такая, што ў іх зьмяніўся гастрольны графік».

Карэспандэнтка: «Ці паўплывалі на гэта звароты вернікаў, якія былі незадаволеныя гэтым спэктаклем?»

«Такія размовы ішлі. Размовы ішлі».

Супрацоўніца Эпархіяльнага ўпраўленьня праваслаўнай царквы ў Гомелі аб пратэстах вернікаў паведаміла наступнае:

«Было шмат подпісаў супраць гэтай опэры, супраць паказу яе ў Гомелі».

Карэспандэнтка: «Ці бачылі гомельчукі гэты спэктакль, ці ведаюць, пра што ён?»

«Не, канечне. Бо гэтулькі подпісаў было, што столькі людзей не магло гэтую опэру бачыць. Тым больш што ў нашым горадзе яе ніколі не паказвалі. Магчыма, сама назва людзям не спадабалася: „Ісус Хрыстос — супэрзорка“ — ну што гэта такое?»
Магчыма, сама назва людзям не спадабалася: „Ісус Хрыстос — супэрзорка“ — ну што гэта такое?

Тым часам тэатар «Рок-опэра» на сваім афіцыйным сайце таксама паведаміў, што гастролі былі забароненыя «ў сувязі з агрэсіўнай пазыцыяй шэрагу кіраўнікоў праваслаўных эпархій Беларусі». У выніку спэктакль не адбыўся ў чатырох зь пяці гарадоў Беларусі, у тым ліку ў Менску. У Магілёве «Ісус Хрыстос» быў заменены на «Арфея і Эўрыдыку», а ў Берасьці да апошняга моманту паказ спэктаклю заставаўся пад пагрозай зрыву. Паводле тэатру «Рок-опэра», спэктакль атрымаў падтрымку праваслаўнай царквы, а выканаўца галоўнай ролі Ісуса Хрыста нават атрымаў адмысловае дабраславеньне.

Прадстаўнік менскага эпархіяльнага ўпраўленьня Андрэй Алежка гэтак пракамэнтаваў сытуацыю: «У такіх пытаньнях падыход павінен суправаджацца асаблівай далікатнасьцю, бо рэлігійныя пачуцьці людзей — тая сфэра, якую вельмі лёгка можна параніць. І тут сам жанар „рок-опэра“ не зусім падыходзіць да біблейскай тэматыкі. Я не лічу, што гэта падстава для нейкага асаблівага абурэньня, бо хрысьціяне ўвогуле не павінныя абурацца і кагосьці асуджаць. Проста гэтая тэма не павінная быць закрытая для абмеркаваньня».

«Ісус Хрыстос — супэрзорка» — ня першы мастацкі твор на біблейскую тэму, забаронены для паказу на тэрыторыі Беларусі. Некаторы час таму з прычыны пратэсту вернікаў каталіцкага касьцёлу ў Менску быў забаронены паказ мастацкага фільму «Код да Вінчы».

Мастацтвазнаўца і кінакрытык Андрэй Расінскі: «„Код да Вінчы“ і „Ісус Хрыстос — супэрзорка“ — абсалютна розныя творы. Калі ў першым выпадку твор — чыстая пустышка, разьлічаная на скандал, то ў другім — вельмі таленавіны твор. Для вернікаў, канечне, гэта чыста мастацкая прыдумка, але многіх ня веруючых у свой час той жа „Ісус Хрыстос —супэрзорка“ прывёў у цэрквы і касьцёлы».

Музычны спэктакль «Ісус Хрыстос — супэрзорка» быў створаны Эндру Лойдам Уэбэрам і Тымам Райсам у 1970 годзе і пастаўлены на сцэне праз год пасьля напісаньня. На расейскай мове ў былым Савецкім Саюзе спэктакль упершыню быў паказаны ў 1989 годзе.