Туск: Жыве Беларусь!

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, камэнтуючы сытуацыю вакол практычна выдаленьня польскага амбасадара ды прадстаўніцы Эўразьвязу ў Менску зь Беларусі, зьвярнуўся да беларусаў на іхнай роднай мове са словамі падтрымкі.
Паводле кіраўніка польскага ўраду, «нэрвовая і даволі рэзкая» рэакцыя афіцыйнага Менску сьведчыць аб тым, што тып санкцыяў, які падтрымлівала і надалей падтрымлівае Польшча — гэта значыць, што паляпшэньне стасункаў павінна быць абумоўленае паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — пачынае перашкаджаць рэжыму.

«Кожнае рашэньне, жэст, які сьведчыць пра схільнасьць да дэмакратызацыі, павагі да правоў чалавека, ацэньваецца пазытыўна, і тады Польшча прапаноўвае зьмякчэньне санкцыяў і супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Так заўсёды адбываецца, калі на шалях свабода палітвязьняў. Але калі Беларусь адыходзіць нават ад тых нязначных спробаў дэмакратызацыі, Польшча прапаноўвае сваім эўрапейскім партнэрам, прычым робіць гэта эфэктыўна, увядзеньне санкцыяў. Санкцыяў перадусім супраць прадстаўнікоў рэжыму, якія найбольш заплямілі сябе захадамі супраць грамадзянаў Беларусі, у тым ліку і грамадзянаў польскага паходжаньня»

Дональд Туск падкрэсьліў, што Польчша і надалей будзе супрацоўнічаць зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй, бо для палякаў вельмі істотна, каб «мары пра дэмакратыю ды паляпшэньне ўмоваў (у Беларусі — рэд.) атрымалі больш рэальную пэрспэктыву».

Заявяршаючы выказваньне адносна послька-беларускіх дачыненьняў, прэм’ер-міністар Польшчы зьвярнуўся да беларусаў па-беларуску:

«Я хачу сказаць пару слоў да грамадзянаў Беларусі. Будзьце моцнымі, трымайцеся. Жыве Беларусь!»



«Калі на шалях будзе знаходзіцца лёс палітвязьняў, то Польшча заўсёды будзе выказвацца за ўвядзеньне санкцый,» — цытуе Дональда Туска беларуская служба Польскага радыё