Вянок памяці. Валер Булдык

Валер Булдык

27 лютага 2012 году ня стала беларускага кіна- і тэлеапэратара Валерыя Булдыка. Ён памёр на 66-м годзе жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы.
Валер Булдык нарадзіўся 8 лістапада 1946 году. Больш за 30 гадоў ён працаваў на Беларускім тэлебачаньні, зьняў сотні тэлепраграм, тэлеспэктакляў, дзясяткі тэлефільмаў.

Рэжысэр Юры Хашчавацкі кажа, што яму пашчасьціла пачынаць сваю творчую кар’еру менавіта з Булдыкам. Напачатку 1970-х яны амаль адначасова прыйшлі на Беларускае тэлебачаньне.

Юры Хашчавацкі: «Лепш, цікавей і папулярней апэратара не было. Зь ім марылі працаваць усе. Ён быў надзвычай цікавы як мастак, творца. Само зьяўленьне Валерыка ў групе азначала, што гэтая група займаецца творчасьцю. Пры ім, працуючы зь ім, немагчыма было не ствараць. Ён заўсёды штосьці прыдумляў, ён вельмі прафэсійна выстаўляў сьвятло. І гэтага адметнага, цудоўнага прафэсіянала проста прыбралі з тэлебачаньня».

Сярод найбольш значных апэратарскіх працаў Валерыя Булдыка — фільмы «Песьня пра зубра», «Новая зямля», «Паляваньне на апошняга жураўля», «Пагарэльцы», «Страсьці па Рагнедзе», «Белы сон», фільм-балет «Альпійская балада» і многія іншыя.

Галоўны апэратар Белтэлерадыёкампаніі Віктар Гуровіч кажа, што Валер Булдык быў надзвычай запатрабаваным адмыслоўцам сярод рэжысэраў і журналістаў. І ня змог больш заставацца на Беларускім тэлебачаньні, калі там ня стала магчымасьці працаваць сапраўды творча:
Кажуць, што апэратар павінен ня толькі бачыць, але і думаць. Гэта быў надзвычай думаючы, арыгінальны апэратар.

«Кажуць, што апэратар павінен ня толькі бачыць, але і думаць. Гэта быў надзвычай думаючы, арыгінальны апэратар. Ды й тэхнічна ён быў надзвычай прасунутым апэратарам. Але ў нас тады такі быў пэрыяд, што ўсё развальвалася. І яму ўвогуле і выкарыстаньня ўжо не было. Тады прыйшоў кіраўніком Рыбакоў. Валер сышоў спачатку да Валера Анісенкі ў Тэатар беларускай драматургіі. Потым, хоць і запрашалі, ён ня стаў вяртацца. Яму ўвогуле там было ўжо проста нецікава».

Апошнія гады свайго жыцьця Валеры Булдык працаваў на тэлеканале «Белсат». Найбольш значныя ягоныя працы на «Белсаце» — фільмы «Брэсцкая крэпасьць. Дзьве абароны», «Код прысутнасьці», «Крыжы Беларусі». Адзін з апошніх сваіх фільмаў, «Лабатамію», Юры Хашчавацкі рабіў разам з Валерыем Булдыкам:

«Да яго зь вялікай павагай і піетэтам ставіліся ўсе героі. Мы здымалі Барыса Нямцова, Юлію Латыніну, Паўла Фэльгенгаўэра для „Лабатаміі“. Яны адразу ж разумелі, што бачаць перад сабой кляснага прафэсіянала, і адразу ж іншая размова атрымлівалася пры ім».

Юры Хашчавацкі можа доўга распавядаць, якія добрым, чулым і спагадлівым сябрам быў Булдык. І як адноўчы Валер Булдык яго выратаваў, калі Хашчавацкага хацеў застрэліць інкасатар:

«Ну, так атрымалася выпадкова. І мне падаецца, што толькі ўсьмешка Валерыка прывяла гэтага чалавека, які ўжо дастаў свой пісталет „Макараў“, у пачуцьцё прытомнасьці, і той ня стаў націскаць на курок. Гэта таксама было… Сьветлая яму памяць. І я шчасьлівы, што працаваў разам з Булдыкам. Я вельмі рады, што мы працавалі зь ім разам да канца на нашай апошняй праграме».

Валер Булдык да апошніх дзён працаваў над праграмамі «Маю права» і «Экспэрт».

Пахаваньне Валерыя Булдыка адбудзецца 28 лютага.