Мікашэвічы. «Ня быць скотам» — гэта пра нас!"

Пасьля летніх маўклівых акцыяў, якія ахапілі ўсю краіну, увосень настала доўгае зацішша. І здавалася, што гэта надоўга, і сюрпрызаў ад беларускага народу чакаць ужо не давядзецца. Але сюрпрыз здарыўся там, дзе яго не чакалі. Далёка ад сталіцы і ад абласных цэнтраў. І сюрпрыз быў не ад аднаго ў полі воіна. А некалькі сотняў рабочых напісалі заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Каб стварыць прафсаюз незалежны.
Задубелыя ад холаду Мікашэвічы сустрэлі мяне велізарнымі сумётамі, адсутнасьцю людзей на халодных местачковых вуліцах і атмасфэрай напружанасьці. Зь незнаёмцам гаварыць пра падзеі на «Граніце» людзі не сьпяшаюцца. І зразумець іх можна. Толькі адзін чалавек перадпэнсійнага веку, якога я падвёз на машыне, абмаляваў сытуацыю. Мой суразмоўца з тых, хто вярнуўся ва ўлоньне афіцыйнага прафсаюзу.



— Тут заяваў панапісана багата было. Начальства пачало ціснуць.

— І забралі чалавек 80.

— Нават больш. Ня ведаю, як будзе далей.

— А вы самі выйшлі ці ня выйшлі?

— Я выходзіў. Але начальнік цэху напалохаў. Пойдзеш у адпачынак, ты страчваеш, будзем караць, не працягнем кантракту табе.

І на ільготную пэнсію можаш не разьлічваць?

— Ільготная будзе пэнсія. Але калі захочаш рабіць далей...

— І вы вырашылі застацца ў афіцыйным прафсаюзе. А ў вас ёсьць у душы жаль, што вось, зламалі...

— Ёсьць, канечне.

— А колькі вы працуеце на «Граніце»?

— Трыццаць трэці год.

— І колькі складае цяпер ваш заробак?

— Мільёны два. Я думаю, што посьпеху ня будзе. Сумар сказаў, што «я не дапушчу незалежнага прафсаюзу».

— А народ падтрымлівае?

— Ну канечне, падтрымліваюць.

Я сяджу на кухні ў звычайным спальным гета ў цёплай кампаніі маладых інтэлігентных людзей. Як жа яны не падобныя да сваіх паслухмяных і запалоханых бацькоў. Нават слова «пралетарыят», скампрамэтаванае за гады савецкай улады, да іх ня вельмі стасуецца. Па сваіх думках, па здольнасьці іх выказваць, па манеры гаварыць, ды нават па вачах гэтыя людзі кардынальна адрозьніваюцца ня толькі ад сваіх папярэднікаў, але і ад маіх аднаклясьнікаў — рабочых. Гэта людзі, якія ўжо не глядзяць БТ, ня слухаюць папсу і якім замала чаркі са скваркай. Падобна да таго, што ў краіне нараджаецца-такі новае пакаленьне рабочага клясу. Якое паводзінамі і запатрабаваньнямі нічым не адрозьніваецца ад клясу сярэдняга. Знаёмцеся. Кіроўца Алег Стахаевіч, экскаватаршчык Леанід Дубаносаў, рабочы Дзьмітрый Зыкаў. Выявілася, што прычынай выбуху паслужыла памылка з боку начальства. Рабочым сталі недаплачваць за паўгадзіны штодзённай працы.

Леанід Дубаносаў



— Не хапала кропачкі. Такая банальная штучка, якую не прасяклі канторскія кіравальнікі. Што гаворыць пра дэградацыю іх розуму. Забралі паўгадзіны ў нас. Гэта была апошняя іскра.

— Паўгадзіны, паўгадзіны, а за год зарплата губляецца.

— Нас даўно ціснулі. І перастараліся.

— Што значыць — ціснулі?

— Я, напрыклад, раблю нейкую працу. Мне плацяць два чатырыста. Хаця ў мяне ў цэтліку тры мільёны. А яны заўжды кажуць: «Гэта тры мільёны ў цябе». Кажуць: «Вам не падабаецца зарплата? А вы ведаеце, якая ў калгасе?» Яны заўжды параўноўваюць з калгасам.

Дзьмітры Зыкаў прыехаў у Беларусь з Расеі, з Валагодчыны. На «Граніце» працуе ўжо 15 гадоў.

— Справа толькі ў грашах?

— Ня толькі. У адносінах кіраўніцтва. Ёсьць талковыя кіраўнікі, якія ідуць на дыялёг з намі. Аднак большасьць кіраўнікоў ставіцца да нас як да людзей другога гатунку. Гэта больш за ўсё людзей пакрыўдзіла. А тое, што пачалі адымаць даплаты, не выплачваць прэміі... Толькі паказваюць на дзьверы. «Ідзіце і працуйце». Усё. Мы начальства, а ваша справа — працаваць і маўчаць.

— Яна таксама абурыліся. Як гэта — быдла паднялося?

— Што павінна быць у ідэале?

— Ідэальных умоваў няма. Яны ня хочуць з намі гаварыць. Нам павінны па законе даць юрыдычны адрас. Каб мы маглі зарэгістраваць свой прафсаюз. Ужо месяц прайшоў, нам гэтага ня робяць. Годныя адносіны і годная зарплата.

— У нас, як што не падабаецца, звальняйся.

— Хоць гэта не прыватная крамка. Яны таксама працуюць па кантракце. Яны такія самыя найманыя работнікі, як і мы. А ў іх адчуваньне такое, што яны гаспадары гэтага заводу.

Сапраўды, справа ў Мікашэвічах ня толькі ў грашах. Нават ня столькі ў грашах. Слухаючы кіроўцу БелАЗа, я дзівіўся, наколькі па сваіх думках і стаўленьні да працы гэтыя людзі несавецкія.

Аляксандар Кушнярэвіч



— Хацелася, каб усё было, як напісана ў разумных кніжках і інструкцыях. Зарплата — зарплатай. Адносіны да нас. У першую чаргу — я буду гаварыць як кіроўца «БелАза» — хацелася б, каб быў парадак на трасе. Ад фінішу да кар’ера. Ад экскаватара да пандуса. Каб былі ўсе ўмовы працы, якія павінны быць. І зарплата. Вось зваршчык, ён атрымаў 4 мільёны, і я атрымаў. З маіх слоў вынікае, што трэба забраць у зваршчыка. Я не хачу так. Ён таксама вымотваецца. Яны кажуць: «Забяры заяву, і будзе ўсё добра». Ужо дзесяць гадоў усё добра. Я як кіроўца думаю: будуць дарогі добрыя — будзе «БелАЗ» добра хадзіць. Ня будзе ламацца, ня будзе выходзіць падвеска са строю. Ня будуць колы рэзацца. Адно кола каштуе 50 мільёнаў. Будуць дарогі — будзе машына працаваць бездакорна. Яны самі парушаюць усе гэтыя інструкцыі. Які я рэвалюцыянэр? Я проста рабацяга, які хоча людзкага стаўленьня.



Мікашэвічы выглядаюць тыповым беларускім манагорадам. Ёсьць старая частка, аднапавярховая, утульная, з царквой, перабудаванай з касьцёла. І вялікае бэтоннае спальнае гета. Дзе можна выключна спаць. Працягвае Аляксандар Кушнярэвіч.

— 2012 год. І жыць у каменным веку ня вельмі хочацца. У нас вялізнае прадпрыемства. У Эўропе другое. А ў нас нават кінатэатру ў Мікашэвічах няма. У нас парку няма. Маладым мамам няма куды пайсьці. Дзе сям’ю ствараць?

— Вось вам месца для працы, а вось вам месца...

— Для спаньня. Увечары няма куды схадзіць. Гэта атрымліваецца, як раб. Прыйшоў, адпрацаваў зьмену, адпачыў — і ўсё.

Да размовы далучаецца жонка аднаго з гранітаўцаў Вольга.



— Ці даходзяць да вас нейкія культурныя навінкі? Музыкі, літаратуры...

— Толькі праз інтэрнэт.

— «Ляпіс»! Песьня супэрская. «Ня быць скотам». На вершы Янкі Купалы.

— Гэтая песьня вас зачапіла?

— Гэта пра нас, пра нашу сытуацыю.

— Што для вас, для кожнага, азначае «ня быць скотам»?

— Мы асобы. Кожны чалавек — асоба. І калі да нас ставяцца, як да нейкага быдла ці скота, як у гэтых радках... У нас ёсьць свае правы, у нас ёсьць свае абавязкі. Мы іх выконваем. Але калі да нас ставяцца вось так, мы ня можам быць да гэтага абыякавымі. Нас ня лічаць асобамі.

Леанід Дубаносаў: — У вачах дзяцей быць чалавекам. Мець сваю думку. Я хачу, каб мае дзеці былі падобныя да мяне. Хай мая думка няправільная, але яна мая. Каб я мог вінаваціць сябе, а ня некага. Быць у вачах дзяцей сваіх чалавекам.

Алег Стахаевіч: — Для мяне ня быць скотам — быць чалавекам. Калі табой не маніпулююць, калі ты жывеш сто працэнтаў асэнсаваным жыцьцём. Калі ты разумееш, чаго ты хочаш. Мець сваю думку! А не тады, калі ты слухаеш тое, што табе сказалі зьверху.

Анатоль Літвінка



Анатоль Літвінка, сакратар прафсаюзу, гаворыць пра немалаважную ролю падтрымкі людзей.

— Людзі нас не цураюцца. Падыходзяць і на вуліцы, і па інтэрнэце. Выказваюць сваю падтрымку словамі, дзеяньнямі. Рукі падаюць, ляпаюць па плячы. Словы добрыя кажуць. Падтрымка маральная ў асноўным. Але гэта таксама нямала. У нашай сытуацыі любая падтрымка важная. Мы вельмі ўдзячныя тым людзям, якія яшчэ ў нашым грамадзтве працягваюць думаць галавой. Нягледзячы ні на якія захады, якія былі праведзеныя ўладай за апошнія гады.

Выглядае на тое, што на «Граніце» ня столькі канфлікт працадаўцы і найманых работнікаў, колькі глыбейшы разлом. Несупадзеньне сьветапоглядаў. Паміж савецкім начальствам, якое звыкла камандаваць, і свабоднымі людзьмі, якія паслухмяна выконваць каманды не жадаюць. І падобна, што гэты канфлікт ужо ня скончыцца ціха і «шыта-крыта». На разьвітаньне выконваю просьбу-заклік Алега Стахаевіча да журналістаў.

Алег Стахаевіч



— Паважаныя журналісты. Вялікая да вас просьба. Калі ласка. Не атаясамлівайце нашу ініцыятыву па стварэньні незалежнага прафсаюзу зь дзеяньнямі палітычнага характару. Бо палітычны характар у вашых рэпартажах можа кепска паўплываць на нашу арганізацыю ў дадзены момант.