«Кітайскія інвэстыцыі — тэхналёгіі ўчорашняга дня»

Барыс Жаліба

Беларускія ўлады зноў заяўляюць пра маштабныя інвэстыцыйныя праекты з Кітаем. Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік паведаміў пра кантракты і крэдытныя пагадненьні на агульную суму 5,5 мільярда даляраў. Наколькі рэальныя гэтыя лічбы? У чым перавагі і небясьпекі кітайскіх інвэстыцыяў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.
Цыганкоў: Анатоль Тозік паведаміў пра кантракты і крэдытныя пагадненьні на агульную суму 5,5 мільярда даляраў. Але на гэтым жа паседжаньні начальнік галоўнага ўпраўленьня інвэстыцый Міністэрства эканомікі Кірыл Карацееў, паведаміў, што за 2011 год ад юрыдычных асоб Кітаю ў Беларусь паступілі 125 мільёнаў даляраў інвэстыцый. Зь іх прамыя замежныя інвэстыцыі склалі 44 млн. даляраў, крэдыты, пазыкі і іншыя — 80 млн. даляраў. Дык ці рэальныя лічбы ў мільярды даляраў, пра якія кажа беларускае кіраўніцтва?

Жаліба: Калі ідзе размова пра мільярды, то гэта пакуль толькі нейкая пэрспэктыва. Рэч у тым, што кітайскія інвэстыцыі — гэта інвэстыцыі не сучасныя. Як і ўся кітайская тэхналёгія (калі яны не выпускаюць, капіруюць замежныя брэнды) — гэта тэхналёгія ўчорашняга дня.

Я не падзяляю радасьць з нагоды таго, што запусьцілі ўстаноўку парагазавага энэргаблёку на Менскай ЦЭЦ-5. Я ня думаю, што гэта сучасныя тэхналёгіі, якія прымяняюцца на ЦЭЦ у заходніх краінах.
Рэч у тым, што кітайскія інвэстыцыі — гэта інвэстыцыі не сучасныя.

Па-другое, кітайскія крэдыты — гэта зьвязаныя крэдыты. Напрыклад, крэдыт МВФ ці расейскі можна выкарыстаць на самыя гарачыя мэты, якія прысьпелі. А кітайскі крэдыт — гэта крэдыты, якія трацяцца на закупку канкрэтнай тэхнікі, матэрыялаў, камплектуючых, што вырабляюць кітайскія прадпрыемствы. Такім чынам яны даюць працу кітайскім прадпрыемствам, разьмяшчаюць там замовы.

Цыганкоў: Відавочна, беларускае кіраўніцтва разумее ўсе асаблівасьці кітайскага крэдытаваньня. Але ўсё роўна на гэта ідзе. Чаму? Няма выхаду? Ці гэта спроба наладзіць стратэгічнае партнэрства зь вялікім Кітаем?

Жаліба: Кіраўніцтва разважае так: альбо ніякіх інвэстыцыяў, альбо кітайскія. Па-другое, у іх ёсьць плюс у параўнаньні з расейскімі, дзе ёсьць небясьпека эканамічнай і потым палітычнай залежнасьці ад Расеі. У кітайскіх інвэстыцыях праблемы палітычнай залежнасьці няма, бо Кітай далёка і ўвогуле выкарыстоўвае Беларусь як пляцдарм для прасоўваньня сваіх інтарэсаў і інвэстыцыяў далей, у краіны Эўропы. У гэтым сэнсе кітайскія інвэстыцыі лепш за расейскія, якія таксама часта інвэстыцыі ўчорашняга дня.