«Нават на хлеб і малако нейкія жудасныя цэны»

Распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі ад студзеня падвышаныя пэнсійныя выплаты грамадзянам, якія дасягнулі 75- і 80-гадовага ўзросту. У лютым большасьць зь іх ужо атрымала новыя падвышаныя пэнсіі. Наколькі гэта вырашыла іхныя праблемы і як паўплывала на спажывецкі кошык пэнсіянэра?
Пэнсійнага веку наведнікі менскіх крамаў па-ранейшаму найчасьцей стаяць каля вітрынаў з малочнымі прадуктамі і хлебам.

Карэспандэнтка: «Вы ўжо атрымалі падвышаную пэнсію?»

Пэнсіянэрка: «Ну і што з той пэнсіі? Пэнсію паднялі — і цэны на прадукты павялічылі. А я хварэю, шмат грошай ідзе на лекі, і пэнсіі гэтай мне не хапае».

Карэспандэнтка: «Якія прадукты вы набываеце звычайна?»

Пэнсіянэрка: «Малочныя і што-небудзь з драбязы, і ўсё. Жыцьцё вельмі дарагое. Жыць нельга».

Іншая пэнсіянэрка: «Глядзіш, дзе таньней — то ў „Гіпа“, то ў „Эўра“. Ну, калі яшчэ дзеці дапамагаюць… А калі адзін, то за кватэру заплаціць… Нялёгка!»

Карэспандэнтка: «Падвышаная пэнсія ці палепшыла ваша становішча?»

«Усё роўна не хапае. Зойдзеш у краму — і ўвесь час новыя цэны. А калі ўсё гэта скончыцца? І гэтае падвышэньне — яно прыйшло і пайшло, а нават на хлеб і малако нейкія жудасныя кошты. І ні пра што добрае нават і ня думаеш. І проста недавер, увесь час думаеш: а што будзе далей?»

Значная частка пэнсіянэраў працягвае працаваць, як, да прыкладу, Генадзь Уладзімеравіч, які прыбірае сьнег каля крамы.

Генадзь Уладзімеравіч мусіць працягваць працаваць, бо пэнсіі на пражыцьцё не хапае


Карэспандэнтка: «Вы прыбіраеце сьнег, чаму — працуеце дадаткова?»

Генадзь Уладзімеравіч: «Так, а як жа!»

Карэспандэнтка: «Навошта?»

Генадзь Уладзімеравіч: «Не хапае. Жонка атрымлівае разам з новай надбаўкай 640 тысяч. Як яна можа пражыць, калі інвалід другой групы і ёй трэба шмат лекаў, а яны дарагія?»

Карэспандэнтка: «Ці палепшыць вашае становішча гэтае падвышэньне?»

Генадзь Уладзімеравіч: «Не, не нашмат: хлеб набыць, малако набыць, булачку якую простую, сьмятану — за 50 тысяч будзе. Гэта ня кажучы пра бульбу і іншае».

Анатоль Аляксандравіч сышоў з працы ў сталым веку толькі таму, што мусіць даглядаць жонку-інваліда. Ідучы з крамы, пакарміў галубоў.


Карэспандэнтка: «Вы толькі што кармілі галубоў. А вам як пэнсіянэру сёньня хапае вашай пэнсіі, каб пракарміцца?»

«Бачыце, калі краіна ў загоне, калі для іміджу аднаго чалавека будуюцца лядовыя палацы і гэтак далей, то пэнсіянэры з такой краіны на Канары ня езьдзяць, як гэта робяць нашы калегі ў суседніх краінах. Памятаеце фільм „Вясельле ў Малінаўцы?“ Калі ў „бацькі“ няма залатога запасу, то банда разьбягаецца, а пэнсіянэры — яны і застаюцца пэнсіянэрамі».