«Менск жадае зноў распачаць гульню на балянсе паміж Захадам і Ўсходам»

Андрэй Фёдараў

У Менску пабываў зь візытам і сустрэўся зь беларускімі афіцыйнымі асобамі амбасадар па асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Чэхіі Пэтэр Марэш. Амбасадар Марэш ацаніў цяперашні стан дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю як тупіковы. Каму выгадная міжнародная ізаляцыя Беларусі? Калі і пры якіх умовах афіцыйны Менск можа зрабіць крокі насустрач Эўразьвязу?
На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: «Сустрэчы ў Менску спадара Марэша даволі паказальныя. З аднаго боку, 20 лютага Аляксандар Лукашэнка выступае з рэзкімі антыэўрапейскімі заявамі, зь іншага — у гэты самы час эўрапейскі пасланьнік сустракаецца ў Менску зь беларускімі афіцыйнымі асобамі. Пра што гэта гаворыць, якую палітыку Менск хоча праводзіць з эўрапейскімі партнэрамі?»

Фёдараў: «На мой погляд, беларускія ўлады жадаюць нейкім чынам нармалізаваць стасункі, вярнуць іх на той узровень, што быў да 19 верасьня 2010 году. Бо, як мне падаецца, узмацняецца ціск з боку Масквы, эканамічны перш за ўсё. Таму беларускія ўлады жадаюць зноў распачаць гульню на балянсе паміж Захадам і Ўсходам».

Цыганкоў: «Пэтэр Марэш заявіў, што „Беларусь у ізаляцыі — гэта не дапаможа нікому. Давайце будзем зусім шчырымі — ёсьць толькі адна сталіца, якая скарыстаецца з гэтай сытуацыі“. Відавочна, ён меў на ўвазе Маскву. Такім чынам, у пэўным сэнсе ёсьць супадзеньне інтарэсаў Эўропы і афіцыйнага Менску. Аднак чаму так і не ўдаецца прыйсьці да згоды?»

Фёдараў: «Бо погляд беларускіх уладаў заключаецца ў тым, каб атрымаць нейкія прэфэрэнцыі ці перавагі, нічога не аддаўшы ўзамен. Мы чулі, што кіраўнік дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд, калі быў у Менску, казаў пра вызваленьне аднаго ці некалькіх палітвязьняў. Але да гэтага часу такога не адбылося.

Беларускі бок, як выглядае, спрабуе выціснуць нешта з Эўропы, але разам з тым ня „страціць твар“ і не паступіцца нечым істотным, на ягоную думку».

Цыганкоў: «Як доўга можа працягвацца такое процістаяньне? Ці ёсьць нейкая рыса, пасьля якой афіцыйны Менск будзе гатовы ісьці на саступкі?»

Фёдараў: «Гэта будзе залежаць пераважна ад сілы ціску, які будзе ажыцьцяўляцца з Усходу. Калі ў Менску палічаць, што гэты ціск занадта моцны, то мы ўбачым нейкія крокі ў кірунку Захаду. Хоць я і ня веру, што яны будуць значнымі».