Дзякуючы дыктоўцы Дзень роднай мовы ў Магілёве адзначае і ўлада

У Магілёве больш за шэсьцьдзесят чалавек 19 лютага адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаньнем дыктоўкі і ўдзелам у інтэлектуальным спаборніцтве «Беларускае пяціборства» для дарослых.
Мерапрыемствы праходзілі ў Палацы вобласьці. Іх арганізавалі гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы й творчы клюб «Натхненьне».



Сёлета магілёўскія рупліўцы беларускай мовы пісалі дыктоўку пяты раз. Для яе арганізатары абралі верш «Летапісец» Максіма Багдановіча.

"Вершу спаўняецца сёлета сто год і ён прысьвечаны Магілёву",- так аргумэнтаваў выбар твору для дыктоўкі адзін зь яе арганізатараў Алег Дзьячкоў.





Дыктавала Багдановічаў верш настаўніца беларускай мовы й літаратуры Ганна Бандарэнка. Вынікі дыктоўкі будуць агучаныя пазьней.

«Дзякуючы дыктоўцы Дзень роднай мовы пачалі адзначаць у Магілёве ня толькі людзі, якія дбаюць пра беларускую мову, але й улада. Летась кіраўнік гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка павіншаваў магілёўцаў з гэтым сьвятам. Сёлета гэты дзень будуць адзначаць адмысловымі імпрэзамі ў магілёўскіх школах», — зазначыў кіраўнік гарадзкой арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў.

«Беларускае пяціборства» для дарослых праходзіла ўпершыню. Штогод яго тэбээмаўцы праводзяць для школьнікаў ва ўнівэрсытэце імя Куляшова. Дарослыя, як і вучні, меліся адказаць на пяць пытаньняў — па адным па матэматыцы, геаграфіі, гісторыі ды беларускай мове й літаратуры. На выкананьне заданьняў ініцыятар «Пяціборства» Міхась Булавацкі адвёў дваццаць пяць хвілінаў. Перамог у інтэлектуальным спаборніцтве сябра ТБМ Сяргей Дымкоў. Другое месца заняла вучаніца восьмай клясы Яніна Асіпцова. Трэцяе — Алег Дзьячкоў.

На прыканцы сьвяточных мерапрыемстваў былі ўручаныя «Пасьведчаньні сябра ТБМ» дзясятку новым сябрам актывістам. Прагучалі вершы мясцовых паэтаў. Зь вітаньнем і вершамі выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары гораду Уладзімер Цішчанка.








Чытае дыктоўку Ганна Бандарэнка


Сяргей Дымкоў


Прызёру інтэлектуальнага спаборніцтва Яніне Асіпцовай Міхась Булавацкі ўручае прыз


Уладзімер Цішчанка