Парк 40-годзьдзя Кастрычніка працягваюць зьнішчаць

Your browser doesn’t support HTML5

Актывісты кампаніі ў абарону парку 40-годзьдзя Кастрычніка запрасілі сёньня ў парк журналістаў, каб паказаць, што высечка дрэў аднавілася. Змаганьне за парк пачалося, калі стала вядома, што з дазволу Менгарвыканкаму кітайскія інвэстары маюць узьвесьці на ягонай тэрыторыі гатэль «Пэкін».
Грамадзкія актывісты і мясцовыя жыхары запрасілі журналістаў на прэсавую канфэрэнцыю ў парк, каб на ўласныя вочы можна было пабачыць маштабы зьнішчэньня гэтага зялёнага кутка Менску. Гэткім чынам, гаворка адбывалася на месцы падзеяў пад шум бульдозэраў і машын, якія вывозілі сьпілаваныя дрэвы. Гаворыць актывіст экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекеш:

«Гэты парк — толькі прыватны выпадак таго, што адбываецца. Вы ўсе памятаеце апошнія колькі гадоў, калі ў Горадні людзей арыштоўвалі, якія сябе да дрэваў кайданкамі прыкоўвалі. Зараз пад Смалявічамі восемдзесят квадратных кілямэтраў аддаюць пад тэхнапарк. І гэтае безуладзьдзе адбываецца ня толькі ў экалёгіі. У нас ёсьць грамадзянін Лукашэнка, які вельмі любіць пэдаляваць тэму таго, што нас ніхто „не нахіліць“. Вось гэта — дакладны прыклад, як „нахілілі“ выканкам Менску. А „годная і ненахіленая“ дзяржава ў гэтым выпадку выступае сутэнэрам адносна ўласных грамадзян».

Цягам некалькіх месяцаў грамадзкія актывісты і мясцовыя жыхары зьвярталіся ў розныя дзяржаўныя інстанцыі, у тым ліку да кіраўніка краіны, з просьбамі захаваць парк. Было сабрана некалькі тысяч подпісаў за тое, каб кітайскі гатэль быў збудаваны ў іншым месцы гораду. Аднак адзіным вынікам сталася тое, што чыноўнікі адміністрацыі Ленінскага раёну і гораду Менску паабяцалі спыніць зьнішчэньне парку, пакуль ня будзе дасягнута кампраміснае пагадненьне. Свайго абяцаньня яны не стрымалі, і 16 лютага высечка дрэў аднавілася.

Эколяг Валеры Дранчук: «Гэта поўная і брутальная здрада, зьдзек з усяго, што было дагэтуль. Дагэтуль людзі крыху яшчэ верылі, што да іх голасу прыслухаюцца. Ім абяцалі, што, маўляў, усё пад кантролем. І вось на гэтым тле адбываецца тое, што мы зараз бачым — суцэльная зачыстка рэальнага парку. Гэта плявок нашым жыхарам».

Падтрымаць мясцовых жыхароў, якіх падчас прэсавай канфэрэнцыі разам з актывістамі-эколягамі фільмавалі прадстаўнікі спэцслужбаў, прыйшоў сьвятар аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч, які памаліўся і сказаў кароткую прамову:

«Мы ведаем, што ўрад павінен быць для народу, а не народ для ўраду. Вы напісалі шмат лістоў, але не атрымалі адказу. Дзе ж справядлівасьць, дзе ж натуральная абарона свайго народу? Але трэба змагацца за свае правы, як бы гэта ні было цяжка, бо мы жывем у сваёй краіне, на сваёй Бацькаўшчыне».

Мясцовыя жыхары, якія сабраліся, каб выказаць сваё стаўленьне да падзей, больш за ўсё абураныя непавагай да сябе з боку ўладаў усіх узроўняў.

Спадарыня: «Мы ўжо закідалі лістамі ўсе інстанцыі, асабіста да Лукашэнкі зьвярталіся, але не атрымалі адказу».
Ніводнага дэпутата няма, ніводзін не адказаў, хоць мы да іх зьвярталіся — як мышы сядзяць.

Спадарыня: «Гонар і годнасьць не адмяняліся ні пры якай уладзе. Тое, што адбываецца зараз, — гэта адсутнасьць годнасьці і сумленьня. Гэта непавага да людзей, якія тут жывуць».

Спадарыня: «Калі патрэбныя людзкія галасы, то тады — так, будзем за вас выступаць, вашы інтарэсы бараніць. А як зараз — то ўжо нікому не патрэбна нашы інтарэсы бараніць. Ніводнага дэпутата няма, ніводзін не адказаў, хоць мы да іх зьвярталіся — як мышы сядзяць».

Як паведамляюць прадстаўнікі кампаніі ў абарону парку 40-годзьдзя Кастрычніка, дзеяньні Менгарвыканкаму па высечцы дрэваў і будаўніцтва гатэля «Пэкін» на тэрыторыі парку яны лічаць незаконнымі і маюць намер зьвярнуцца ў суд.


Вырубаюць Парк 40-годзьдзя Кастрычніка