Пагром «Эўрапейскай Беларусі»

У Менску пад выглядам пошуку наркотыкаў міліцыя ў цывільным зладзіла аблаву супраць актывістаў руху «Эўрапейская Беларусь». Падчас яе актывісты былі зьбіты і затрыманы. Канфіскаваны плякаты, сьцягі, улёткі з заклікам вызваліць палітвязьняў. Міліцыянты не прадстаўляліся, ордэр на ператрус не прад’яўлялі, пратаколаў не складалі. Адзін з пабітых і затрыманых, Яраслаў Грышчэня, зьбіраецца абскарджваць дзеяньні міліцыі.
Яраслава Грышчэню, Дзьмітрыя Калача і Ганну Салаўёву а восьмай вечара міліцыянты ў цывільным затрымалі на вуліцы ў раёне плошчы Перамогі. Яраслаў кажа, што дакумэнтаў не прад’яўлялі. Хлопцаў павалілі на зямлю, зьбівалі нагамі, дзяўчыну паставілі да сьценкі. Яраславу моцна дасталося па галаве, засталіся сінякі і шышкі, ён мае падазрэньне на чэрапна-мазгавую траўму. У Грышчэні баліць і кружыцца галава, але ў шпіталь ён схадзіць яшчэ не пасьпеў:

«Спачатку далі ў галаву, а потым сказалі, што міліцыя. Першы дакумэнт пра тое, што гэта сапраўды міліцыя, я ўжо ўбачыў у Ленінскім РУУСе Менску а палове на дзясятую. Падчас ператрусу мне таксама ніхто ніякіх дакумэнтаў не паказаў, не было ні дакумэнтаў, ні панятых, нічога».

Зьбіты Яраслаў Грышчэня




Яраслаў распавёў, што міліцыянты ў цывільным скарысталі ягоныя ключы і бяз санкцыі пракурора ўварваліся ў кватэру, якую выкарыстоўвае рух «Эўрапейская Беларусь». Там было яшчэ шэсьць актывістаў арганізацыі, якіх адразу паставілі да сьценкі, білі па нагах, у тым ліку дзяўчат, — паведаміў «Свабодзе» адзін зь іх, Аляксандар Салдаценка:

«Яны забралі ў нас улёткі, бел-чырвона-белыя сьцягі, газэту „Рабочая салідарнасьць“, плякаты руху „Эўрапейская Беларусь“, забралі фотаапарат, але пратаколу аб выманьні рэчаў не складалі».

Усяго, паводле спадара Салдаценкі, было забрана некалькі тысяч улётак, у тым ліку з партрэтамі палітвязьняў, зь лёзунгам «Саньнікаў — наш прэзыдэнт», налепкі з надпісам «Страху няма!»

Людзі ў чорным уварваліся ў кватэру нібыта для пошуку наркотыкаў, але забралі друкаваную прадукцыю, пагражалі арыштам у СІЗА КДБ. Пазьней шасьцёх чалавек завезьлі ў Савецкі РУУС Менску, трох — у Ленінскі. Там іх апыталі і адпусьцілі без складаньня пратаколу.

Яраслаў Грышчэня зьбіраецца зьняць пабоі, пайсьці да сьледчага ў Савецкі РУУС, напісаць скаргі на незаконныя дзеяньні міліцыі:
А калі ты ім кажаш: «Вы не прадставіліся», ён адказвае, што паказаў табе дакумэнт, калі ты тварам да зямлі ляжаў…

«Пайду на «Вясну» і буду пісаць, пісаць і пісаць. Такога бяспраўя я яшчэ ў жыцьці ня бачыў. Ніводзін супрацоўнік міліцыі ня мае права паводзіць сябе як бандыт ці крымінальнік. Яны лаюць матам усіх, а потым разьбіраюцца: а што было, навошта яны кагосьці білі і гэтак далей. А калі ты ім кажаш: «Вы не прадставіліся», ён адказвае, што паказаў табе дакумэнт, калі ты тварам да зямлі ляжаў… Прабачце, гэта ўжо нейкі «гоп-стоп».

Праваабаронца Антаніна Кавалёва зазначае: расповед зьбітых і затрыманых актывістаў сьведчыць пра тое, што міліцыянты груба парушылі ўсе працэсуальныя нормы — не прад’явілі свае дакумэнты і пастанову пракурора на ператрус, не запрасілі панятых, ня кажучы ўжо пра нематываванае ўжываньне сілы. Спадарыня Кавалёва мяркуе, што трэба абскарджваць усе гэтыя парушэньні:

«Дзівіцца, вядома, тут не даводзіцца, бо мы прывыклі ўжо да парушэньня ўсялякіх нормаў, і маральных, і прававых. Але пакідаць гэта проста так нельга. Апошнім часам пачасьціліся выпадкі парушэньня гэтых нормаў, яны зрабіліся больш брутальнымі, неапраўданымі. Як юрыст я перакананая, што на гэта трэба рэагаваць і фіксаваць кожнае парушэньне».
Увогуле на маёй практыцы я не сутыкаўся з тым, каб затрыманых зьбівалі.

Прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі заявіў «Свабодзе», што нічога ня ведае пра выпадак з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі»:

«Увогуле на маёй практыцы я не сутыкаўся з тым, каб затрыманых зьбівалі. Часьцяком гэта аказваецца проста выдумкай. Як правіла, гэта не пацьвярджаецца ніколі. Я магу сказаць толькі адно: калі яны лічаць, што супрацоўнікі міліцыі перавышалі свае паўнамоцтвы, калі сапраўды падзеі, якія яны апісваюць, мелі месца, тады яны маюць права на скаргу».