«Прэс-фота Беларусі—2011»: найлепшы — Сяргей Гудзілін

У менскай галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя фотаальбома «Прэс-фота Беларусі—2011».
Альбом выходзіць другі год запар і зьмяшчае здымкі пераможцаў аднайменнага конкурсу ад прафэсійных беларускіх фотакарэспандэнтаў.

Фотаальбом «Прэс-фота Беларусі—2011» складаюць больш за 200 работ рэпартажнай дакумэнтальнай фатаграфіі. Найлепшай работай мінулага году прызнаны здымак фотакарэспандэнта газэты «Наша Ніва» Сяргея Гудзіліна:

«Жаўнеры глядзяць праграму „Панарама“ па БТ — гэта абавязковы пункт усіх вайсковых частак Беларусі. І мне падалося, што гэтая карцінка адлюстроўвае стан усяго беларускага грамадзтва. Магчыма, таму і журы выбрала гэты здымак. Як найлепшы».

Сяргей Гудзілін



Удзел у конкурсе «Прэс-фота Беларусі» прымаюць прафэсійныя фотакарэспандэнты, які працуюць у друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі. Ён быў заснаваны ў 2009 годзе самімі беларускімі фотарэпарцёрамі, але ўжо пасьпеў атрымаць вядомасьць ня толькі ў журналісцкіх, але і грамадзка-палітычных колах. Да прыкладу, адным з удзельнікаў прэзэнтацыі выніковага фотаальбому стаў былы кандыдат на прэзыдэнта, паэт Уладзімер Някляеў, які ў прыватнасьці сказаў:

«Прыгожа, клясна зроблена. Я віншую тых, хто рабіў гэты альбом, бо гэта ня лёгкая праца. Я віншую ляўрэатаў, віншую тых, чые здымкі тут зьмешчаныя, тых, чыя яшчэ будуць зьмешчаныя. Я віншую ўсіх нас, тут сабраных, што мы сабраліся зь вераю ў тое, што ўсе разам робім адну і тую ж справу — справу перамогі на гэтай зямлі».

Уладзімер Някляеў



Сярод гасьцей імпрэзы былі таксама іншыя вядомыя асобы.

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч: «Гэта прыемная насамрэч падзея і радасьць сапраўды, што ў Беларусі ствараецца прафэсійнае кола фотажурналістаў, што іх віртуальныя працы сталі набыткам беларускай культуры. Я гэтаму вельмі рада».

Навуковец Язэп Янушкевіч: «Роля кожнага фотакадра ў тым, што на яго трэба глядзець з вышыні калі і не стагодзьдзя, то хаця б дзесяцігодзьдзя. Гэтыя альбомныя фотаработы стануць зыходным матэрыялам для нашых новых Хруцкіх, Сілівановічаў і Рушчыцаў».

Падчас прэзэнтацыі.



Тым часам заснавальнікі «Прэс-фота Беларусі» зараз прымаюць работы беларускіх фотакарэспандэнтаў на ўдзел у конкурсе 2012 году.

Адна з заснавальніцаў конкурсу, фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч: «Мы спадзяемся, што нашы аўтары разумеюць, што гэта ўнёсак у разьвіцьцё фотажурналістыкі, бо мы робім яго самі для сябе. І мне падаецца, што ўдзел у такім конкурсе — справа асабістага прэстыжу і прэстыжу краіны, каб можна было паказаць Беларусь за мяжой і ўсё тое, што ў ёй адбываецца».

Прыём работ на конкурс «Прэс-фота Беларусі—2012» будзе доўжыцца да 19 лютага гэтага году.

Your browser doesn’t support HTML5

Прэзэнтацыя альбома «Прэс-фота Беларусі—2011»