Ці эфэктыўная палітыка візавых санкцыяў? Што іншае можа зрабіць Эўразьвяз, каб спрыяць пашырэньню праэўрапейскіх настрояў у Беларусі? Ці трэба апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах? На гэтыя ды іншыя пытаньні аглядальніка Свабоды Віталя Цыганкова адказаў кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі», вэтэран нямецкай дыпляматыі, былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік.
Цыганкоў: Апошнім часам у Беларусі разгарнулася дыскусія наконт мэтазгоднасьці і эфэктыўнасьці візавых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Як вы пракамэнтуеце дзейнасьць візавых санкцыяў і ідэю, што іх варта было б зьмякчыць?
Вік: Стаўленьне да гэтай праблемы краінаў Эўразьвязу наступнае — неабходна пераканаўча давесьці кіраўніцтву Беларусі, што Эўразьвяз вельмі моцна процістаіць рэпрэсіям супраць насельніцтва. Пералік тых, хто мусіць трапіць у забаронены сьпіс — гэта адчыненае пытаньне. Але мы перакананыя, што асобы, адказныя за рэпрэсіі, мусяць быць пазбаўленыя магчымасьці падарожнічаць у Эўропу.
было б вельмі важна адмовіцца ад тых візавых абмежаваньняў, якія існуюць для большасьці беларускага насельніцтва
Я б таксама дадаў, што было б вельмі важна адмовіцца ад тых візавых абмежаваньняў, якія існуюць для большасьці беларускага насельніцтва. Я думаю, што найбольш важны крок, які Эўразьвяз можа і павінен зрабіць — павялічыць магчымасьці для грамадзянаў Беларусі наведваць Эўразьвяз. Вядома, за выключэньнем тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях.
Цыганкоў: Пра гэта шмат гавораць — пра неабходнасьць палегчыць візавы рэжым, альбо адмяніць плату за візы ў краіны Эўразьвязу. Але чаму дагэтуль фактычна нічога ня зроблена?
Вік: Штосьці зроблена. Эўропа прапанавала перамовы на гэты конт з беларускім урадам, але кіраўніцтва Беларусі не адказала на гэта. Так што Эўразьвязу застаецца зрабіць гэта на аднабаковай аснове. Гэты працэс яшчэ у распрацоўцы, нагадаю, што Эўразьвяз — гэта не адзіная дзяржава, а супольнасьць 27 краінаў. І гэта патрабуе часу. Але значэньне Эўразьвязу ня толькі ў тым, каб паскорыць гэтае рашэньне, але і ў тым, каб пашыраць вобраз свабоднага грамадзтва і эканамічных пэрспэктываў.
Патрабаваньне вызваліць палітвязьняў існуе незалежна ад візавых санкцыяў
Вік: Гэта спэкуляцыі, і я не магу іх ацэньваць. Але я магу сказаць, што ў эўрапейскім адкрытым грамадзтве заўсёды ідуць дыскусіі наконт прынцыпаў і практыкаў нашай палітыкі, ідзе размова пра Грэцыю альбо пра эўрапейскі бюджэт. Можа быць, ёсьць нейкія палітыкі, якія думаюць, што лепш аслабіць санкцыі. Я да іх не належу. Я ў свой час прапанаваў Эўразьвязу рабіць больш, каб супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, каб усё болей беларусаў маглі падарожнічаць у Эўразьвяз і знаёміцца з яго структурамі, пашыраць свае веды, наведваць навучаньні дзеля прасоўваньня ў сваіх прафэсійным жыцьці, дзеля магчымасьці ўдзельнічаць у палітычным працэсе ў сваёй краіне
Цыганкоў: Як можна ўвогуле ацаніць эфэктыўнасьць палітыкі візавых санкцыяў? Ці спрацавала гэтая стратэгія, ці дасягнула яна сваіх мэтаў?
Вік: Мы думаем, што рэжым павінен незалежна ад нашых санкцыі вызваліць палітвязьняў без усялякіх умоваў. Няма нікога, хто скажа — «выпусьціце вязьняў, і мы адразу скасуем санкцыі». Патрабаваньне вызваліць палітвязьняў існуе незалежна ад візавых санкцыяў. Мы на гэтым настойваем, бо палітычныя зьняволеньні супярэчаць Канстытуцыі і законам самой Беларусі, і таксама прынцыпам АБСЭ, куды ўваходзіць Беларусь.
Цыганкоў: Ці думаеце вы, што Лукашэнка такі чалавек, які ўспрымае толькі пазыцыю сілы, і кожнае зьмякчэньне ўспрымае як слабасьць?
Вік: Безумоўна, ён чалавек, які мысьліць у катэгорыях сілы. Зараз ён разьлічвае на эканамічную і фінансавую дапамогу Масквы. Маскву не хвалюе рэпрэсіўная сутнасьць рэжыму, Расея падтрымала яго спрыяльнымі цэнамі на газ. І зараз Лукашэнка ведае, што на цяперашні момант яму няма чаго чакаць ад Эўразьвязу.
Масква становіцца нумарам першым, вызначальным чыньнікам у лёсе Беларусі
Але ў далёкай пэрспэктыве, ён разумее, што немагчыма рэфармаваць прамысловасьць і эканоміку Беларусі без эўрапейскіх інвэстыцыяў і тэхналёгіяў. Захоўваньне цяперашняй сытуацыі азначае ўсё большую залежнасьць ад Масквы, азначае, што Масква становіцца нумарам першым, вызначальным чыньнікам у лёсе Беларусі. Ці гэта ў інтарэсах Лукашэнкі, ці гэта ў інтарэсаў народу Беларусі? Я сумняваюся.
Цыганкоў: Прыхільнікі зьмякчэньня санкцыях кажуць , што санкцыі падштурхоўваюць Беларусь да Расеі. Як вы адкажаце на гэтыя аргумэнты?
Вік: Толькі некалькі дзясяткаў чалавек знаходзяцца пад візавымі санкцыямі, усе астатнія грамадзяне могуць вольна наведваць Эўропу. На жаль, усё яшчэ існуе візавы рэжым, які, на маю думку, трэба аблягчаць. Але паўтаруся — візавыя забароны тычацца толькі некалькіх дзясятках людзей, адказных за рэпрэсіі і парушэньні закону. Але астатняе насельніцтва візавыя санкцыі ніяк не закранаюць.
Цыганкоў: Гэтай восеньню ў Беларусі пройдуць парлямэнцкія выбары. Зараз у грамадзтве і ў апазыцыйных партыях разгарэлася дыскусія наконт таго, ці трэба і ў якой форме ўдзельнічаць у гэтых выбараў? Ці лепш аб'явіць кампанію байкоту? Што вы думаеце на гэты конт?
На маю думку, гэта вельмі важна — удзельнічаць у выбарах
Вік: На маю думку, гэта вельмі важна — удзельнічаць у выбарах, патрабаваць паляпшэньня выбарчага заканадаўства і адміністрацыйных працэдураў. Урэшце менавіта выбары прыносяць перамены, і гэта якраз той мамант, калі фальсыфікаваць вынікі выбараў, як гэта рабілася раней, ужо немагчыма, бо вялікая колькасьць насельніцтва падтрымлівае свабодныя і сумленныя выбары, а таксама ўдзельнічае ў назіраньні і маніторынгу выбараў, у пэрыяд іх падрыхтоўкі і ў дзень галасаваньня. Людзі вельмі пільна назіраюць за працай выбарчых камісіяў, як на мясцовым, гэтак і на цэнтральным узроўні. Выбары прыносяць перамены шляхам удзелу ў іх, і кантролем, назіраньнем. Мы ня маем ніякіх ілюзій наконт памкненьняў рэжыму забясьпечыць фальшывыя вынікі. Сам Лукашэнка ў мінулым прызнаваў маніпуляцыі вынікамі выбараў. Таму важна прымусіць яго адмовіцца ад маніпуляцый, бо жаданьне і палітычная воля насельніцтва дзейнічаюць у іншым кірунку.