«Байкот. Іншых варыянтаў няма»

Ініцыятыўная група кампаніі байкоту выбараў дэпутатаў палаты прадстаўнікоў зьвярнулася да грамадзянаў краіны з заклікам ня браць удзелу ў выбарах.
Генадзь Фядыніч, Віктар Івашкевіч, Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксей Марачкін, Віктар Болдзін на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі заклікалі таксама ўсе дэмакратычныя палітычныя партыі і рухі, а таксама грамадзкія арганізацыі далучыцца да кампаніі «Байкот».

Актывісты ініцыятыўнай групы кампаніі «Байкот» нагадалі, што яшчэ летась ідэю няўдзелу ў выбарах ад імя сваіх партый і рухаў абвясьцілі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін, Яўген Афнагель, Павал Марыніч пры падтрымцы Каардынацыйнай рады Народных сходаў, партыяў БХД, БНФ, АГП і многіх іншых. Умовай для ўдзелу ў выбарах было выкананьне ўладай шэрагу патрабаваньняў у галіне палітычных і эканамічных рэформаў, а перадусім – вызваленьне палітычных вязьняў. Гэтыя ўмовы выкананыя не былі, і, гэткім чынам, надышоў час актыўных дзеяньняў, кажа адзін з падпісантаў ініцыятывы Віктар Івашкевіч:

«Нашая пазыцыя зразумелая: калі нехта заяўляе, што няма чаго байкатаваць, бо няма выбараў, дык ці больш лягічна браць удзел у тым, чаго няма? Таму кампанія працягваецца, і мы не загразаем у непатрэбных дыскусіях, а вядзем канкрэтную працу. І мы спадзяемся, што сьледам за байкотам выбараў распачнецца кампанія байкоту рэжыму».

Актывісты кампаніі «Байкот» таксама заявілі, што байкатаваньне мае быць не пасіўнай, а актыўнай кампаніяй. У прыватнасьці, ужо цяпер у рэгіёнах Беларусі працуюць дзясяткі чалавек, якія пачынаюць папулярызаваць ідэю байкоту выбараў праз распаўсюд тэкставага звароту ініцыятыўнай групы і іншыя інфармацыйныя матэрыялы, днямі распачне працу адмысловы інтэрнэт-сайт. Пра неабходнасьць такой працы і самой кампаніі гаворыць Аляксандар Атрошчанкаў:

«На мой погляд, гаворка пра выбары цяпер недарэчы. Апошнія прэзыдэнцкія выбары паказалі, што ўлада няздольная праводзіць выбары. Па сутнасьці, на апошніх выбарах адбыўся ваенны пераварот, улада прайграла выбары, сапраўдных народных лідэраў улада кінула ў турму. Таму ў такіх умовах удзел у выбарах прывядзе толькі да прызнаньня гэтай улады».

Паводле ініцыятараў кампаніі «Байкот», калі ідэю байкатаваньня выбараў палітычныя партыі і рухі яшчэ не падтрымалі на ўзроўні партыйных рашэньняў кіраўніцтва, то такая магчымасьць ёсьць. А шараговыя актывісты, нават тых палітычных сілаў, якія рыхтуюцца браць удзел у выбарах, вельмі часта падтрымліваюць байкот. З гэтым пагадзіўся і прадстаўнік кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

«Актыўны байкот – канечне, ня так лёгка і проста гэтую кампанію зьдзейсьніць, але гэта рэальна, і мне падабаецца настрой ініцыятараў. І я прыйшоў, у прыватнасьці, таму, што мы разам зьбіраемся ладзіць кампанію «За справядлівыя выбары». І якраз супрацоўніцтва ў справе супрацьстаяньня фальсыфікацыям і данясеньня праўды да людзей будзе плённым. У тым ліку з актывістамі кампаніі «Байкот».

Актывісты ініцыятыўнай групы таксама заяўляюць, што народны байкот – гэта рэфэрэндум пра недавер Лукашэнку і першы крок да ягонай адстаўкі.

Віктар Болдзін, Генадзь Фядыніч, Віктар Івашкевіч, Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксей Марачкін



Генадзь Фядыніч, Віктар Івашкевіч