Бяляцкі ў турме атрымаў віншаваньні Гаўла і Буша

Натальля Пінчук

«Пяць з паловай месяцаў як "хрысьцяць" мяне. Здаецца, многа і мала. Гледзячы адкуль, зь якога пункту паглядзець», -- піша праваабаронца ў лісьце з-за кратаў ад 19-га студзеня, які ягоная жонка атрымала сёньня.
Жонка зьняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, Натальля Пінчук, была госьцяй праграмы «Начная Свабода»

Абламейка: Наколькі вы адчуваеце міжнародную салідарнасьць і наколькі яна вас падтрымлівае? Кожны дзень у справе Алеся ёсьць нейкія такія праявы -- сёньня Міністэрства замежных спраў Францыі выказала шкадаваньне з нагоды таго, што прысуд ня быў перагледжаны; заўтра дэпутаты польскага Сэйму зьбіраюцца прыняць заяву з нагоды вылучэньня яго на Нобэлеўскую прэмію міру.

Пінчук: Зразумела, што гэта для мяне паказьнік таго, што Алесь не застаецца адзін, не застаецца без падтрымкі. І ня толькі Алесь, але і яго сям'я. Я не магу сказаць, што адчувае з гэтай нагоды сам Алесь, але ад сябе магу сказаць, што гэты час было б цяжка перажыць, ня маючы міжнароднай падтрымкі і падтрымкі тут, у Беларусі. Прычым ад людзей і знаёмых, і, нават ужо ў большасьці, незнаёмых. Людзі падыходзяць, знаёмяцца са мной, выказваюць падтрымку і жаданьне хутчэйшага вызваленьня Алеся.

Абламейка: Алесь ведае пра тую хвалю міжнароднай салідарнасьці, якая паднялася пасьля яго арышту?

Пінчук: Ён пра гэта ведае. Нядаўна я атрымала ад яго ліст, дзе ён нават піша, што адчувае сябе крыху няёмка ад такой увагі тых, хто шле яму лісты і паштоўкі зь віншаваньнямі, спачуваньнямі, падтрымкай. А ў лісьце які я сёньня атрымала, ён якраз піша, што да яго дашлі віншаваньні ад Гаўла і Буша. Адназначна, што гэтая падтрымка для яго важная, яна дапамагае яму вытрымліваць гэты час зьняволеньня.

Абламейка: Што яшчэ ён піша ў сёньняшнім лісьце, як ягоны настрой?

Пінчук: Я цяпер якраз трымаю гэты ліст, ён напісаны 19 студзеня. Алесь піша, што ўсё пакуль па-старому, але ж ня скажаш, што старое горш за новае. Далей радочак: "Усё бліжэй надыходзіць час майго "разьмеркаваньня". А далей: "Сёньня дзень хрышчэньня Хрыста, і пяць з паловай месяцаў як "хрысьцяць" мяне. Здаецца, многа і мала. Гледзячы адкуль, зь якога пункту паглядзець". Алесь згадвае, што гэты год поўны на рознага кшталту юбілеі, і яму таксама павінна споўніцца 50 гадоў у гэтым годзе, увосень.

Абламейка: Пасьля таго, як суд адмовіў у касацыйнай скарзе, у друку зьявіліся камэнтары, што вы можаце пазбавіцца кватэры, бо, маўляў, могуць канфіскаваць абедзьве кватэры, запісаныя на Алеся. Вы рыхтуецеся да такога варыянту?

Пінчук: У нашай краіне трэба быць гатовым да ўсяго, і такі варыянт цалкам не выключацца. Бо яшчэ ў верасьні, калі не памыляюся, быў накладзены арышт на ўсю маёмасьць, і гэты арышт па сёньняшні дзень ня зьняты.

Слухаць гутарку цалкам:


Your browser doesn’t support HTML5

Натальля Пінчук у праграме "Начная Свабода"